Першыя і адзіныя

- 17:10Гомельшчына, Прэс-тур

Цэнтр юных пажарных у Мазыры, які да нядаўняга часу называўся клубам і дагэтуль вядомы пад такім брэндам, быў першай падобнай установай у Беларусі. Як сцвярджае яго кіраўнік Аляксандр Уладзіміравіч Баравік, які кіруе цэнтрам з дня яго заснавання, да гэтага часу такая ўстанова адукацыі адзіная ў краіне. Створаны клуб у 1991 годзе, тут быў адкрыты невялікі камп’ютарны клас, тэхніку для якога падарыла пажарная служба. Спынюся на дзейнасці юных пажарных.

— Цэнтр юных пажарных працуе па чатырох кірунках, — расказвае дырэктар установы. — Першы — гэта пажарна-ратавальны спорт, другі — пажарна-тэхнічнае мадэляванне, ёсць яшчэ спартыўнае мадэляванне і спартыўнае праграмаванне. Усяго ў цэнтры займаюцца 300 школьнікаў, якія аб’ядноўваюцца ў 20 груп.

Пра поспехі апошняга з названых кірункаў дзейнасці клуба ведаюць, канечне, многія нашы чытачы, але значныя перамогі ёсць у выхаванцаў цэнтра і па іншых кірунках. Напрыклад, у тых, хто займаецца пажарна-ратавальным спортам. Заняткі па ім, дарэчы, праводзяцца не толькі на вучэбна-трэніровачнай базе ПАРЧ № 1 Мазырскага гар(рай)аддзела па надзвычайных сітуацыях, дзе ёсць, акрамя ўсяго іншага, паласа перашкод, але і на базе школ горада. Пажарна-ратавальным спортам з-за яго спецыфікі займаюцца толькі старшакласнікі.

— Асноўная мэта заняткаў нашых аб’яднанняў — гэта, канечне, удзел у спаборніцтвах і алімпіядах, навучанне асновам бяспекі, — заўважае Аляксандр Уладзіміравіч Баравік. — Так, у музеі пажарных, якім мы актыўна карыстаемся, праводзім экскурсійна-пазнавальныя заняткі. Расказваем пра гісторыю пажарнай службы, дэманструем пажарна-тэхнічнае аснашчэнне, паказваем экспанаты, якія калісьці сталі прычынай пажару (напрыклад, тэлевізар) тлумачым, як трэба дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, што няправільна зрабілі пацярпеўшыя ў такіх сітуацыях.

Што да перамог выхаванцаў цэнтра, то іх нямала, А.У.Баравік нават не наважваецца вылучыць кагосьці асобна. Кажа, што сярод ужо дарослых былых выхаванцаў клуба ёсць прызёры чэмпіянатаў Еўропы. А адзін з былых юных пажарных стаў выкладчыкам Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь у Мінску. Што да мясцовых пажарных часцей, то, па словах Аляксандра Уладзіміравіча, у іх працуюць 15—20 чалавек, якія раней прыходзілі на заняткі ў клуб юных пажарных Мазыра. Некаторыя нават паспелі выйсці на пенсію.

Ёсць значныя дасягненні і ў аўтамадэлістаў. Так, летась выхаванцы клуба прадстаўлялі Гомельскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, паказалі сябе вельмі нядрэнна. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат. За 25 гадоў клуб, які стаў цэнтрам, прайшоў вялікі, насычаны падзеямі і перамогамі шлях. Пажадаем яму доўгага і не менш цікавага шляху ў далейшым.

Марына ХІДДЖАЗ.