Першыя ў “Зорнай эстафеце”

- 10:33Навіны рэгіёнаў

“Мы былі першымі” — так называлася творчая работа Веранікі Кліменка з Крупак, якую дзяўчына даслала на конкурс “Зорная эстафета”. Цяпер жа гэтай фразай Вераніка можа апісваць вынік удзелу ў гэтым конкурсе.

“Зорная эстафета” — конкурс навукова-тэхнічных і мастацкіх праектаў па касманаўтыцы. Праводзіць яго Навукова-даследчы выпрабавальны Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына для падтрымкі таленавітай творчай моладзі, якая цікавіцца касманаўтыкай. Свае работы дзеці могуць прадстаўляць у гістарычнай, навукова-тэхнічнай, медыка-біялагічнай, астранамічнай, літаратурна-журналісцкай і мастацкай секцыях.
У мінулым годзе дэлегацыя вучняў і педагогаў Крупскага раёна прымала ўдзел у рабоце Міжнароднай летняй аэракасмічнай школы. Там даведаліся пра конкурс “Зорная эстафета” і, вярнуўшыся дадому, расказалі пра яго настаўнікам раёна. Гэтая ідэя зацікавіла Міхаіла Міхайлавіча Рогава, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Крупскай раённай гімназіі, і ён прапанаваў сваім вучням паспрабаваць сілы ў конкурсе. На заклік адгукнулася адзінаццацікласніца Вераніка Кліменка. Вераніка з дзяцінства любіць маляваць, некалькі гадоў займаецца выяўленчым мастацтвам на дадатковых занятках у гімназіі, таму яна выказала жаданне паўдзельнічаць у мастацкай секцыі конкурсу.
Дзяўчына разам з настаўнікам шукала ідэю, абдумвала, як зрабіць твор не толькі прыгожым, але і змястоўным. Вырашылі прысвяціць творчы праект знамянальнай даце — першаму выхаду чалавека ў адкрыты космас, тым больш што ў 2015 годзе адзначалася 50-годдзе гэтай падзеі. Вераніка ўвасобіла ідэю ў фарбах, напісала абгрунтаванне сваёй работы, як таго патрабавалі ўмовы конкурсу, і па пошце разам з настаўнікам яны адправілі праект “Мы былі першымі” на суд журы.
Работа была адпраўлена яшчэ восенню, і ў кругавароце школьных дзён і навагодніх свят дзяўчынка ўжо забылася пра яе. А нядаўна па пошце прыйшло паведамленне аб тым, што работа Веранікі Кліменка стала лепшай у мастацкай секцыі конкурсу “Зорная эстафета”, а дзяўчына ўзнагароджана дыпломам І ступені.
Першы вопыт удзелу ў конкурсе стаў паспяховым, таму, верагодна, у наступным годзе ў Крупскім раёне жадаючых выйсці на старт “Зорнай эстафеты” будзе нямала.

Дар’я РЭВА.
Фота Крупскай раённай гімназіі.