Першае зерне

- 11:46Прафесіяналы, Суразмоўца, Суразмоўца

Педагог Гожскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Аляксей Пілюкоў у час жніва дапамагае гаспадарцы.

З Аляксеем Уладзі­мі­равічам я сустрэлася на зернесушыльным комплесе СВК “Гожа” Гродзенскага раёна. У гэты дзень ён заступіў на змену, але працаваць прыхо­дзіцца суткі, затым можна двое адпачываць. Работа не з лёгкіх, але прафесійны спартсмен не скар­дзіцца і нават знаходзіць у гэтым нейкую рамантыку. Дапамагаць гаспадарцы летам прыйшоў упершыню, раней у гэты час працаваў у дзіцячым аздараў­ленчым лагеры “Дружба”.

— Хацелася змяніць сферу дзейнасці, — расказвае Аляксей Пілюкоў. — У спорце так заведзена: на лета мы распускаем дзяцей, каб яны адпачылі, аднавіліся пасля трэніровак. Вось і я вырашыў змя­ніць спецыфіку работы. Мне заўсёды хацелася папраца­ваць у аграрным сектары. Яшчэ ў падлеткавым узросце, знахо­дзячыся на канікулах у бабулі, пайшоў працаваць на зернесклад, тады нам давяралі прос­тыя падсобныя работы. А цяпер вырашыў пры­няць удзел ва ўборачнай кампаніі. Старшыня СВК “Гожа” Э.Р.Ба­люк прапанаваў работу на зернесушылцы. Я зга­­дзіў­­ся і не пашкадаваў.

Цяпер зона адказнасці педагога — якасць высушанага зерня. Ён кантралюе пра­цэс яго загрузкі ў загрузачную частку зернесушылкі, а затым выгрузкі, каб усё прайшло без збояў. Педагог гаворыць, што вельмі карысна змяніць на час сваю дзейнасць і проста займацца фізічнай працай.

— Работа цікавая, я нават сказаў бы, рамантычная, — дадае Аляксей Ула­дзіміравіч. — У пяць гадзін раніцы так прыемна назі­раць, як устае сонейка, слу­хаць, як пяюць птушкі, адчуваць прыемны водар свежага зерня. Усё гэта мяне вельмі натхняе. Упэўнены, што падчас такой працы я адпачну душой і з новымі сіламі вярнуся ў школу да сваіх выхаванцаў.

Тут жа на зернесушыльным комплесе працу­юць і школьнікі. Адзінаццацікласнік Раман Жукоўскі і выпускнік Гожскай школы, а сёння навучэнец кале­джа камунальнай гаспадаркі ­Аляксандр Фурмантовіч расказалі, што працай у гас­падарцы задаволены. Дапамагаюць з зернем, зграбаюць, каб не прапала ніводнае зярнятка.

Дарэчы, СВК “Гожа” на працягу многіх гадоў у летні час прадастаўляе школьнікам работу. Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гож­скай сярэдняй школы Жанна Завіноўская, у пачатку лета на базе школы быў арганізаваны лагер працы і адпачынку, выхаванцы якога дапамагалі гаспадарцы. Дзеці заўсёды з ахвотай ідуць у такі лагер, бо тут і заня­тасць у летні час, і добры заробак.

Тым часам у школе дзеці чакаюць Аляксея Пілюкова не толькі як настаўніка, але і як трэнера. У 2013 го­дзе ён прыйшоў у Гожскую сярэднюю школу, маючы за плячыма вучобу ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, Гро­дзен­скім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, работу трэнерам і настаўнікам.

— Калі пераехалі з сям’ёй у Гожу, пайшоў працаваць у школу, таму што хацеў займацца з дзецьмі. Калі яшчэ сам трэніраваўся, бачыў, як да мяне адносяцца трэнеры. Вось і мне захацелася перадаць свой вопыт дзецям. А дзе гэта можна зрабіць, як не ў школе? Дапамагае мая спартыўная загартоўка, я ведаю, якую нагрузку даць дзецям, як дапамагчы аднавіцца і паказаць больш высокія вынікі, — расказ­вае настаўнік фізічнай культуры і здароўя.

Як толькі трапіў у школу, Аляксей Пілюкоў пачаў культываваць тут свой любімы від спорту — цяжкую атлетыку. Выйшаў на кіраўніц­тва Скі­дзельскай СДЮШАР, прапанаваў адкрыць у школе секцыю цяжкай атлетыкі, і яму пайшлі насустрач, дапамаглі з абсталяваннем. Фінансавыя сродкі на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыю выездаў дзяцей на спаборніцтвы выдзяляе і СВК “Гожа”. Спачатку крыху сумняваліся бацькі. Але час паказаў, што дзецям падабаецца і ў іх усё атрымліваецца. Ужо ў першы год трэнер пад­рыхтаваў 5 чэмпіёнаў вобласці. Цяпер бацькі прыводзяць у секцыю нават маленькіх дзяцей.

За 9 гадоў работы ў школе Аляксей Пілюкоў пад­рыхтаваў 3 майстроў спорту, прычым усе яны дзяўчаты, 4 кандыдатаў у майстры спорту, 6 чалавек увайшлі ў склад нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы. Тры гады Гожская школа прызнавалася самай спартыўнай школай Гро­дзенскай вобласці. Год назад калега Аляксея пачаў развіваць тут лёгкую атлетыку.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.