Педагагічныя і дызайнерскія знаходкі Таццяны Таранік

- 15:24Людзі адукацыі
Вырабы Т.М. Таранік

Для настаўніцы нямецкай мовы гімназіі № 5 Баранавіч Брэсцкай вобласці Таццяны Міхайлаўны Таранік 8 Сакавіка — асаблівае свята, гэта свята пачатку вясны, абуджэння прыроды ад зімовага сну, пачуццяў, калі душа напаўняецца радасцю і шчасцем, калі чакаеш новых яскравых падзей, чагосьці прыемнага і незвычайнага. І гэта, безумоўна, віншаванні, мора кветак, перш за ўсё ад любімых вучняў — цяперашніх і тых, хто ўжо даўно скончыў школу. А Таццяна Міхайлаўна за сваю больш чым трыццацігадовую педагагічную дзейнасць выпусціла не адно пакаленне дзяцей. Некаторыя з іх пайшлі па слядах сваёй настаўніцы і абралі справай жыцця менавіта замежныя мовы. Сярод іх — настаўніца англійскай мовы гімназіі Люцыя Анатольеўна Смалко.

“Спецыяліст па дзецях”

Яшчэ ў школьныя гады Таццяна Міхайлаўна марыла дасканала авалодаць замежнымі мовамі, стаць перакладчыкам, каб потым паглядзець свет, пападарожнічаць па розных краінах. Нямецкай мовай дзяўчыну змог захапіць яе настаўнік Васіль Канстанцінавіч Каранько. Яго ўрокі былі вельмі цікавымі і захапляльнымі, разам з настаўнікам школьнікі ажыццявілі не адзін дзясятак віртуальных падарожжаў па розных краінах свету. Васіль Канстанцінавіч умеў знайсці ключык да кожнага дзіцяці, падбадзёрыць словам. У сшытках Таццяны пасля выкананых работ з’яўляліся запісы накшталт “Вялікаму караблю — вялікае плаванне”. Настаўнік прыцягваў дзяўчыну да пазакласнай работы, у прыватнасці да выпуску насценгазеты на нямецкай мове. І гэтым цікавасць да замежнай мовы толькі падагравалася. Ужо будучы настаўніцай, многія падыходы свайго педагога да арганізацыі адукацыйнага працэсу Таццяна Міхайлаўна ўзяла на ўзбраенне.

Т.М. ТаранікПасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў па спецыяльнасці “Выкладчык іспанскай і нямецкай мовы” настаўніца па размеркаванні трапіла ў сярэднюю школу № 3 Баранавіч. Ды так і засталася працаваць з дзецьмі, бо пераканалася, што лепшай прафесіі не знайсці і школа — самая дзівосная краіна, дзе кожны дзень не падобны да папярэдняга, дзе кожнае імгненне — гэта пошук чагосьці новага, цікавага, дзе няма часу сумаваць і адцягваць увагу на другараднае і пустое, дзе трэба спяшацца быць цікавым для тых, хто цябе акружае, дарыць людзям сваю энергію, веды, уменні.
“Асноўнае ў школе — стаць “спецыялістам па дзецях”, — мяркуе Таццяна Міхайлаўна. — У шырокім сэнсе слова павінен быць нейкі ўнутраны аўдыт, ніякія праверкі не прымусяць цябе лепш працаваць, калі сам не хочаш, не праяўляеш ініцыятыву, не імкнешся самаўдасканальвацца”.
Настаўніца лічыць, што педагог павінен знайсці правільны падыход да кожнага дзіцяці, каб запаліць агеньчык пазнання, каб у малога з’явілася жаданне вучыцца. Важна разумець дзіця, адкрыць яму сваё сэрца, упусціць і прыняць яго такім, якое яно ёсць. Бо кожнае дзіця перш за ўсё асоба са сваім характарам і светапоглядам, а значыць, неабходна развіць і ўзбагаціць гэтую асобу. Стварыць умовы для творчага развіцця дзіцяці, не паказаць пракладзены шлях пазнання, дапамагчы знайсці сваю сцежачку, не цягнуць за руку на гару, а дапамагчы пераадолець яе, ідучы побач, своечасова падставіўшы плячо.
Таццяна Міхайлаўна выкладае свой прадмет эмацыянальна, натхнёна, з любоўю, і гэта перадаецца яе выхаванцам: з цягам часу яны становяцца падобнымі да свайго настаўніка. Умела спалучаючы групавую і індывідуальную формы работы, выкарыстоўваючы гульнявы від дзейнасці, праектную методыку, педагог дасягае высокай пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў на занятках. Залог паспяховага ўрока, лічыць Т.М.Таранік, — у наяўнасці ў ім нейкай іскрынкі — чагосьці цікавага і неардынарнага (запрашэнне вучоных, нетрадыцыйныя формы арганізацыі заняткаў, цікавы матэрыял). Так, вывучаючы ў 4 класе тэму “Жыллё”, настаўніца знаёміць навучэнцаў з дзейнасцю аўстрыйскага архітэктара-дызайнера Хундартвасэра, які звычайную воданапорную вежу змог пераўтварыць у сімвал горада Вены.
Сёння асноўны акцэнт у навучанні замежнай мове робіцца на развіцці маўленчых навыкаў навучэнцаў. А без моўнага асяроддзя, без зносін з носьбітамі мовы развіць гэтыя навыкі дастаткова складана. Навучэнцы Т.М.Таранік вядуць актыўную перапіску са школьнікамі розных краін, у якіх размаўляюць на нямецкай мове. У гімназіі наладжана супрацоўніцтва з прафесійнай школай у Вайдэне (Баварыя). У 2008 годзе настаўніца пабывала ў Берліне на семінары, арганізаваным Міністэрствам культуры Германіі, дзе ёй і прапанавалі займацца з выхаванцамі праектнай дзейнасцю. Нядаўна з праектам, створаным баранавіцкімі гімназістамі “Сляды Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Баранавіцкага раёна” пазнаёміліся нямецкія партнёры. Па водгуках школьнікаў, сабраны матэрыял адкрыў шмат невядомых і цікавых старонак гісторыі. Дарэчы, гэты праект навучэнцы прадставілі на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі і атрымалі дыплом ІІ ступені (кіраўнік праекта — настаўніца матэматыкі А.І.Завалюк).
У планах Таццяны Міхайлаўны — наладзіць сяброўскія сувязі з навучальнымі ўстановамі Аўстрыі і рэалізаваць новы сацыяльны праект “Горад вачыма падлетка”.
“Вена займае чацвёртае месца ў свеце па зручнасці і камфортнасці жыцця, — заўважае настаўніца. — Вось у нас з дзецьмі і нарадзілася ідэя параўнаць, што лічыцца зручным для жыцця сельскіх падлеткаў, а што — гарадскіх”.
Практыка паказвае, што такая ўрочная і пазакласная работа павышае матывацыю школьнікаў да вывучэння нямецкай мовы. Навучэнцы Т.М.Таранік з задавальненнем прымаюць удзел у алімпіядах. І даволі паспяхова. Так, сёлета трэцяе месца на гарадской алімпіядзе па нямецкай мове заваяваў навучэнец 11 класа Мікіта Давыдчык (пры гэтым нямецкая мова для хлопца — другая замежная), а ў мінулым годзе адзінаццацікласніца Ірына Кузьміна атрымала дыплом ІІІ ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Калі прыходзяць ідэі…

Каб школьнікі любілі прадмет, давяралі настаўніку і ішлі за ім, педагогу самому неабходна быць яркай неардынарнай асобай. Гэта вядомая ісціна. А таму Таццяна Міхайлаўна цікавіцца навінкамі літаратуры, асвойвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Яна чалавек вельмі актыўны, энергічны, ініцыятыўны, таленавіты арганізатар, які знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку.
Т.М.Таранік пераканана, што бяздзейснасць нараджае смутак. Менавіта таму тры гады назад настаўніца вырашыла заняцца дэкарытыўным дызайнам і запісалася на курсы. Тады і пачала пісаць карціны акварэллю, гуашшу і алеем. Цудоўныя пейзажы і нацюрморты зараз упрыгожваюць кватэру педагога. Праз некаторы час Таццяна Міхайлаўна захапілася батыкам, маляваннем на тканіне, вырабамі з газетных трубачак і інш. Аднак з усіх асвоеных тэхнік бліжэй аказаўся фелтынг (гэта асаблівая тэхніка рукадзелля, у працэсе якой з воўны для валення ствараецца малюнак на тканіне ці лямцы, аб’ёмныя цацкі, пано, дэкаратыўныя элементы, прадметы адзення ці аксесуары).

Вырабы Т.М. Таранік“Толькі натуральная воўна валодае прадзільнымі якасцямі ці злямцаванасцю (пры механічнай ці цеплавільготнай апрацоўцы), і людзі змаглі ацаніць гэта ўжо каля 8000 гадоў назад, — адзначае Таццяна Міхайлаўна. — Ёсць нават легенда пра тое, што першы звалены дыван з’явіўся ў Ноевым каўчэгу (якраз прыкладна ў гэты час). Авечкі, якія плылі ў ім, трымаліся дружна, і калі іх воўна падала на падлогу і намакала, то яны ўзбівалі яе капытамі. Калі ж усе пакінулі каўчэг, то ўбачылі, што на падлозе ляжаў прыгожы валены дыван.
У наш час валенне з воўны набыло іншы сэнс, а менавіта упрыгожыць ці падкрэсліць індывідуальнасць чалавека. Напрыклад, лямцавыя пацеркі. Яны могуць падкрэсліць колер вашых вачэй ці дапоўніць ваш вобраз, зрабіўшы яго непаўторным. Лямцавыя шалікі-гаржэткі сагрэюць сваім цяплом у халодны зімовы дзень і не дадуць мікробам падабрацца да вашага горла. Галаўныя ўборы з лямцу вельмі цёплыя! Яны вельмі мяккія, і вецер іх абсалютна не прадзімае. Прыгожа і незвычайна глядзяцца розныя аксесуары з лямцу: чахлы для мабільных тэлефонаў, касметычкі, сумачкі. А якія цёплыя тапачкі!
Для мяне валенне — гэта добрае баўленне часу, якое прыносіць радасць, задавальненне, гэта адпачынак ад работы, магчымасць абстрагавацца, акрамя таго, гэта рэалізацыя свайго творчага патэнцыялу”.
Таццяна Міхайлаўна асвоіла так званае мокрае валенне, якое ажыццяўляецца пры дапамозе мыльнага ці спецыяльнага раствору і падыходзіць для вырабу пано, адзення, адным словам, плоскіх вырабаў. Спачатку робіцца аснова, выкладваецца выраб з воўны, змочваецца растворам, і пры дапамозе трэння валенне адбываецца.
“У інтэрнэце можна знайсці шмат пакрокавых інструкцый, як можна зрабіць тую ці іншую рэч. Аднак там прадстаўлены толькі агульныя моманты, а вось нейкія хітрыкі, аўтарскія знаходкі, без якіх немагчыма зрабіць той ці іншы выраб, трымаюцца ў сакрэце. Таму да ўсяго даводзіцца даходзіць метадам спроб і памылак. Колькі воўны сапсавала, пакуль навучылася! А зараз мае вырабы радуюць вока родных, блізкіх і знаёмых, — гаворыць настаўніца. — Ідэі прыходзяць часта спантанна і нечакана, падчас вячэрняй прагулкі па вуліцах горада ці падчас паездкі ў грамадскім транспарце, з прачытанага часопіса ці кнігі, з прагледжаных фільмаў, таксама задумкі нараджаюцца падчас гутарак з мастачкай Аленай Васільеўнай Шмырынай. Часам наведаеш якую-небудзь выставу, праглядзіш работы вядомых мастакоў і ўразішся. Зачэпішся за пэўную дэталь, і ўзнікаюць пэўныя асацыяцыі, новыя вобразы.
Зараз асвойваю новую тэхніку — пляценне з пацерачак. Нядаўна падарыла сваёй нявестцы каўнерык з пацерачак. Спадзяюся, ён спадабаўся. З задавальненнем асвоіла б пляценне на каклюшках. Карункі ж цяпер у модзе!”.
Свае вырабы настаўніца прыносіць у гімназію. Цёплыя і прыгожыя рэчы адразу прыцягваюць увагу і навучэнцаў, і калег. Іх хочацца памацаць, прымерыць, падарыць каму-небудзь… Многія мараць навучыцца рабіць штосьці падобнае сваімі рукамі. Асаблівую цікавасць праяўляюць вучні Таццяны Міхайлаўны. Таму і быў створаны гурток “Мастацкая студыя”, які наведваюць малодшыя школьнікі і чацвёртакласнікі. Разам з настаўніцай дзеці, пераважна дзяўчынкі, асвойваюць розныя тэхнікі, майструюць вырабы для дома, упрыгажэнні. І зараз да свята 8 Сакавіка выхаванцы Таццяны Міхайлаўны рыхтуюць падарункі сваім матулям, бабулям і любімай настаўніцы. А што можа быць лепшым за падарунак, зроблены сваімі рукамі?!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

kaliadich@ng-press.by

Фота аўтара.