Педагог-мастак Анатоль Туравец з Парыч натхніў на творчыя прафесіі амаль паўсотні сваіх выпускнікоў

- 14:25АРТ-квартал, Образование

Для дзясяткаў навучэнцаў Парыцкага філіяла Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска заняткі ва ўзорнай студыі “Сузор’е” сталі прыступкай у прафесію. Як кіраўнік студыі, выдатнік адукацыі Анатоль Туравец стварае каманду творцаў, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Мастацкі спектр

Творчасць для Анатоля Дзміт­рыевіча стала не часткай, а цэлым жыццём. Яго талент адзначалі яшчэ выхавальнікі, бо хлопчыка было не адарваць ні ад лепкі, ні ад малявання. У мастацкай студыі ён займаўся з 1 класа і да выпускнога. Пасля школы атрымаў першую адукацыю — мастак-афарміцель.

— Мая спецыялізацыя — тэатральнае афармленне. Яна аб’ёмная, бо прадугледжвала падрыхтоўку ў самых розных творчых кірунках, што было неверагодна цікава! На выпадак, калі ў будучыні мы станем мастакамі па бутафорыі, нас вучылі працаваць з металам, дрэвам, шклом, пап’е-машэ і інш., калі фатографамі-мастакамі — педагогі нам паказвалі, як рабіць рэпартажныя і пастановачныя здымкі са спектакляў, ставіць святло для партрэтных здымак, калі дэкаратарамі — нас знаёмілі з керамікай, роспісам па дрэве, работай з алеем, гуашшу, тэмперам, мазаікай. Вучылі ствараць тэатральныя інтэр’еры, выбудоўваць іх перспектыву, а практыку мы праходзілі ў тэатрах — ад драматычнага да лялечнага, — успамінае Анатоль Туравец.

Усе гэтыя навыкі прыйшліся вельмі дарэчы пазней, калі Анатоль Туравец рабіў дэкарацыі і эскізы касцюмаў, працуючы ў тэатры, калі выкладаў у той жа студыі, дзе ён некалі сам і вучыўся, калі атрымліваў адукацыю выкладчыка дэкаратыўнага мастац­тва і спецыяльных дысцыплін у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Але галоўнае — амаль усяму, што ўмее сам, Анатоль Туравец 30 гадоў вучыць дзяцей у сваёй студыі “Сузор’е”. Тут таксама можна асвоіць шмат кірункаў: ад жывапісу і керамікі да фота і дызайну.

Узорная — значыць лепшая

Высокі ўзровень выставачных работ навучэнцаў студыі мастакі-эксперты адзначалі адразу пасля яе заснавання. Менавіта таму студыя “Сузор’е” атрымала званне ўзорнай адной з першых у краіне, яшчэ ў 1998 годзе. Яе адметнасць у тым, што дзейнасць будуецца на вывучэнні, асэнсаванні і творчым развіцці мясцовых мастацка-дэкаратыўных традыцый. У першую чаргу керамікі. Педагог адзначае, што ў наваколлі Парыч — выдатныя радовішчы гліны, з яе тут здаўна рабілі якасную кафлю, прычым з незвычайнымі фантазійнымі сюжэтамі. Напрыклад, археолагі знаходзілі тут керамічныя пліткі з выявамі пегасаў, ільвоў з птушынымі кіпцюрамі…

Дарэчы, палеская кераміка была тэмай дыпломнай работы Анатоля Тураўца ў БДУКіМ. Яму прапаноўвалі паступіць у аспірантуру і працягнуць даследаванні па гэтай тэме, па ёй жа раілі рыхтаваць кандыдацкую, але педагог адмовіўся — яго вабіла толькі студыя, якую ён ужо на той момант стварыў. Там жа і працягнуў даследаванні керамікі — са сваімі навучэнцамі. Сёння традыцыі народных майстроў адлюстроўваюцца ў работах студыйцаў. Дзеці ствараюць посуд, кафлю, розныя керамічныя фігуркі. Пра высокі ўзровень вырабаў гаворыць мноства ўзнагарод з конкурсаў і выстаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Анатоль Туравец з педагагічнай дынастыі. Настаўніцтва аб’яднала пяць пакаленняў яго сям’і. Дачка выкладае ў педагагічным каледжы, а ўнук — студэнт БДПУ, будучы гісторык і мастацтвазнавец.

Асвойваюць у студыі і палескі дэкаратыўны роспіс: агоўскі, давыд-гарадоцкі, веткаўскі.

— Агоўскі роспіс вясельных куфраў ХІХ стагоддзя мы з дзецьмі пачыналі вывучаць у Тураве і развіваем яго ў сябе і сёння, пераносячы на свае творы — шкатулкі, пано, дошкі. У яго аснове — просты кветкавы сюжэт. Яго ні ў якім разе мы не паўтараем (пакінем фатографам права фіксаваць ужо створанае) — мы вывучаем толькі тэхналогію малявання пэўных элементаў, напрыклад, кветак, а ўзоры з іх, як з пазлаў, кожны стварае свае, — тлумачыць педагог-мастак.

Студыя стала магчымасцю папоўніць веды і ў сумежных сферах. Напрыклад, юных мадэльераў Анатоль Туравец вучыць ствараць кампазіцыю, падбіраць адценні ў адзенні, складаць кантрасты, маляваць фігуру чалавека, каб на яе аснове дзеці маглі стварыць эскізы касцюмаў. Аматараў вышыўкі ён вучыць не вышываць па гатовых схемах з часопісаў і інтэрнэту, а ствараць свае ўласныя ўзоры і сюжэты. Натхняе ён дзяцей развіваць і мясцовыя традыцыі вышыўкі. Некалі ў Парычах быў філіял бабруйскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, дзе мясцовыя майстрыхі вышывалі абрусы, ручнікі і нават гальштукі, якія цанілі не толькі на радзіме.

Творчыя падарожжы

Каб вывучыць пэўны від мас­тацтва і далей развіваць, шмат гадоў студыйцы ездзяць па Беларусі на пленэры.

— У кожным рэгіёне Беларусі свае, адметныя мастацкія здабыткі, і ўсюды ёсць майстры, мастакі, якія іх захоўваюць і развіваюць. Нясвіж, Мінск, Полацк, Мір, Брэст, Бабруйск, Магілёў… Нашых маршрутаў ужо шмат. З дзецьмі мы даследуем палацы, наведваем музеі, майстэрні майстроў дэкаратыўнай творчасці, студыі мастакоў-жывапісцаў і тэатральных мастакоў, заглядваем за кулісы тэатраў, прымяраем сцэнічныя касцюмы і інш. Так дзеці бачаць, што работа мастака разнастайная, могуць выбіраць паміж прафесіямі тэатральнага мастака, мастака-жывапісца, рэстаўратара, скульптара, выкладчыка… Падчас майстар-класаў яны спрабуюць сябе ў розных сферах — рэстаўрыруюць старажытную кераміку, малююць з натуры жывёл, пераносяць на палотны руіны палацаў, робяць накіды пейзажаў… Усё гэта потым служыць нам асновай для стварэння новых работ.

Педагог уключае ў план незвычайных падарожжаў і наведванне ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійнай, вышэйшай адукацыі, дзе падлеткі знаёмяцца са спе­цыяльнасцямі, умовамі навучання.

Задача мастака — не проста перакласці свае эмоцыі на палатно, а праз іх уздзейнічаць на гледача, мяняючы яго настрой і светапогляд.

Выпускніца студыі Таццяна Сасноўская сама атрымала адукацыю мастацтвазнаўца, працавала ў гэтай жа студыі. Тут жа вучыліся яе дочкі, станавіліся пераможцамі прэстыжных творчых конкурсаў.

— Аддаючы дачок да Анатоля Дзмітрыевіча, мне хацелася, каб і яны адчулі тую асалоду ад спаз­нання нашай культуры, нашай краіны, якой было напоўнена ўсё маё дзяцінства і юнацтва. Мы часта выязджалі са студыяй на пленэры, я да дробязей памятаю кожнае наша такое падарожжа. Мы даследавалі музеі, выставы, сустракаліся з вядомымі мастакамі, майс­трамі, а вяртаючыся дадому, самі станавіліся творцамі, — успамінае Таццяна Сасноўская.

У студыю па прафесію

— У нашай студыі займаліся ўсе, каму пры паступленні трэба было здаваць творчыя экзамены, у прыватнасці кампазіцыю. Школьных ведаў тут часта недастаткова — маляванне, жывапіс, перспектыва ў школьным курсе даволі павярхоўныя, а нашы выпускнікі даволі лёгка паступаюць у профільныя ся­рэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, — гаво­рыць педагог.

Ужо амаль 50 выпускнікоў выбралі сваёй прафесіяй профільныя кірункі студыі і сталі скульптарамі, архітэктарамі, дызайнерамі, мастакамі-афарміцелямі, маствац­твазнаўцамі. І каля паловы з іх сталі выкладчыкамі гэтых дысцыплін, уключаючы дачку і ўнука А.Д.Тураўца. Але пры гэтым педагог ніколі не ставіў сваёй мэтай рыхтаваць калег.

— Я і дзецям гавару: не трэба кожнаму імкнуцца стаць мастаком. Гэта не абавязкова павінна быць прафесіяй. За той час, пакуль мы жывём на гэтым свеце, мы павінны паспець яго ўпрыго­жыць. Не важна, ці будзе для гэтага дыплом мастака. Пабудавалі людзям дом, пралажылі дарогу, намалявалі карціну, упрыгожылі працоўны кабінет, пасадзілі сад — вы ўжо ўпрыгожылі свет навокал. Так вы ўздзейнічаеце на настрой іншых, робіце ім прыемна, прыносіце карысць, — гаворыць Анатоль Туравец.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і з архіва студыі