Першыя вынікі ўступнай кампаніі

- 11:24Вышэйшая школа

Больш за палову абітурыентаў БДУ маюць вышэй 300 балаў

Без экзаменаў у БДУ будуць залічаны 66 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, 3 лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таксама без іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці прымуць 67 пераможцаў абласных алімпіяд і медалістаў, а таксама двух выпускнікоў профільных педагагічных класаў.

Як паведамілі ў прэс-службе ўніверсітэта, сёлета на дзённую бюджэтную форму навучання абітурыенты падалі 4433 заявы (летась — 3585). Планам прыёму вызначаны 2164 бюджэтных месцы (у мінулым годзе — 2207), сярэдні конкурс перавысіў 2 чалавекі на месца.

Прыёмная камісія БДУ адзначае стабільнае павелічэнне колькасці абітурыентаў, якія скончылі сярэднюю школу з медалём або ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дыпломам з адзнакай. Сёлета ва ўніверсітэт паступаюць 823 такія абітурыенты (у 2016 годзе было 715; у 2015 годзе — 577). Гэта 18,6% ад агульнай колькасці паступаючых у БДУ.

Вырас працэнт абітурыентаў БДУ, якія маюць 300 і больш балаў, — 51,4% (летась — 47%). Сярод іх 92 абітурыенты атрымалі на цэнтралізаваным тэсціраванні максімальны, стабальны, вынік. 6 абітурыентаў падалі ў прыёмную камісію два стабальныя сертыфікаты.

На спецыяльнасцях, па якіх праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні, найбольш высокі конкурс на спецыяльнасці “Дызайн (камунікатыўны)” — 27,5 заявы на месца (план бюджэтнага прыёму — 3); “Дызайн (прадметна-прасторавага асяроддзя)” — 9,6 заявы на месца (план прыёму — 7).

На завочную бюджэтную форму навучання сёлета дакументы падалі 667 абітурыентаў (летась — 574) пры плане прыёму 255 чалавек. Сярод іх 369 абітурыентаў паступаюць на скарочаны тэрмін навучання.

Дарэчы, на скарочаны тэрмін навучання (тут абітурыентам таксама трэба здаваць унутраны экзамен) зафіксаваны вельмі высокія конкурсы: “Дызайн (камунікатыўны)” — 8 заяў на месца; “Дызайн (прадметна-прасторавага асяроддзя)” — 5 заяў на месца; “Медыцынская экалогія” — 9 заяў на месца; “Сацыяльная работа” — 8,3 заявы на месца; “Менеджмент, фінансы і крэдыт” — 5,9 заявы на месца; “Правазнаўст­ва” — 4,6 заявы на месца.

Белдзяржуніверсітэт першым у краіне пачынае залічэнне студэнтаў. Першае пасяджэнне прыёмнай камісіі па залічэнні на бюджэтную форму адбудзецца ўжо сёння.

Абітурыенты БДУІР ставяць чарговыя рэкорды

Традыцыйна самыя высокія прахадныя балы ў БДУІР — на ІТ-спецыяльнасці. Сёлета пабіты рэкорд мінулага года: на самую прэстыжную спецыяльнасць прахадны бал папярэдне склаў 380. І гэта пры наборы 50 чалавек!

Паводле папярэдняй інфармацыі прыёмнай камісіі БДУІР, прахадныя балы істотна выраслі амаль па ўсіх спецыяльнасцях. Як і чакалася, самыя папулярныя спецыяльнасці — на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак. Так, папярэдні прахадны бал на спецыяль­насць “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” склаў 380 (летась — 373). На 50 бюджэтных месцаў 25 абітурыентаў паступаюць без уступных іспытаў як пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Папярэдні прахадны бал на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” склаў 371 (летась — 363). Тут бюджэтны набор — 70 чалавек.

Замыкае тройку лідараў спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)” на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання. Тут прахадны бал папярэдне склаў 370 (10 бюджэтных месцаў). Гэтая спецыяльнасць створана сумесна з кампаніяй Wargaming, спецыялісты якой удзельнічаюць у навучанні студэнтаў і чытаюць шэраг дысцыплін.

Самы нізкі прахадны бал у БДУІР зафіксаваны на спецыяльнасці “Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы ў электроніцы” — 258 (летась 244) і “Электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак”, выпускнікі якой могуць працаваць на Астравецкай АЭС, — 261 (летась — 240).

Дарэчы, на сайце БДУІР бягучыя прахадныя балы па кожнай спецыяльнасці з’явіліся ўжо ў аўторак. А 26 ліпеня ва ўніверсітэце адбудзецца адкрытае залічэнне студэнтаў.

— Сёлета ўсе заявы рэгістраваліся ў электронны журнал, што істотна скараціла час падачы дакументаў. Чэргаў практычна не было. Таксама мы ўзмацнілі інфармацыйную падтрымку абітурыентаў у сацыяльных сетках, дзе аператыўна адказвалі на ўсе пытанні”, — адзначыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУІР Васіль Бандарык. Дарэчы, гэтая работа прадоўжыцца да канца ўступнай кампаніі.

БДПУ імя Максіма Танка: новыя правілы прыёму прыносяць плён

Сёлета выпускнікі педкласаў атрымалі права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў. Гэта стала новаўвядзеннем, і яшчэ нядаўна цяжка было прагназаваць, колькі выпускнікоў такіх класаў (а сёлета іх выпушчана каля 1,5 тысячы) скарыстаюцца згаданым правам і як гэта паўплывае на конкурсы. І вось БДПУ імя Максіма Танка падводзіць першыя вынікі.

“Першае, на што мы звяртаем увагу: выпускнікі педагагічных класаў — не выпадковыя людзі, яны зрабілі свядомы выбар, — заўважыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Сяргей Уладзіміравіч Якавенка. — Яны не паступаюць масава на папулярныя спецыяльнасці, як можна было меркаваць, а выбіраюць менавіта тое, што ім па душы: пачатковае навучанне, філалогію, матэматыку, інфарматыку і інш. Гэта значыць, прыйшлі тыя, на каго можна разлічваць, хто будзе адданы педагагічнай прафесіі і мае жаданне адбыцца ў ёй як прафесіянал”.

Сяргей Якавенка адзначыў, што субяседаванне ва ўніверсітэце праходзілі і паспяхова вытрымалі 107 выпускнікоў педагагічных класаў: “Гэта добра падрыхтаваныя маладыя людзі з сярэднім балам атэстата ад 9 і вышэй. Яны прадаставілі ў прыёмную камісію грунтоўныя партфоліа, дзе адлюстравалі сваю дзейнасць: удзел і перамогі ў розных алімпіядах і конкурсах, педагагічныя пробы (пабывалі памочнікамі настаўніка і класнага кіраўніка). Мы звярнулі ўвагу на тое, што яны эфектыўна засвоілі факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, бо без праблем адказвалі на ўсе пытанні камісіі. Гэта было вельмі прыемнае субяседаванне, і мы рады, што да нас прыйдуць такія маладыя людзі”.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі паведаміў, што ў БДПУ вырасла агульная колькасць паступаючых. Так, летась на канец уступнай кампаніі тут былі зарэгістраваны 2670 абітурыентаў (разам з тымі, хто паступаў на ўмовах аплаты), а сёлета падалі заявы ўжо 3045 абітурыентаў (каля 300 — выпускнікі гімназій і ліцэяў). Відавочна, што да пачатку жніўня, калі залічэнне цалкам завершыцца, іх будзе яшчэ больш.

Тое ж самае з медалістамі і выпускнікамі каледжаў, якія маюць дыплом з адзнакай: летась на канец уступнай кампаніі іх было 170, а сёлета іх 171 ужо на этапе бю­джэтнага прыёму. З вопыту мінулых гадоў ва ўніверсітэце веда­юць, што частка медалістаў прыйдзе і на платнае навучанне.

Ужо зараз можна абвясціць, што дадатковага набору ў БДПУ не будзе. Конкурс сфарміраваўся на ўсіх спецыяльнасцях. Акрамя таго, цалкам выкананы мэтавы набор: запоўнены ўсе 224 месцы.

Сяргей Уладзіміравіч адзначае, што якасць падрыхтоўкі абітурыентаў у цэлым павысілася. Прыёмную камісію асабліва радуе, калі, маючы высокія балы і альтэрнатыву ў выглядзе вельмі папулярных і высокааплатных спецыяльнасцей, абітурыенты паступаюць менавіта ў БДПУ. Напрыклад, на спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка” прыйшла дзяўчына, у якой 355 балаў. Гэта значыць, што педагогіка — яе ўсвядомлены выбар. На спецыяльнасці фізічнай культуры прыйшлі майстры спорту, прызёры чэмпіянатаў Еўропы. А ўвогуле, як паведаміў Сяргей Якавенка, сёлета сярэдні бал у БДПУ імя Максіма Танка вырас на 50 пунктаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.