Пэндзлем пра экалогію

- 12:07Культура

Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Па гэтым прынцыпе праходзіў сёлета VII Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, у якім юным творцам было прапанавана выказаць на аркушах сваё стаўленне да праблем экалогіі і прапановы па іх вырашэнні. Свае адказы намалявалі дзеці ад 4 да 16 гадоў з 27 краін свету. Арганізатарамі конкурсу традыцыйна выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у Беларусі. Адкрыццё конкурсу прайшло 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Ідэя VII Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябру­юць дзеці на планеце” — перадаць з дапамогай мастацкіх вобразаў экалагічныя праблемы, а таксама паказаць, што можна зрабіць для аховы прыроды. Усяго на конкурс было прадстаўлена больш за 4500 жывапісных і графічных работ, выкананых дзецьмі ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў з 27 краін свету: як з Беларусі, яе суседак і краін СНД, так і з далёкіх Кітая, Кубы, Італіі, Тайланда, Бахрэйна, Філіпін, Эквадора і інш. На выставе экспануюцца больш за 300 самых лепшых з іх.

Работы прадстаўлены ў трох тэматычных кірунках. У кірунку “Экафакт” хлопчыкі і дзяўчынкі пастараліся раскрыць уплыў дзейнасці чалавека на змяненне клімату нашай планеты, на забру­джванне рэк, азёр, лясоў і паказалі, як ад гэтага пакутуе прырода, птушкі і жывёлы. Тут і выпаленыя вясеннія палі, і заблытаныя ў пластыкавых пакетах вадаплаўныя птушкі, і забруджаныя заводамі гарады, і інш. Работы па тэме “Экапарады” сталі своеасаблівым планам да вырашэння экалагічных праблем. Юныя творцы расказалі і пра ўласныя крокі ў гэтым кірунку — ад азелянення вуліц і двароў у сваім горадзе да клопату пра свойскіх і дзікіх жывёл — і  дзейнасць сваёй дзяржавы ў вырашэнні праблемы змены клімату шляхам скарачэння выкідаў вугляроду, прымянення энергазберагальных тэхналогій, пошуку альтэрнатыўных крыніц энергіі і інш. Карціны ў тэматычным кірунку “Мая зялёная планета” знаёмяць з унікальнасцю і разнастайнасцю жывой прыроды планеты, багаццем жывёльнага і расліннага свету, адлюстроўваюць прыродныя і кліматычныя асаблівасці краіны юных мастакоў.

Віктар Уладзіміравіч Радзівінаўскі, кіраўнік Дэпартамента грамадскай інфармацыі ААН у Беларусі, сустаршыня журы, расказаў: “Ідэя правядзення такога конкурсу ўзнікла ў нас пасля завяршэння Маладзёжнага кліматычнага саміту ў верасні. Асноўны пасыл — паказаць дзіцячыя прапановы наконт таго, што мы, дарослыя, можам зрабіць, каб выратаваць нашу планету. Не проста паказаць ідэальную карцінку, прыгожую прыроду планеты, а выкрыць экалагічныя праблемы і прапанаваць шляхі іх вырашэння. У бягучым годзе мы адзначым 75-годдзе ААН і хочам падчас святкавання не толькі прыпыніцца на гістарычных момантах, але і засяродзіцца на будучыні, на тым, якім будзе свет праз 25 гадоў. Для гэтага, напрыклад, мы паралельна штодзень вядзём мінутныя анлайн-апытанні школьнікаў, студэнтаў свету і прапануем ім адказаць на пытанне, якім яны бачаць будучыню і якія сферы, на іх погляд, патрабуюць удасканалення. Гэта можа быць і медыцына, і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і інш. (Дарэчы, на сёння выказаліся ўжо 2672 беларусы). На 75-й сесіі асамблеі ААН усе гэтыя адказы і прапановы будуць абагульнены і прадстаўлены, каб ААН змагла зрабіць крэн і ўкласці свае рэсурсы ў развіццё менавіта гэтых агучаных моладдзю сфер. Такі ж дыялог мы хацелі ўбачыць і на гэтым конкурсе малюнкаў. Што прапануюць аўтары? Спыніць выкіды парніковых газаў? Спыніць эксплуатацыю зямлі? Перастаць забруджваць азёры, зліваючы ў іх адходы прадпрыемстваў? Вось на гэта ААН па выніках конкурсу і зверне асаблівую ўвагу”.

Журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя беларускія мастакі, мастацтвазнаўцы, настаўнікі выяўленчага мастацтва, вызначыла 86 пераможцаў і прызёраў у намінацыях “Жывапіс”, “Графіка”, “Змешаная тэхніка” ў кожнай з узроставых катэгорый: 4—6 гадоў, 7—9 гадоў, 10—13 гадоў, 14—16 гадоў. Як падкрэслілі падчас адкрыцця выставы Уладзімір Іванавіч Пракапцоў, генеральны дырэктар музея, і Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, далучаючыся да мастацтва, дзіця вучыцца глядзець на навакольны свет зусім іншымі вачыма, вучыцца бачыць і берагчы яго прыга­жосць, гарманічна развіваецца. Арганізатары адзначылі і тое, што конкурс з’яўляецца знакавай падзеяй у развіцці міжнароднага супрацоўніцтва і ўмацавання сяброўскіх сувязей. Ён адлюстроўвае шырыню дзіцячых жыццёвых інтарэсаў, любоў да чалавека і прыроды, надзеі і мары на будучыню, спрыяе далучэнню дзяцей да культуры свайго народа, да гістарычнага мінулага, развіццю цікавасці да навакольнага свету, у якім мы жывём і творым, выяўляе ў кожным дзіцяці не толькі мастака, але і патрыёта сваёй краіны. Яны павіншавалі ўсіх удзельнікаў конкурсу, педагогаў, баць­коў з адкрыццём выставы, і юным мастакам пажадалі знайсці свой шлях у творчасці.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўпэўнены, што вызначыць гэты шлях і знайсці новыя ідэі для сваіх будучых работ дапаможа юным мастакам і анлайн-экскурсія па выставе конкурсу, якая пройдзе 17 чэрвеня на YouTube-канале гэтай установы і падчас якой экскурсавод правядзе падрабязную экскурсію па экспазіцыі. Да канца лета выстава будзе працаваць і ў выставачнай зале НЦМТДіМ.

Гледзячы на малюнкі юных мастакоў, становіцца зразумела, што тэма экалогіі, захавання прыроды блізкая і, галоўнае, зразумелая дзецям з юных гадоў. Важна, што ўдзельнікі конкурсу знайшлі час паразважаць за палітрай пра сваю ўласную ролю ў вырашэнні адной з самых актуальных у свеце праблем — захавання прыроды.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аляўцiны ЯЦУТА.