Педагогі стварылі шматфункцыянальны інтэрактыўны адукацыйны комплекс «Цягнік-экспрэс «Мазыршчына памятае»

- 9:00Главная, Образование

Лепш адзін раз убачыць: 175 творчых груп педагогаў з 81 установы адукацыі Мазырскага раёна прынялі ўдзел у стварэнні ўнікальнага праекта — шматфункцыянальнага інтэрактыўнага адукацыйнага комплексу — “Цягнік-­экспрэс “Мазыршчына памятае”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ідэйным натхняльнікам гістарычнага праекта выступіла дырэктар Мазырскага раённага навучальна-метадычнага цэнтра Марына Старыкава. Ідэю падтрымалі і пачалі рэалізоўваць усе калегі без выключэння. Больш за тое, падключыліся да работы ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны педагагічнай працы, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый. Дапамагалі збіраць, сістэматызаваць інфармацыю пра ваенны час навучэнцы і іх бацькі.

“Цягнік-экспрэс “Мазыршчына памятае” ўяўляе сабой састаў цягніка з 11 імправізаванымі вагонамі, на якіх размешчаны інфармацыйныя матэрыя­лы, відэа і фота, прэзентацыі. Яго стваральнікі прадумалі ўсё да дробязей, а сам састаў — мабільны, таму можа экспанавацца як у любой школе раёна, так і ва ўстановах адукацыі па ўсёй рэспубліцы. Акрамя таго, дадаткова зрабілі цягнік-экспрэс у мініяцюры. З’явілася яшчэ больш магчымасцей для педагогаў і навучэнцаў вывучаць гістарычнае мінулае роднага краю.

— Сабраны матэрыял можа выкарыстоўвацца ў працэсе навучання і выхавання падрастаючага пакалення і служыць напамінам для ўсіх, каб не паўтараць памылак мінулага. Беларусь памятае, пакуль памятае кожны з нас, — адзначае Марына Старыкава.

Знаходзячыся каля лакаматыва, поглядам сустракаючы і адпраўляючы кожны вагон, адчуваеш увесь спектр эмоцый: боль, перажыванні, пачуццё страты, тую неймаверную жорсткасць, якая была праяўлена да людзей у гады вайны. Аўдыягід расказвае кароткую інфармацыю аб саставе цягніка. У першым вагоне знаёмішся з матэрыяламі аб пачатку вайны.

— Тут прадстаўлены матэрыялы інфармацыйнага характару: кінастужкі расказва­юць аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, якія сілы былі запатрабаваны ў рамках арганізацыі ваенных дзеянняў, — падрабязна распавядае Марына Рыгораўна. — Голас легендарнага дыктара Юрыя Левітана паведамляе наведвальнікам экспазіцыі аб пачатку вайны. На вагоне размешчаны QR-коды, з дапамогай якіх можна даведацца аб гісторыі захопу Брэсцкай крэпасці, аб нечаканых знаходках і словах відавочцаў, першых няўдачах і поўнай капітуляцыі пасля месяца абароны, аб стварэнні мемарыяльнага комплексу, яго дзейнасці ў наш час, а таксама можна прагледзець фільм “Вялікая вайна”. У нашы дні дакрануцца да тых падзей магчыма дзякуючы віртуальнай экскурсіі па музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, гістарычна-культурным комплексе “Лінія Сталіна”. Адсканіраваўшы код на вагоне, можна праслухаць песню “Свяшчэнная вайна”, з якой ішлі ў бой салдаты.

У другім вагоне ўвага засяроджваецца на партызанскім і падпольным руху, тут прадстаўлены як героі — падпольшчыкі і партызаны, так і прадстаўнікі супраціўлення, дзеці-партызаны, якія прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі разгарнулася магутнае па сваёй масавасці супраціўленне ворагу. Партызанскі друк наглядна дэманструе, як у тыя гады інфармавалі насельніцтва аб ваенных па­дзеях. Наступны вагон распавядае пра жахі вайны — генацыд беларускага народа.

— Педагогі сумесна з дзецьмі і іх бацькамі займаліся пошукам інфармацыі аб спаленых вёсках. Напрыклад, на тэрыторыі Мазырскага раёна 45 вёсак былі знішчаны, з іх 43 — разам з жыхарамі, — сказала куратар праекта. — Прадстаўлены канцэнтрацыйныя лагеры, дзе адбывалася бязлітаснае знішчэнне насельніцтва. Прэзентацыя па генацыдзе беларускага народа, распрацаваная настаўнікам сярэдняй школы № 16 Ула­дзімірам Гімбутам, яшчэ раз падкрэслівае жахі вайны. Дарэчы, пасля наведвання экскурсіі ў музеі работа педагогаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення працягваецца. Так, навучэнцы разам з настаўнікамі наведваюць мемарыяльныя комплексы, дзе працягваюць вывучаць гісторыю тых мясцін, якія значацца ў экспазіцыі, і такім чынам глыбей разуме­юць, што азначае вайна і мір на зямлі.

Чацвёрты вагон знаёміць з ордэнамі і ўзнагародамі, якімі былі адзначаны героі за адвагу, мужнасць, працу, перамогу.

Усяго было 32 узнагароды, па кожнай з іх сабраны матэрыял у фармаце кнігі. Таксама распрацаваны эскізы медалёў, кароткія звесткі, за што іх ўручалі. Яны даступны па QR-кодзе, — працягвае Марына Рыгораўна.

У 11 імправізаваных вагонах, кожны з якіх ілюструе адну са старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, можна даведацца пра герояў таго часу, ключавыя ваенныя аперацыі, нават паслухаць песні ваенных гадоў ці паглядзець гістарычную кінастужку.

Як прызнаецца суразмоўніца, даўжэй за ўсё працавалі над распрацоўкай 5-га вагона — “Песні, апаленыя вайной”. Ваенныя песні — асаблівы жанр, кранальны, які прабірае да душы сваімі тэкстамі і музыкай. Гісторыя ў кожнай свая, але аб’ядноўвае іх адно — надзея і безумоўная вера ў перамогу! Кампазіцыі ваенных гадоў па праве можна назваць музычным летапісам Вялікай Айчыннай вайны. Яны гучалі літаральна ад першага і да апошняга дня баявых дзеянняў. Нараджаліся на фронце і ў тыле, паднімалі байцоў у атаку, сагравалі сэрца на прывале, дапамагалі выстаяць, выжыць і дачакацца блізкіх тым, хто заставаўся працаваць ля станкоў і ў полі.

— Мы скрупулёзна займаліся пошукам інфармацыі: у гэтай частцы экспазіцыі прадстаўлены музычныя інструменты, якія найбольш часта выкарыстоўваліся франтавымі музыкамі, — гармонік, баян, духавыя, гітара, — працягвае суразмоўніца. — Таксама вывучалі ваенныя аркестры, ансамблі, артыстычныя брыгады, якія працавалі на найважнейшых участках савецка-германскага фронту падчас вырашальных бітваў вайны. Людзі творчыя на перадавой рызыкавалі не менш, чым салдаты, падпадаючы пад аб­стрэл, бамбёжкі. Дзякуючы праведзенаму апытанню, вызначылі песні, якія часцей выконваліся падчас вайны, і ў сённяшні час яны шмат у каго на слыху. Зараз ёсць магчы­масць праслухаць у нашым вагоне, як гу­чыць меладычна асобная музычная кампазіцыя і са словамі. Навёўшы тэлефон на код, можна даведацца пра гісторыю стварэння кожнай песні, яе аўтара і кампазітара. Сімвалічны працяг атрымаў дадзены вагон экспрэса — сёння на базе сярэдняй школы № 13 створаны музей музычных інструментаў.

У наступным вагоне прадстаўлены Мазыр ваеннага часу, а таксама бачны абрысы сучаснага горада. Тут расказваецца пра тых герояў, чыімі імёнамі названы вуліцы горада. Акрамя таго, распрацаваны дызайн — праект “І няхай пакаленні ведаюць”: зараз памятныя знакі размешчаны на ўстановах адукацыі. Інфармацыя на іх рас­казвае пра доблесць і славу тых, хто змагаўся з ворагам на фронце, хто ваяваў у партызанскіх атрадах, хто пакутаваў у фашысцкіх канцлагерах, аддаючы жыццё за мір і незалежную Беларусь. Пра гераізм партызан, падпольшчыкаў, лётчыкаў і военачальнікаў у горадзе нагадваюць 18 вуліц. Распрацоўваюцца эскізы-муралы, вызначаюцца жылыя дамы, на якія будуць нанесены гэтыя выявы.

Чарговы вагон — і ён унікальны, не падобны на папярэднія. Забягаючы наперад, адзначу: пакідае неверагодна моцныя эмоцыі, асабліва калі сапраўды пранікаешся той аўтарскай ідэяй, якая была закладзена.

— Калі распрацоўваўся наш цягнік, хацелася паказаць нешта жывое, каб можна было паглядзець, зразумець боль, суперажы­ваць, ганарыцца за подзвігі людзей, — спыняючыся на 7-м вагоне, кажа аўтар-распрацоўшчык. — Вырашылі знайсці акцёраў, якія ваявалі і ігралі ролі ў ваенных кінастужках. Гэта значыць, яны як бы пражылі вайну двойчы. Паколькі цягнік мае свой віртуальны сайт, спецыяльна была створана кіназала, і ў вольны час кожны можа прагледзець гэтыя фільмы, даведацца пра гісторыю пэўнага героя. У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускія кінематаграфісты, дакументалісты ў ліку першых здымалі франтавыя рэпартажы, стваралі партызанскі кіналетапіс рэс­публікі. Таксама праз QR-код можна азнаё­міцца з дакументальным фільмам “Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой”. Гэта першы савецкі фільм, створаны ў кастрычніку 1941 — студзені 1942 года, які атрымаў прэмію амерыканскай кінаакадэміі “Оскар”.

Восьмы вагон злучае ў сабе Бессмяротны полк Мазырскага раёна, Гомельскай вобласці і Рэспублікі Беларусь. Тут паказана, што для кожнага рэгіёна важна і значна шана­ваць памяць нашых сваякоў і ўсіх лю­дзей, якія загінулі падчас вайны ці прыйшлі з вайны і сёння яшчэ побач з намі. Практычна ў кожнай сям’і ёсць продкі, якія ўдзельнічалі ў вайне. На экспазіцыі прадстаўлены фота­здымкі і размешчана інфармацыя пра сваякоў — педагагічных работнікаў Мазырскага раёна, створана Кніга памяці педагогаў Мазыршчыны, якая пастаянна дапаўняецца новымі звесткамі. Сёння ў нас тры такія альбомы, і ў кожным з іх паказана гісторыя жыцця ваеннага часу 48 чалавек. Дарэчы, кожны грамадзянін, які хоча знайсці сваяка, калі ў яго не атрымалася зрабіць гэта самастойна, можа пакінуць каардынаты аб сабе, аб тым, каго шукае. Пастараемся дапамагчы.

— Праца над гэтым вагонам дапамагла акумуляваць інфармацыю аб дзядулях, бабулях, сваяках, якія, ахвяруючы ўласным жыццём, падарылі нам усім светлую будучыню. Акрамя таго, вывучаючы інфармацыю аб сваёй сям’і, кожны навучэнец змог даведацца больш пра героя-продка, — акцэнтуе ўвагу Марына Рыгораўна. — А гэта сёння вельмі важна: у нас проста няма права забыць цану перамогі, якую заплаціў савецкі народ.

Навучэнцамі і педагогамі сярэдняй школы № 14 Мазыра праведзена даследчая работа, сабраны матэрыял пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляюцца іх прадзедамі і прабабкамі. У выніку сумеснай працы выдадзена кніга “Людзі і лёсы”.

Рухаемся далей, і вагон пад нумарам 9 прадстаўляе памятныя мясціны Мазыршчыны (на тэрыторыі раёна іх каля 80), Гомельскай вобласці, усёй краіны. Пра кожнае сакральнае месца можна атрымаць інфармацыю. Апошні вагон “Пераможны май” падводзіць рысу пад гадамі пазбаўленняў, гора, слёз, цяжкай працы і падкрэслівае мужнасць і любоў да Радзімы.

— Яшчэ з дзяцінства памятаю, што пасля заканчэння вайны дамы франтавікоў пазначалі чырвонымі зоркамі. Менавіта тады і зарадзілася добрая традыцыя дапамагаць ветэранам і іх сем’ям, якая і зараз працягваецца, — з гонарам прамаўляе Марына Старыкава.

У размове з Марынай Рыгораўнай удалося даведацца, чаму ўсё ж такі з’явіўся менавіта цягнік. Адказ быў на паверхні:

— Можна было за аснову ўзяць некалькі машын ваеннага тыпу або аўтобус. Але хіба магчыма паказаць гісторыю вайны і Вялікай Перамогі, стрымліваючыся фарматам аўтобуса? Тады і прыйшла ідэя аб стварэнні лакаматыва і вагонаў як сімвала эшалона. Над гэтым праектам працавалі разам усе настаўнікі Мазыршчыны. Я як настаўнік гісторыі вывярала атрыманую ад іх інфармацыю, кожнае слова, кожную лічбу, кожную коску. Таму што пра падзеі ваеннага часу павінна быць дакладная інфармацыя. Радуюся, што экспазіцыя атрымалася мабільнай і ўжо змагла пабываць не толькі ў Мазыры, але і ў Гомелі і Мінску.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара