Першыя ганарары юных творцаў

- 10:49Выхаванне

Пераможцы творчага дзіцяча-юнацкага конкурсу “Прырода і жывёльны свет Беларусі” атрымліваюць узнагароды ад кіраўніцтва Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Вучань 6 класа Чонкаўскай базавай школы Гомельскага раёна Максім Каляснёў пакуль не вызначыўся з жыццёвым прызначэннем. Гаворыць, што з прадметаў больш за ўсё любіць матэматыку. Аднак хлопчык атрымаў узнагароды за ўдзел у конкурсе “Прырода і жывёльны свет Беларусі”. Між іншым, у намінацыі “Літаратурны твор”. Яго верш “Свет прыроды” ўразіў арганізатараў, якія ацанілі паэтычныя спробы хлопчыка дыпломам ІІІ ступені. А ўсё, гаворыць Максім, пачалося са звычайнага дамашняга задання па беларускай мове:

— Верш трэба было скласці. Атрымалася пры дапамозе бацькоў і настаўніцы Наталлі Ула­дзіміраўны Чарняковай. Яна праверыла рыфмы, рытм і дапамагла ўсё аформіць.

Дарэчы, шасцікласнік за свой верш атрымаў першы ганарар — 100 рублёў. Хлопчык гаво­рыць, што збірае грошы на тэнісны стол. Між іншым, шасцікласнік вызначыўся ў гэтым конкурсе і ў намінацыі фотаработ.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Чонкаўскай базавай школы Надзея Зайцава адзначае, што настаўнікі актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх конкурсах, якія прапаноўваюцца:

— За першае паўгоддзе ў нас было 20 конкурсаў. Сем з іх прынеслі ўзнагароды. Гэты ўжо восьмы — выніковы.

У сярэдняй школе Цярэшкавіч Гомельскага раёна з перамогай віншавалі адзінаццацікласніцу Настассю Цясёлкіну. Дзяўчына ўзяла некалькі дыпломаў рознага ўзроўню ў адной намінацыі — “Малюнак”. Намаляваная ёю рысь уразіла прадстаўнікоў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, якія аддалі ўрэшце Настассі і першае месца на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Настаўнік і кіраўнік таленавітай дзяўчынкі Ірына Галічэнка гаворыць, што яе вучаніца адораная ад прыроды, усе яе сваякі таксама. Але ж доўгі час Насця не хацела ўдзельнічаць у конкурсах:

— Насця вельмі сціплая дзяўчынка, і ўсё ж мы выйшлі з ёй на конкурсны ўзровень. Я прапанавала намаляваць сімвал Гомеля — рысь. Потым у кампазіцыю ўключылі і рысяня.

Жывёлы ў Настассі Цясёлкінай атрымліваюцца лепш за ўсё. Іх яна малюе ў змяшаных тэхніках. Выкарыстоўвае акварэль, алоўкі. Свой далейшы лёс дзяўчынка вельмі хоча звязаць з выяўленчай творчасцю:

— Буду спрабаваць паступаць у Гомельскі каледж народных промыслаў. Магчыма, потым стану ілюстратарам кніжак. Цяпер для малявання выкарыстоўваю і імкнуся развіваць як традыцыйныя тэхнікі, так і Digital.

Сваю прэмію ў 130 рублёў дзяўчына патраціць на прылады для малявання. Старшыня Гомельскай абласной арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Сяргей Марчанка, які ўручыў таленавітым дзецям падарункі і дыпломы, адзначыў, што на гэты конкурс на абласным узроўні паступіла каля 200 работ па трох намінацыях: малюнку, фатаграфіі, літаратурных творах. Вызначыць самыя лепшыя было вельмі няпроста:

— Конкурс “Прырода і жывёльны свет Беларусі” аб’яднаў юных знаўцаў жывёльнага і расліннага свету нашай краіны. Ён паказаў, што дзеці падышлі да яго вельмі сур’ёзна і нават прафесійна. Дарэчы, усім пераможцам мы ўручылі пасведчанні членаў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Калі ім споўніцца 18 гадоў, дакументы можна будзе бясплатна памяняць на сапраўдныя.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.