Перамога парламентарыяў Горацкай гімназіі ў конкурсах і мерапрыемствах “Скарынаўскія дні — 2018 у Полацку”

- 16:48Нам пішуць

З сярэдзіны жніўня ў гімназістаў пачалася падрыхтоўка да ўдзелу ў конкурсах скарынаўскіх дзён “Полацк 2018”. Час ляцеў непрыкметна ў зносінах, творчасці і крэатыве настаўнікаў і вучняў. І вось на завочны конкурс пададзены два тэматычныя відэаролікі, аб’яднаныя агульнай тэмай і прысвечаныя Году малой радзімы. Салісты вакальнай студыі “Асалода” (кіраўнік Ірына Уладзіміраўна Філіпцова) падрыхтавалі і знялі відэакліп на песню “Беларусь — мая песня!”. Актывісты гімназічнага парламента і пярвічкі БРСМ “Стрымлайн” Іван Самусеў і Яна Шарснёва пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Юліі Мікалаеўны Варанцовай знялі відэаролік, прысвечаны нашаму любімаму гораду Горкі на тэму “Мне выпала шчасце тут нарадзiцца”. Падчас анлайн-галасавання ў Полацку абодва гімназічныя ролікі ўдастоены дыпломаў I ступені і двух дыпломаў “Прыз глядацкіх сімпатый”.

Асінхронны турнір па інтэлектуальных гульнях сабраў юных знаўцаў гімназіі 28 жніўня. У склад каманды ўвайшлі пераможцы прадметных алімпіяд Аляксей Гудкоў (10 клас), Яна Шарснёва (11 клас), Ксенія Плоткіна (11 клас), Настасся Тарадзеева (9 клас) і фіналісты рэспубліканскага тэлепраекта “Я ведаю” Дар’я Цыркунова і Мікіта Юсупаў (10 клас). Па выніках гульні ў туры “Скарынаўскі скрутак” каманда заняла I месца, а ў туры “Што? Дзе? Калі? — спартыўны варыянт” — III месца.

Трое гімназістаў прынялі ўдзел у вочнай скарынаўскай алімпіядзе: Ксенія Плоткіна ў конкурсе выканаўцаў мастацкіх твораў удастоена дыплома II ступені; Кірыл Гуркоў (11 клас) заняў III месца ў конкурсе прамоўцаў “Рэаліі жыцця: за і супраць”. Таццяна Антоненка (10 клас) заваявала дыплом II ступені ў прадметнай алімпіядзе па гісторыі “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”.

Лідар гімназічнага самакіравання, член гарадскога парламента Настасся Тарадзеева ўзяла ўдзел у маладзёжных трэнінгах і майстар-класах. Тры дні ў Полацку былі напоўнены зносінамі, экскурсіямі па полацкай зямлі, наладжваннем мастоў дружбы і дэманстрацыяй свайго кругагляду, эрудыцыі і прыязнасці.

Перамогі вучняў і настаўнікаў гімназіі папоўнілі скарбонку дасягненняў нашай навучальнай установы і стануць добрым стартам на шляху новых адкрыццяў і перамог у 2018/2019 навучальным годзе.

Юлія ПАНАМАРОВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Горак Магілёўскай вобласці.