Педагогі з усёй краіны абмеркавалі магчымасці павышэння якасці патрыятычнага выхавання

- 10:07Актуально, Образование

Рэспубліканская навукова­-практычная канферэнцыя “Дзейнасць маладзёжных аб’яднанняў як аснова фарміравання патрыятычнай свядомасці і захавання гістарычнай памяці” сабрала ў Магілёве педагагічных работнікаў з усёй краіны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Як адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення — адзін з асноўных прыярытэтаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Аднак плённая работа ў гэтым напрамку магчыма пры ўмове цеснага ўзаема­дзеяння ўстаноў адукацыі з іншымі ведамствамі.

— Толькі працуючы разам і ўзгоднена, мы зможам выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны, — падкрэсліў Аляксандр Ула­дзіміравіч.

Сёння ў навучальных установах вялікая ўвага ўдзяляецца фарміраванню ў вучняў любові да Радзімы, разумення важнасці захавання гістарычнай памяці. У рэалізацыі задач па патрыятычным выхаванні ўпор робіцца на функцыянаванне мала­дзёжных аб’яднанняў. Дзейнічаюць пошукавыя клубы, атрады і групы па вывучэнні ваеннай гісторыі.

У Магілёўскай вобласці зараз налічваецца 17 вучнёўскіх пошукавых атрадаў, работа асобных з іх была прадстаўлена на выставе “У памяці ў даўгу”. Педагогі і навучэнцы шмат робяць у справе захавання гістарычнай праўды. Дзеці даследуюць архівы і электронныя базы даных, шукаюць імёны невядомых салдат, выяз­джаюць у пошукавыя экспедыцыі, зай­маюцца добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў і мемарыяльных комплексаў, вядуць шэфства над удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікамі тылу, вязнямі канцлагераў, сем’ямі загінуўшых. Так, пошукавы атрад “Ольса” з Клічаўскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дэталёва вывучыў подзвігі байцоў спецатрада “Слаўны”, які ў 1943—1944 гадах базіраваўся ў партызанскай зоне на тэрыторыі раёна.

У Цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска па выніках пошукавай работы стварылі выставу “Знаходкі кажуць” — зараз з падзеямі вайны дзеці знаёмяцца праз гісторыю артэфактаў.

Навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа супрацоўніча­юць з установамі адукацыі Расіі, што дапамагае істотна палепшыць пошукавую дзейнасць.

У такім жа ключы работа наладжана і ў іншых рэгіёнах. Юныя пошукавікі здзяйсня­юць мноства патрэбных спраў, накіраваных на тое, каб гераізм і мужнасць іх продкаў не былі забытыя. Напрыклад, навучэнцы і педагогі Лучынскай базавай школы Рагачоўскага раё­на Гомельскай вобласці стварылі стэлу памяці, на якой размясцілі імёны і фатаграфіі ўсіх ураджэнцаў сваёй вёскі — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

— Пошукавая дзейнасць дапамагае навучэнцам дасканала азнаёміцца з ваеннай гісторыяй. Удзел у раскопках, устанаўленне імён герояў, перапіска са сваякамі пакіда­юць глыбокі след у дзіцячых душах. Да моладзі прыходзіць усведамленне таго, якой цаной нашаму народу дасталіся перамога і мір. Гэта выхоўвае патрыятычныя пачуцці, — заўважыла намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Наталля Стральцова.

Аб гэтым неаднаразова гаварылася і падчас пленарнага пасяджэння. Было сказана таксама аб неабходнасці адзінства работы па патрыятычным выхаванні на ўсіх узроўнях адукацыі, зладжанасці дзеянняў педагогаў з усімі зацікаўленымі ведамствамі. Акцэнт быў зроб­лены і на музеях навучальных устаноў. Яны павінны працаваць не фармальна, а быць своеасаблівымі захавальнікамі памяці. Канкрэтнымі крокамі эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу краязнаўчага музея падзяліўся калектыў Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага кале­джа. Агульная плошча музея “Спадчына роднага краю” — тысяча квадратных метраў, у экспазіцыях — звыш 600 экспанатаў. Музейныя рэсурсы задзейнічаюць не толькі ў ажыццяўленні вучэбнага і выхаваўчага працэсу каледжа. Дзверы музея адкрытыя для ўсіх жадаючых, за мінулы год яго наведалі звыш 6 тысяч чалавек.

Рэспубліканская канферэнцыя праходзіла на працягу двух дзён. За гэты час настаўніцтва абмянялася вопытам, вызначыла кропкі для далейшага ўдасканалення выхаваўчай работы. Знакавай падзеяй стаў урачысты старт Усебеларускага патрыятычнага праекта “Памяць пакаленняў у імя будучыні”, прымеркаванага да святкавання 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Праект закліканы ўключыць у дзейнасць па ўвекавечванні памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны навучэнцаў, студэнтаў, бацькоў, педагогаў. Прадугледжаны шырокі спектр мерапрыемстваў. Удзел у праекце дапаможа дзецям набыць новыя веды, папоўніць музейныя экспазіцыі. Да рэалізацыі могуць падключыцца ўсе ўстановы: ад дашкольных да УВА, — паведаміла кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара