Педагогі Ліды: важны рэсурс выхавання і развіцця асобы вучняў – адукацыйная прастора вучэбных кабінетаў

- 12:05Пресс-тур «Настаўніцкай»

Падрыхтоўка да выпускных вечароў, падвядзенне вынікаў алімпіяд, арганізацыя летняга аздараўлення навучэнцаў — размовы на гэтыя тэмы сёння пераважаюць сярод педагогаў Ліды, паведамляе карэспандэнт  “Настаўніцкай газеты”.

Курс — на лета

Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк паведаміла: падчас самых доўгіх і доўгачаканых канікул у аздараўленчых лагерах раёна плануецца аздаравіць больш як 5000 дзяцей. Яна адзначыла, што на падрыхтоўку да аздараўленчага сезона з раённага бюджэту выдзелена больш як 700 тысяч рублёў, а да работы па добраўпарадкаванні лагераў далучыліся ў тым ліку прадпрыемствы і арганізацыі раёна.

— Несумненна, знахо­джанне ў лагеры стане яшчэ больш камфортным, а адпачынак — запамінальным, — упэўнена начальнік упраўлення. — Для таго каб вольны час і аздараўленне дзяцей арганізаваць якасна і карысна, на працягу года рэалізоўваўся праект “Курс на лета: канікулы на выдатна!”, які ўключаў у сябе праграмы па падрыхтоўцы педагагічных кадраў да работы ў аздараўленчым лагеры “Акадэмія важацкага майстэрства”, па абагульненні станоўчага вопыту работы, распрацоўцы і распаўсюджванні метадычных матэрыялаў у дапамогу будучым выхавальнікам аздараўленчых лагераў “Важаты. Версія 10.0”.

Лета не ставіць на паўзу маштабныя ідэі: у раёне працягнецца рэалізацыя калейдаскопа-праекта “#карысны_вольны_час”, у якім ключавымі з’яўляюцца патрыятычнае, экалагічнае выхаванне, фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця, інфармацыйнай культуры, развіццё навыкаў камунікацыі.

— Лета стане для нас часам актыўнай падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства, — адзначыла Вольга Тарасюк. — Спынюся на адным з праектаў. Саветам музея сярэдняй школы № 1 Ліды праведзена даследчая работа аб дзейнасці былога міністра адукацыі Міхаіла Гаўрылавіча Мінкевіча, працоўны шлях якога быў звязаны з Лідчынай. Рыхтуюцца выставачная экспазіцыя і экскурсія, якія, думаю, зацікавяць удзельнікаў свята. Лета дазволіць нам увасобіць у жыццё многія ідэі ў рамках Года добраўпарадкавання, і ўжо сёння мы бачым крэатыўныя падыходы ў стварэнні ўстановамі адукацыі кветкавых кампазіцый. У актыўнай стадыі рэалізацыя праекта “Квітней, любімы горад!”. Тысячы кветак, дэкаратыўных раслін, якія ўжо пасаджаны і яшчэ будуць высаджаны, зробяць наш горад больш прывабным для яго жыхароў і гасцей.

Школа інтэлектуалаў

У ліцэі № 1 Ліды важным рэсурсам выхавання і развіцця асобы вучняў педагогі называюць адукацыйную прастору вучэбных кабінетаў.

Пры абсталяванні і афармленні кабінета матэматыкі ў ліцэі прытрымліваліся прынцыпаў сістэматычнасці, навізны, мэтанакіраванасці, навуковасці і інш.

— Канцэпцыя сучаснага кабінета матэматыкі для старшакласнікаў уключае некалькі модуляў, — расказвае настаўніца матэматыкі Люцыя Мар’янаўна Кучынская. — Напрыклад, дыдактычны модуль — гэта навукова-метадычная літаратура для настаўніка і вучэбная і даведачная літаратура для навучэнцаў. Модуль уключае такія складнікі, як метадычныя дапаможнікі для падрыхтоўкі вучняў да ЦЭ і ЦТ, камплект дыдактычных матэрыялаў па алгебры і геаметрыі, разнастайныя карткі для арганізацыі паўрочнага кантролю, трэнажоры для адпрацоўкі навыкаў і ўменняў, тэставыя заданні па тэмах і для выніковага паўтарэння.

Інфармацыйны модуль кабінета матэматыкі — гэта тэматычныя стэнды, мабільны стэнд, які педагогі актыўна выкарыстоўва­юць у рабоце. Сёння на ім размешчана інфармацыя пад загалоўкам “Табе, выпускнік” — актуальная напярэдадні выпуску са школы.

Выхаваўчы і віртуальны модулі таксама маюць свае адметнасці. Першы — гэта інфармацыя пра навукоўцаў-матэматыкаў, іх партрэты і біяграфіі, вядомыя цытаты-выказ­ванні. У віртуальным раздзеле сабраны прэзентацыі да ўрокаў матэматыкі і геаметрыі, факультатыўных заняткаў, прадметных тыдняў і заняткаў алімпіяднай школы “Інтэлек­туал”.

У мінулым навучальным годзе ў ліцэі № 1 была абноўлена адукацыйная прастора кабінетаў англійскай мовы.

— Наглядныя матэрыялы, якія ў іх сабраны, спрыяюць выхаванню ў навучэнцаў павагі да сваёй кріаны, развіццю прафарыентацыйных інтарэсаў старшакласнікаў, — расказала настаўніца англійскай мовы Алеся Гурчына. — Тэматыка афармлення кабінета англійскай мовы — багаты патэнцыял Лідскага раёна. Тут можна знайсці інфармацыю аб архітэктурных жамчужынах не толькі Гродзенскай вобласці, але і ўсёй краіны. Аформлена літаратурная выстава на англійскай і рускай мовах аб традыцыях беларусаў, асаблівасцях беларускай кухні, сучасным мастацтве Беларусі. Жадаючыя могуць здзейсніць віртуальную экскурсію па абласных цэнтрах Беларусі. Адзінаццацікласнікі, якія плануюць здаваць англійскую мову на ЦЭ або ЦТ, актыўна выкарыстоўва­юць аформлены ў кабінеце даведнік па УВА. У ім прадстаўлена актуальная інфармацыя па напрамках навучання ва ўніверсітэтах.

Эфектыўныя практыкі

Багаты вопыт па шматлікіх кірунках назапасілі ў сярэдняй школе № 16 Ліды імя П.М.Машэрава. Тут ужо многа гадоў дзейнічае абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык, мэта якога — рэалізацыя прыярытэтных кірункаў развіцця сістэмы адукацыі Гродзеншчыны. Кіраўнік цэнтра — загадчыца школьнай бібліятэкі Таццяна Велясевіч. Дарэчы, Таццяна Пятроўна кіруе тэатрам-студыяй батлейкі “Вера. Надзея. Любоў”.

— Сярод задач нашага цэнтра — распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага і бібліятэчнага вопыту, азнаямленне педагагічнай грамадскасці з вынікамі работы па кірунку, які рэалізуем, — уводзіць у курс спраў Таццяна Пятроўна. — Таксама мы аказваем дапамогу структурным падраздзяленням Лідскага раённага выканаўчага камітэта, раённаму вучэбна-метадычнаму кабінету ў рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна, арганізоўваем сеткавае ўзаема­дзеянне па тых кірунках, якімі зай­маемся.

Чароўная атмасфера пануе ў этнаграфічным музеі “Беларуская хатка”. Яго гаспадыня — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Жвацель. Найстарэйшым экспанатам, якія тут захоўваюцца, а гэта кнігі, — 100 гадоў.

— Ствараючы музей у школе, мы не толькі вырашаем задачы ўдасканалення форм і метадаў навучання і выхавання, але і разам з выхаванцамі ўносім неацэнны ўклад у раскрыццё, захаванне і папулярызацыю нашай гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, — зазначае Таццяна Віктараўна. — Няма лепшага спосабу захавання традыцый і асаб­лівасцей нашага народа, чым этнаграфічны музей. Наш школьны музей з’яўляецца цэнтрам актыўнай і плённай работы па адраджэнні і захаванні спадчыны народа. Ён беражліва захоўвае прадметы даўніны і перадае маладым людзям успаміны пра жыццё іх дзядоў і прадзедаў.

Галоўны прынцып дзейнасці школьнага музея — комплекс­насць: навучэнцы ўсебакова даследуюць тэму, вызначаюць ролю людзей у пэўных падзеях, звязваюць прадмет, які вывуча­юць, з гістарычнымі падзеямі, побытам таго часу, традыцыямі.

— Яскравы прыклад — комплекснае вывучэнне музейнага экспаната, — дадае настаўніца беларускай мовы і літаратуры. — Працуючы над выбраным даследчым праектам, вучні даведваюцца аб яго далёкай гісторыі. У ходзе прэзентацыі сваёй даследчай работы яны вучацца аналізаваць матэрыял і адбіраць найбольш каштоўную інфармацыю. Экспанаты і матэрыялы музея выкарыстоўваюцца настаўнікамі школ у вучэбным працэсе. Урокі гісторыі Беларусі па многіх тэмах настаўнікі праводзяць у музеі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА