Сям’я, дзіцячы сад і школа — тры неад’емныя, важныя часткі выхавання і адукацыі дзіцяці. Над наладжваннем узаемадзеяння паміж імі працуюць у многіх установах адукацыі. У Барысаўскім раёне нават створаны рэсурсны цэнтр “Пераемнасць сямейнага выхавання, дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.
Рэсурсны цэнтр працуе на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Барысава. І гэта невыпадкова. Ва ўстанове склалася паспяховая сістэма работы па пераемнасці сямейнага выхавання, дашкольнай і пачатковай адукацыі. У 2012 годзе цэнтр браў удзел у міжнародным міні-праекце “Прабацькі і ўнукі — VMESTE.BY”, у рамках якога да выхаваўчага працэсу актыўна прыцягвалі бабуль і дзядуляў. Пасля гэтага ДЦРД працягнуў працаваць над уласнымі праектамі ў дадзеным кірунку. Праекты цэнтра не раз станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі раённага агляду-конкурсу праектаў “Дзіцячы сад — сям’я — усе разам”. У 2014 годзе тут быў адкрыты рэсурсны цэнтр.
ДЦРД цесна ўзаемадзейнічае з гімназіяй № 3 Барысава ў пытанні пераемнасці. Дашкаляты ходзяць у пачатковыя класы гімназіі, каб паглядзець, што такое клас, як праходзіць урок. Настаўнікі пачатковых класаў — частыя госці ў дашкольным цэнтры. Яны падказваюць выхавальнікам старшых груп, на што звярнуць увагу, каб лепш падрыхтаваць дзіця да школы. Ладзяцца сумесныя святочныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Дашкаляты запрашаюць маленькіх школьнікаў на мерапрыемствы ў ДЦРД. Некаторыя школьнікі займаюцца ў мастацкай студыі ДЦРД разам з яго выхаванцамі. Дзеці знаёмяцца, сябруюць і потым, трапляючы ў гімназію, бачаць знаёмых, таварышаў і не адчуваюць дыскамфорту. Пераемнасць ёсць і ў даследчай дзейнасці — практычна ўсе дзеці, што пачалі свае даследаванні ў дашкольнай установе, працягваюць займацца гэтым і ў школе. Некаторыя нават працягнулі працаваць над той жа тэмай, якую распачалі ў ДЦРД, пашырыўшы і паглыбіўшы яе. Словам, ва ўстанове назапашаны багаты вопыт работы па стварэнні спрыяльных умоў для пераемнасці.
Рэсурсны цэнтр створаны для аказання метадычнай дапамогі педагогам дашкольных устаноў раёна і для іх педагагічнага суправаджэння па пераемнасці сямейнага выхавання, дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У структуру рэсурснага цэнтра ўваходзяць інфармацыйна-метадычны кабінет, праблемная група, бібліятэка. У бібліятэцы прадстаўлена псіхолага-педагагічная літаратура і перыядычны друк па тэме рэсурснага цэнтра, афармляюцца і абнаўляюцца выставы метадычных матэрыялаў, педагогі раёна інфармуюцца аб наяўнасці матэрыялаў, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсаў, па адпаведнай тэматыцы. Шмат матэрыялаў размяшчаецца на сайце ўстановы, дзе ёсць спецыяльны раздзел. Інфармацыйна-метадычны кабінет прадугледжвае назапашванне і сістэматызацыю інфармацыйных і метадычных матэрыялаў, папаўненне імі віртуальнага кабінета па рабоце з сям’ёй. Праблемная група рэсурснага цэнтра плануе работу, арганізоўвае і праводзіць майстар-класы, семінары-практыкумы, аналізуе вынікі работы ўстановы, забяспечвае ўзаемадзеянне з педагогамі раёна, аказвае кансультацыйную дапамогу.
Прадстаўнікі рэсурснага цэнтра актыўна ўдзельнічаюць у рабоце раённых метадычных аб’яднанняў, у якіх дзеляцца вопытам работы і карыснай інфармацыяй. Два разы на месяц для педагогаў і бацькоў праводзяцца кансультацыі па розных тэмах. Запатрабаванай формай работы рэсурснага цэнтра сталі трохбаковыя сустрэчы — тэматычныя мерапрыемствы, удзел у якіх прымаюць работнікі дашкольнай установы, пачатковай школы і бацькі. Напрыклад, у такім фармаце абмяркоўваліся праблемы маўленчай падрыхтоўкі дзяцей да школы, а таксама праходзіў круглы стол, прысвечаны прычынам парушэння чытання і пісьма. Бацькі маглі атрымаць карысную інфармацыю і задаць свае пытанні. Практыкуюць у рэсурсным цэнтры і такую форму работы, як вэбінар. Яна з’яўляецца вельмі зручнай для бацькоў. Перад летнім адпачынкам менавіта ў такім фармаце з татамі і мамамі дашкольнікаў-выпускнікоў абмеркавалі, як арганізаваць летні час дзіцяці, каб яно і адпачыла, і падрыхтавалася да школы. Акрамя таго, у рамках работы рэсурснага цэнтра дзейнічае сямейны клуб “Дружная сям’я”.
ДЦРД стаў тым месцам, дзе сканцэнтравана ўся самая актуальная інфармацыя па арганізацыі пераемнасці, прадстаўлены перадавы вопыт. І цэнтр гатовы дзяліцца гэтым вопытам з усімі, хто мае ў ім патрэбу.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.