Педагог Ірына Богдан падрыхтавала дзясяткі пераможцаў 3-га і 4-га этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Выдатнік адукацыі, настаўніца біялогіі з 35-гадовым стажам Ірына Богдан — педагог з дзівоснай працаздольнасцю. Да яе цягнуцца і дзеці, і бацькі, бо ведаюць, што з гэтым педагогам нельга не асвоіць біялогію на выдатна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Педагог па прызванні

Ужо шмат гадоў педагог паспяхова вучыць ліцэістаў прадмету на павышаным узроўні. Яна настолькі захапляе сваіх навучэнцаў і ўмела перадае ім веды, што тыя з задавальненнем паглыбляюцца ў велізарны свет батанікі, заалогіі, анатоміі, генетыкі і вырашаюць паспрабаваць сябе ў алімпіядным руху. З году ў год знаходзяцца тыя, хто дасягае высокіх вынікаў у гэтым новым для сябе кірунку. Так, у абласной алімпіядзе па біялогіі прынялі ўдзел 11 вучняў Ірыны Нікіфараўны. Чацвёра з іх атрымалі дыпломы III ступені. Яшчэ двое сталі пераможцамі і прайшлі ў заключны этап. Займацца алімпіяднікам даводзіцца шмат: у профільным класе на тыдзень 4 урокі біялогіі і адзін факультатыў, да таго ж штодзень яны прыходзяць на нулявы урок. Інакш ніяк не паспець падрыхтавацца.

— Падрыхтоўкай вучняў да алімпіяд займаюся даўно. Мне заўсёды самой было цікава выйсці за межы школьнай праграмы, рабіць нешта новае, цікавае. Калісьці даўно, яшчэ да з’яўлення школьнага алімпіяднага руху, у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства праводзілі двухгадовую завочную школу для старшакласнікаў, дзе падлеткаў рыхтавалі да паступлення ў ВНУ, далучалі да даследчай дзейнасці. Я тады працавала ў Ганцавічах і актыўна супрацоўнічала з гэтым цэнтрам. Зімой і летам, падчас канікул, дзеці адпраўляліся на тыдзень у сталіцу на сесію, дзе днём займаліся даследаваннем, а вечарамі наведвалі музеі, тэатры, экскурсіі, — успамінае настаўніца цікавы вопыт, які лічыць вельмі карысным.

За 12 гадоў работы ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава настаўніца падрыхтавала 22 уладальнікі дыпломаў III ступені, 14 — II ступені і 12 — I ступені на 3-м этапе рэспубліканскай алімпіяды; 7 вучняў атрымалі дыпломы на 4-м этапе: шэсць — III ступені і адзін — II ступені.

Як была маладым педагогам, Ірына Богдан многа чытала дадаткова. Тады яна з нецярпеннем чакала новы выпуск часопіса «Навука і жыццё», бо іншай карысный тэматычнай літаратуры было не знайсці, каб крочыць у нагу з часам у сваёй любімай навуцы. Прачытаным педагог імкнулася падзяліцца з дзецьмі. Пашанцавала, што заўсёды знаходзіліся хлопцы і дзяўчаты, якія таксама жадалі пазнаць больш за тое, што прапаноўваў школьны падручнік. Адным з першых вучняў, якога малады педагог узялася рыхтаваць да алімпіяды, быў Ігар Бондар. Яго зацікаўленыя вочы яна памятае да гэтага часу. Дарэчы, сёння ён ужо доктар біялагічных навук, прафесар РАН.

Як абуджаецца цікаўнасць

За тры дзясяткі гадоў праз рукі таленавітага педагога прайшлі сотні адораных вучняў. Займаецца Ірына Нікіфараўна з усімі, хто цягнецца да паглыбленых ведаў. І нярэдка здараецца так, што, здавалася б, дзіця з сярэднім узроўнем ведаў раптоўна пачынае раскрывацца па-новаму, праяўляе выдатныя здольнасці да асваення вучэбнага матэрыялу.

— Але ж калі бачу, што здольнае дзіця не жадае займацца, ніколі не прымушаю яго, бо без імкнення і цікавасці нічога не атрымаецца, — удакладняе суразмоўніца. — Мабыць, яго зацікавіць нешта іншае.

А што ж падабаецца навучэнцам у выкладанні прадмета? Аляксандра Новікава з 10 «Е», якая вывучае хімію і біялогію профільна, таму што бычыць сябе ў медыцыне, говорыць:

— У ліцэі заняткі праходзяць у выглядзе гутаркі. Мы абмяркоўваем пытанні, над якімі трэба як след паразважаць. І толькі знаходзіш адказ на адно пытанне, адразу ўзнікае яшчэ некалькі. Так, працэс разважанняў можа доўжыцца бясконца. Пачаўшы займацца з Ірынай Нікіфараўнай, я ўпершыню дайшла да абласнога ўзроўню. І гэта ўжо мая асабістая перамога. Я вельмі хацела паспрабаваць свае сілы ў алімпіядным руху, каб потым не шкадаваць, што не скарысталася такой магчымасцю. Безумоўна, падрыхтоўка да інтэлектуальнага спаборніцтва займае многа часу. Гэта вельмі няпроста, але цікава. Нейкія тэмы, як, напрыклад, у раздзеле батанікі, трэба разбіраць не адны заняткі. Пры гэтым анатомія чалавека, нягледзячы на вялікі аб’ём інфармацыі, здаецца мне такой пазнавальнай, што магу, здаецца, гадзінамі слухаць лекцыі пра любую з сістэм работы арганізма чалавека.

На пытанне, як даводзіцца зацікаўліваць сваіх вучняў, педагог адказвае:

— Мне падабаецца дзяліцца на ўроку з дзецьмі новай інфармацыяй па той ці іншай тэме. Адразу бачна, каго зацікаўлівае нейкая навіна ці інфармацыя. Такія навучэнцы праяўляюць цікавасць на ўроку або падыходзяць пасля і задаюць дадатковыя пытанні. Прывіваць вучням цікавасць да біялогіі дапамагаюць паходы па лясах і балотах, велавандроўкі, падчас якіх можна сабраць матэрыял для навуковай работы. Раней я актыўна гэта практыкавала, цяпер, праўда, менш.

биология микроскоп

Практычная частка падрыхтоўкі да алімпіяд заўсёды больш цікавіць старшакласнікаў. Яны з задавальненнем вывучаюць батаніку, разразаючы і разглядаючы пад мікраскопам лісты розных раслін, іх будову, тыпы вусцейкаў і г. д. Юным аматарам біялогіі цікава па невялікім кавалачку біялагічнага матэрыялу візуальна вызначыць, якую частку расліны яны назіраюць: сцябло, корань або ліст. Не менш займальна для іх прэпараваць жукоў, чарвякоў, прусакоў, каб даследаваць іх, а потым зарысаваць унутраную будову.

— Па біяхіміі выконваем шмат цікавых заданняў. Даю, напрыклад, у трох прабірках розныя рэчывы, а ў чацвёртай — іх сумесь. Таксама даю рэактывы, каб з іх дапамогай знаўцы вызначылі гэтыя рэчывы, а затым выканалі яшчэ шэраг заданняў. Па фізіялогіі раслін мы вылучаем пігменты з ліста. Для гэтага ліст трэба парэзаць, расцерці, прафільтраваць, атрымаць выцяжку, затым яе раздзяліць, прымяніць розныя рэактывы (бензін, эфір, шчолач), — удакладняе педагог.

Вучыць і вучыцца

Пытаюся ў настаўніцы, з чаго складаецца яе сістэма работы з алімпіяднікамі.

— Аснова — гэта канспект па тэмах школьнай праграмы. Затым напластоўваецца інфармацыя з падручніка для профільнага навучання, а потым за курс універсітэцкай праграмы, — тлумачыць суразмоўніца. — Акрамя гэтага, падбіраю дадатковую літаратуру з розных крыніц. Спасылкі на падручнікі і дадатковую літаратуру перасылаю вучням у чат, і яны самастойна вывучаюць матэрыял, рашаюць задачы. Затым разам мы разбіраем тыя пытанні, якія ў іх узніклі пры выкананні заданняў, разбіраем заданні алімпіяд мінулых гадоў, займаемся практычнымі заданнямі. Рэкамендую сваім падапечным глядзець кароткія відэаўрокі для замацавання пройдзенай тэмы.

Атрыманай ад педагога інфармацыяй ліцэісты-адзінаццацікласнікі дзеляцца з дзесяцікласнікамі ў іх агульным чаце. Старэйшыя тлумачаць малодшым складаныя тэмы, адказваюць на іх пытанні. Па задуме педагога, так дзеці спасцігаюць не толькі біялогію, але і вучацца сябраваць, камунікаваць, дапамагаць адно аднаму. Так працуе прынцып «роўны навучае роўнага».

Пры падрыхтоўцы алімпіяднікаў трэба здолець ахапіць неабсяжнае, бо біялогія ўключае ў сябе шмат прыватных навук: батаніку, заалогію, фізіялогію, анатомію, псіхалогію чалавека, генетыку, мікрабіялогію, біятэхналогію. Ніколі невядома, які раздзел выпадзе на алімпіядзе, таму дзеці вывучаюць усё.

— Калі я працавала ў звычайнай агульнаадукацыйнай школе, то рыхтаваць алімпіядніка пачынала з 7 класа, — дзеліцца вопытам настаўніца. — А ў ліцэі на падрыхтоўку ў нас ёсць максімум адзін год. Каб паспяхова выступаць на алімпіядах па біялогіі, вучань павінен добра ведаць матэматыку, хімію, фізіку, без якіх не выканаць заданні па біяхіміі, малекулярнай біялогіі, экалогіі. Трэба запамінаць вялікі аб’ём інфармацыі, таму важна мець добрую памяць, логіку і сістэмнасць мыслення. А яшчэ вельмі важны правільны псіхалагічны настрой.

Педагог не стамляецца паўтараць сваім падапечным, што, нават калі пытанні на першы погляд здаюцца незразумелымі, трэба сабрацца, сканцэнтравацца і супакоіцца, інакш з-за трывогі і панікі не хопіць часу на іх выкананне.

А яшчэ, па меркаванні настаўніцы, алімпіядніка важна вучыць дастойна прайграваць, каб першая ж няўдача не адбіла ахвоту ўдзельнічаць далей, а стала пунктам адліку для новага вітка росту над сабой. Падлетку, які перажыў падзенне з вышыні, важна потым устаць, сабрацца і пайсці далей, што вельмі цяжка. Асабліва крыўдна, калі дзіцяці не хапае дзясятых або сотых долей бала да прызавога месца, што часта здараецца.

На маё пытанне, ці вучыцеся вы нечаму ў сваіх ліцэістаў, педагог адказала:

— Я чалавек вельмі эмацыянальны і ўражлівы. А сярод маіх вучняў ёсць вытрыманыя, спакойныя асобы, якія ўмеюць правільна выбудоўваць адносіны ў калектыве як з аднагодкамі, так і з педагогамі. Яны самаарганізаваныя, дарослыя і мудрыя. Я імі захапляюся. Гэтаму і вучуся ў іх.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА