Пераможцаў конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі” — 2017” ганаравалі ў Мінску

- 11:17Інфармацыйная гадзіна

Рэспубліканскі конкурс “Залатое пяро “Белай Русі”, арганізаваны РГА “Белая Русь” пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Інстытута журналістыкі БДУ, прайшоў пяты раз. У творчым спаборніцтве маглі прыняць удзел маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў (у намінацыі “Беларусь вачыма дзяцей” — дзеці і юнакі ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў). Па выніках раённых і абласных этапаў конкурсу былі адабраны лепшыя 86 работ.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі” — 2017” адбылася 21 верасня ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў прысутнасці кіраўніцтва РГА “Белая Русь”, прадстаўнікоў творчай і навуковай грамадскасці, настаўніцтва і школьніцтва, працоўных калектываў з самых розных куткоў краіны. Як адзначыў на адкрыцці свята старшыня “Белай Русі” Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, сёння вельмі важна, асабліва ў рэгіёнах, падтрымаць тых таленавітых юных і маладых людзей, якія робяць першыя крокі ў літаратуры і журналістыцы. “Гэта крайне неабходна, каб побач з пачаткоўцам быў вопытны чалавек, прафесіянал, настаўнік, які падказаў бы яму, як правільна бачыць і ацэньваць жыццё, як правільна вызначыць жыццёвыя вектары, распазнаць тых людзей, якія рухаюць жыццё наперад, як правільна расставіць кропкі, коскі, пытальнікі і клічнікі і ў тэкстах, і ў жыцці, — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч. — І гэта, дзякуй богу, у нас атрымліваецца. Бо конкурс “Залатое пяро “Белай Русі” пачынаўся якраз у рэдакцыях раённых газет, дзе актывісты нашай арганізацыі разам з рэдактарамі гэтых газет знаходзілі таленавітых пішучых дзяцей”.

Па словах старшыні РГА “Белая Русь”, конкурс “Залатое пяро “Белай Русі” меў на мэце найперш фарміраванне здаровай ідэалагічнай асновы грамадства менавіта праз пішучых людзей з унутраным стрыжнем. “Я быў надзвычай уражаны глыбокімі развагамі ўдзельнікаў конкурсу пра ўсе неадназначнасці феномена інтэрнэту, будучыню папяровых і электронных сродкаў масавай інфармацыі, многія іншыя глабальныя праблемы сучаснасці, — прызнаўся Аляксандр Міхайлавіч. — А некаторыя работы, у якіх юныя людзі расказвалі пра свае сем’і, нават выклікалі слёзы. У многіх творах ужо адчуваліся будучыя майстры пяра, але сёння іх трэба яшчэ шліфаваць, вучыць, падтрымлі-ваць. Яны павінны пастаянна знаходзіцца ў творчай аўры. Гэта наша будучыня, гэта тыя людзі, якія будуць рабіць яшчэ больш прыгожай нашу краіну”.

У кожнай з чатырох намінацый конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі” — 2017” былі вызначаны тры прызавыя месцы.

У намінацыі “Журналістыка ХХ стагоддзя” (даследчыя эсэ з індывідуальнымі ўражаннямі і развагамі на тэму праблем і тэндэнцый развіцця сучасных СМІ і іх уплыву на светапогляд моладзі) пераможцамі сталі Марыя Фядзюшкіна з Магілёва (1-е месца), Віталь Герцэў з Баранавіч (2-е месца) і Галіна Стральчук з Мінска (3-е месца).

У намінацыі “Беларусь вачыма дзяцей” (друкаваныя матэрыялы пра культурна-гістарычную і духоўную спадчыну Беларусі) перамаглі Ілья Руткевіч з Заслаўя (1-е месца), Валерыя Снарова і Мікіта Хрол з Віцебска (2-е месца), Яна Куроўская з аграгарадка Пагародна Воранаўскага раёна (3-е месца).

У намінацыі “Сямейны альбом” (мастацкая фатаграфія з адлюстраваннем каштоўнасці сямейных традыцый і сувязі пакаленняў) лепшымі былі вызначаны Аляксей Капшуль з Глыбокага (1-е месца), Кацярына Ліхачэўская са Стоўбцаў (2-е месца) і Дар’я Лемяшэўская з Пінска (3-е месца).

У намінацыі “Твой погляд” (відэапраекты аб праблемах падрастаючага пакалення беларусаў) прызавыя месцы занялі Таццяна Ятчук з аграгарадка Дзмітравічы Камянецкага раёна (1-е месца), Ганна Новікава і Марыя Трыфанава з вёскі Падбярэззе Віцебскага раёна (2-е месца), Аляксей Гамалій з Мінска (3-е месца).

Пасля цырымоніі ганаравання пераможцаў конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі” — 2017” адбыўся цудоўны святочны канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. У бліскучым выкананні музыкантаў прагучалі бессмяротныя творы Людвіга ван Бетховена, Антаніна Дворжака, Антоніа Вівальдзі, Амількарэ Панк’елі, Марыса Равеля і прэм’еры на музыку беларускіх кампазітараў Галіны Гарэлавай і Андрэя Мдзівані.

Мікола ЧЭМЕР.