У гасцях у Снегавіка

- 16:27Нам пішуць

Цудоўныя зімовыя канікулы! Навагоднія і Калядныя святы цягнуцца так доўга. У гэты чароўны час усе атрымліваюць падарункі, усюды па-святочнаму прыгожа, ва ўсіх вясёлы настрой. У сярэдняй школе № 7 Навагрудка падчас канікул весела яшчэ і таму, што святкуюць разам з малодшымі сябрамі. У госці ў школу прыйшлі выхаванцы дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 і ясляў-сада № 8, каб разам карысна бавіць час, прымаючы ўдзел у квест-гульні “У гасцях у Снегавіка”. Пераемнасць паміж дашкольнымі ўстановамі і школай цягнецца няспынна. Важна, каб педагогі і выхавальнікі былі разам не толькі ў штодзённай працы, але і ў святы. Ад таго, як часта і якасна будуць адбывацца такія сустрэчы, залежыць, куды пойдуць выхаванцы дашкольных устаноў у першы клас.

Чарговы раз падчас гульні не толькі сустрэліся з казачнымі героямі, але і наведалі школьны музей беларускага быту, дзе змаглі сваімі рукамі патрымаць некаторыя старажытныя рэчы. Было вельмі цікава і незвычайна пакарыстацца пранікам, верацяном, маслабойкай, прасам. Менавіта так выхоўваецца любоў да Радзімы. Запомнілі шмат беларускіх слоў, тым больш што дзве групы ў дзіцячым цэнтры беларускамоўныя, хочацца, каб дзеці прыйшлі ў беларускамоўны клас. Практыка такой работы ў школе існуе шмат гадоў.

Сёлетнія выхаванцы дашкольных устаноў вельмі актыўныя і цікаўныя. Яны ведаюць шмат вершаў, умеюць разгадваць загадкі, знаходзіць адрозненні ў малюнках, пазнаваць герояў і назвы казак. Яны даволі спрытныя падчас спартыўных спаборніцтваў. Гэта яны прадэманстравалі на станцыях “Марозная”. “Ялінкавая”, “Музейная”, “Спартыўная”, “Загадкавая”, “Снежная”. А самыя лепшыя аказаліся станцыя “Танцавальная” і “Забаўляльная” — так весела танцаваць з Дзедам Марозам і са Снягуркай не ўдавалася больш нікому. А калі ўжо гуляць у снежкі, дык па-сапраўднаму і разам са сваімі выхавальнікамі, казачнымі героямі і з настаўнікамі школы. Яшчэ не школьнікі, але малышы паказалі, што ўжо ведаюць літары. На кожнай станцыі за правільна выкананае заданне атрымлівалі па літары, з якіх на апошнім прыпынку кожная каманда склала слова “снегавік”. І казачны герой з’явіўся, каб павітаць гасцей, пагуляць з імі і ўручыць падарункі. Было цікава ў гасцях у Снегавіка.

Перамагло сяброўства. Каманды атрымалі граматы за ўдзел у свяце і салодкія падарункі. Карысна было ўсім. Настаўнікі знаёміліся з будучымі вучнямі, выхавальнікі радаваліся добрымі поспехамі малых, а дзеці пабывалі ў новым будынку, пазнаёміліся з самай вялікай у раёне школай, пабывалі ў розных яе памяшканнях (спартзала, кабінеты, музей, калідоры, бібліятэка) і засталіся вельмі задаволеныя. Выказалі жаданне вучыцца толькі ў сярэдняй школе № 7 і пра гэта раскажуць сваім бацькам.

А наперадзе шмат работы з бацькамі, новыя сустрэчы з дзецьмі, работа сацыяльна-псіхалагічных службаў, настаўнікаў і выхавальнікаў, каб будучым першакласнікам было прыемна, камфортна і небяспечна ў школе.