Перадкалядны тыдзень замежных моў

- 15:00Нам пішуць

У сярэдняй школе № 1 Чавус Магілёўскай вобласці навучэнцы вывучаюць адну замежную мову з прапанаваных трох: англійскай, нямецкай, французскай. Правядзенне пазакласнай работы мае вялікае значэнне для прывіцця цікавасці да замежнай мовы як вучэбнага прадмета. Аднак сёння неабходна выкарыстоўваць тыя формы работы, якія, акрамя зацікаўленасці, будуць спрыяць развіццю ў вучняў як прадметных, так і ключавых кампетэнцый.

Пярэдадзень Каляд і Новага года — добрая нагода для тыдня замежнай мовы, таму што пры яго падрыхтоўцы і правядзенні атрымліваецца рэалізаваць пастаўленыя перад прадметам задачы:

• актывізаваць работу па прапагандзе традыцый краін вывучаемай мовы з масавым прыцягненнем навучэнцаў школы да пазакласнай дзейнасці;

• фарміраваць сацыякультурную кампетэнцыю навучэнцаў;

• прывіваць паважлівае стаўленне да традыцый і звычаяў розных краін;

• забяспечыць умовы для павышэння матывацыі вучняў да вывучэння замежнай мовы;

• абагульніць і сістэматызаваць веды вучняў;

• развіваць творчыя здольнасці вучняў.

Традыцыйна тыдзень замежнай мовы пачаўся з урачыстага адкрыцця, на якім дзеці дзякуючы выкарыстанню мультымедыйных прэзентацый і відэаролікаў ажыццявілі віртуальнае падарожжа ў краіны вывучаемых моў.

З мэтай развіцця камунікатыўнай культуры, каштоўнасных арыентацый, самаадукацыйнага патэнцыялу вучняў і іх сацыякультурнага развіцця навучэнцы 10—11 класаў удзельнічалі ў анлайн-перапісцы з аднагодкамі з ЗША ў рамках міжнароднага праекта Myschool. Yourschool, а таксама ў дыскусіях на форуме iEARN. Яны размяшчалі фота- і відэаматэрыялы, створаныя сродкамі візуалізацыі інфармацыі KIZOA падчас правядзення тыдня.

Навучэнцы 8—11 актыўна ўдзельнічалі ў інтэрнэт-конкурсе па англійскай мове Mypets на платформе “МетаШкола”. Пры выкананні заданняў удзельнікі конкурсу змаглі прымяніць набытыя на ўроках замежнай мовы веды і атрымаць дыпломы.

Вучні 5—6 класаў працавалі над праектам HolidayCardExchange iEARN. Яны вырабілі сваімі рукамі паштоўкі ў нацыянальнай тэхніцы і паслалі партнёрам па перапісцы ў Тайвань, Расію, ЗША. У паштоўках навучэнцы змаглі прадставіць сваю краіну і культуру. Характэрна, што школьнікі атрымалі паштоўкі ад сваіх аднагодкаў з-за мяжы менавіта на тыдні замежнай мовы.

З мэтай азнаямлення школьнікаў са звычаямі і традыцыямі святкавання каталіцкіх Каляд была праведзена “Калядная сустрэча” з прадстаўніком Рымскай Каталіцкай Царквы айцом Рыгорам (ксёндз Гжэгаж Ксенджэк). Акрамя таго, госць пераканаў школьнікаў у важнасці вывучэння замежных моў, якія даюць магчымасць бесперашкодна мець зносіны з прадстаўнікамі розных народаў і здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Не меншую цікавасць у вучняў 5—7 класаў выклікала выкананне камандных інтэрактыўных заданняў на платформе LearningApps, дзе школьнікі змаглі паказаць не толькі веды мовы, але і валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі.

З мэтай далучэння да культурнай спадчыны Германіі вучні, якія вывучаюць нямецкую мову, падрыхтавалі калаж “Славутасці Германіі”. Падчас выканання гэтай работы школьнікі паўтарылі адміністрацыйнае дзяленне, згадалі вядомых людзей, помнікі, геаграфічныя асаблівасці краіны.

На закрыцці тыдня, які, вядома, быў прысвечаны святкаванню Каляд, навучэнцы прадэманстравалі свае таленты. Увазе гасцей былі прадстаўлены сцэнкі, вершы, музычныя нумары. Акрамя гэтага, быў паказаны флэшмоб аматараў нямецкай мовы.

Самыя актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі. Завяршылася мерапрыемства мультымедыйнай прэзентацыяй, у якой былі адлюстраваны самыя яркія моманты свята.

Нягледзячы на тое, што святкаванне тыдня замежнай мовы скончылася, праца па ўдасканаленні маўленчых уменняў і навыкаў навучэнцаў працягваецца: іх чакаюць інтэрнэт-алімпіяды, дыскусіі на форуме iEARN і, вядома, урокі замежнай мовы.

Т.ПАГАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 1 Чавус Магілёўскай вобласці.