Пераемнасць традыцый

- 9:00Выхаванне

Сотні школьных музеяў гасцінна сустракалі наведвальнікаў у дні восеньскіх канікул. Краязнаўчыя, літаратурныя, этнаграфічныя, прыродазнаўчыя, мастацкія…

Сярод гэтай багатай палітры музеі баявой славы займаюць асаблівае месца. Мяняюцца эпохі і пакаленні, развіваюцца тэхналогіі, аднак нязменнай каштоўнасцю для беларусаў застаецца памяць пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтую памяць якраз і захоўваюць музеі ваенна-гістарычнага профілю. Многія з іх ствараліся яшчэ ў савецкія часы настаўнікамі-франтавікамі, у тым ліку музей гімназіі № 11 Мінска імя І.Д.Чарняхоўскага.

Народны музей “Вызваленне Беларусі” гімназіі № 11 Мінска імя І.Д.Чарняхоўскага (былой 103-й школы) адкрыты ў далёкім 1966 годзе па ініцыятыве настаўнікаў-франтавікоў.
Гэта адзін са старэйшых школьных музеяў Беларусі.

Усё пачыналася ў далёкія 60-я. Мінула амаль 20 гадоў, як скончылася вайна. Мірнае жыццё вялікай краіны паступова наладжвалася, развівалася эканоміка, прамысловасць, сацыяльная сфера. У айчыннай сістэме адукацыі ў гэты час быў сапраўдны бум на музейную і краязнаўчую дзейнасць. Тысячы вучняў разам з настаўнікамі адпраўляліся ў паходы па месцах баявой і працоўнай славы. У выніку гэтых паходаў і ствараліся школьныя музеі.

Не стала выключэннем і 103-я мінская школа (сёння гімназія № 11). Сталіца Беларусі ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі праславілася ў першую чаргу мужнасцю падпольшчыкаў, таму адпаведнай стала і тэматыка музея. Яшчэ былі жывыя ўдзельнікі падполля, яны ахвотна дзяліліся сваімі ўспамінамі з вучнямі, перадавалі асабістыя рэчы. Па словах дырэктара гімназіі Вольгі Леанідаўны Бойка, на аснове гэтых матэрыялаў і была створана экспазіцыя. Сёння тэма гісторыі мінскага падполля займае цэнтральнае месца ў экспазіцыі народнага музея “Вызваленне Беларусі”.

У музеі можна азнаёміцца з арыгінальным фотаздымкам І.Д.Чарняхоўскага перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама з картай Усходняй Прусіі з аўтографам генерала.

“Нямецка-фашысцкая акупацыя Мінска доўжылася 1100 дзён з 28 чэрвеня 1941 па 3 ліпеня 1944 года. Па афіцыйнай статыстыцы, у мінскім падполлі змагаліся больш за 9 тысяч чалавек. Яны ­здзейснілі 1304 дыверсіі, вывезлі з горада каля 10 тысяч ваеннапалонных і мінчан, стварылі 50 партызанскіх атрадаў, тым самым фактычна блакіравалі горад, прымушаючы акупантаў абараняцца. За мужнасць і гераізм званне Героя Савецкага Саюза прысвоена васьмі падпольшчыкам. Каля 600 узнагароджаны ордэнамі і медалямі”, — расказваюць юныя экскурсаводы.

Жудро, Кабушкіна, Казінца, Каржанеўскага, Клумава — усе гэтыя сталічныя вуліцы названы ў гонар мінскіх падпольшчыкаў. І пра кожнага з іх у музеі прадстаўлена падрабязная інфармацыя. Уражанне на экскурсантаў аказвае цытата з ліста падпольшчыка І.К.Казлова, напісанага 27 снежня 1942 года і адрасаванага таварышам па барацьбе: “Жыць дзеля Радзімы, дзеля свабодалюбівага народа, змагацца за гонар і свабоду яго — у гэтым уся прыгажосць жыцця”.

У музеі знаходзіцца карта-схема дзейнасці мінскага падполля. Таксама прадстаўлены асабістыя рэчы, сярод якіх найбольш каштоўным і ўнікальным з’яўляецца даміно з хлеба, якім гулялі вязні мінскай турмы падчас нямецка-фашысцкай акупацыі. Перадалі рарытэты родныя падпольшчыцы Марыі Осіпавай. Упрыгажэннем экспазіцыі з’яўляюцца і асабістыя рэчы ўдзельніцы аперацыі “Возмездие” па ліквідацыі гаўляйтара Вільгельма Кубэ Алены Мазанік (яе ганаровы студэнцкі білет медінстытута, грамата і юбілейны медаль). Дарэчы, Алена Рыгораўна неаднаразова ў 80-я гады наведвала 103-ю школу і дзялілася ўспамінамі пра вайну. У музеі часта праводзяцца экскурсіі кшталту “Гісторыя аднаго экспаната”. Незвычайнымі героямі аповедаў становяцца і рэчы, звязаныя з жыццём генерала Івана Чарняхоўскага.

“Наша гімназія з гонарам носіць імя Івана Данілавіча Чарняхоўскага, камандуючага Трэцім Беларускім фронтам. Нара­дзіўся Іван Данілавіч недалёка ад украінскай Умані ў сям’і чыгуначнікаў. Вучыўся ў Адэскай пяхотнай школе. Праз некаторы час яго пераводзяць у Кіеўскую артылерыйскую школу. Вучыўся выдатна, быў капітанам футбольнай каманды. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны камандаваў 28-й дывізіяй. Пад яго камандаваннем часцямі Трэцяга Беларускага фронту былі паспяхова праведзены Віцебска-Аршанская, Мінская, Вільнюская аперацыі. За паспяховае правядзенне аперацыі “Баграціён” Чарняхоўскі другі раз быў узнагароджаны “Залатой Зоркай” з прысваеннем звання Героя Савецкага Саюза. Аднак жыццё генерала раптоўна абарвалася. 18 лютага 1945 года падчас аб’езду часцей разарваўся снарад. Генерал атрымаў асколачнае раненне ў грудзі”, — паведамілі экскурсаводы.

Гэта невялікая частка інфармацыі пра І.Д.Чарняхоўскага, з якой могуць азнаёміцца наведвальнікі. Падрабязны аповед пра дакументы і старыя фотаздымкі (у тым ліку арыгінальны фотаздымак генерала перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама карта Усходняй Прусіі з яго аўтографам) можа заняць каля гадзіны. А на грунтоўнае знаёмства са стэндамі, матэрыяламі дапаможнага фонду можа пайсці не адзін дзень. Наогул, кіраўнік музея Галіна Яўгенаўна Гірш распрацавала экскурсіі рознай працягласці, у залежнасці ад узросту наведвальнікаў. Пра вызваленне Беларусі юныя экскурсаводы могуць расказваць не толькі на беларускай і рускай, але і на англійскай, і нават на кітайскай мове. Нядзіўна, што музей часта наведваюць замежныя госці.

Супрацоўніцтва — аснова дзейнасці музея. Супрацоўніцтва з роднымі ўдзельнікаў мінскага падполля, роднымі Івана Данілавіча Чарняхоўскага… З 2006 года актыўнае супрацоўніцтва вядзецца і з Беларускай Праваслаўнай Царквой у рамках духоўна-асветніцкага праекта “Логас”. Музей 11-й гімназіі з’яўляецца цэнтрам не толькі ваенна-патрыятычнага, але і духоўна-маральнага выхавання.

Сярод унікальных экспанатаў — даміно з хлеба, якім гулялі вязні мінскай турмы падчас нямецка-фашысцкай акупацыі. Перадалі рарытэты родныя падпольшчыцы Марыі Осіпавай.

Больш за 200 музеяў баявой славы дзейнічаюць ва ўстановах адукацыі краіны. Многія з іх (як народны музей “Вызваленне Беларусі”) створаны яшчэ ў савецкія часы. Традыцыі, закладзеныя настаўнікамі-франтавікамі, беражліва захоўваюцца сённяшнімі педагогамі. Пераемнасць пакаленняў — залог поспеху ў выхаваўчай рабоце.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.