Песні ваенных гадоў

- 16:36Нам пішуць

Напярэдадні свята Перамогі ў Паляцкішскай сярэдняй школе праходзіў конкурс інсцэніраванай песні “Памяць — яна святая”. У ім узялі ўдзел навучэнцы 5—10 класаў. На свет дзеці выцягнулі дзядулевы і татавы фуражкі і планшэты, папругі і біноклі пазычылі ў пагранічнікаў. Нават самыя адпетыя школьныя гарэзы паказалі выдатныя акцёрскія здольнасці. Апрануўшы ваенную форму, яны раптам ператварыліся ў строгіх і падцягнутых салдат!

З першых акордаў песні “Сіняя хустачка” ў выкананні вучаніцы 10 класа Ангеліны Басарэўскай пацяплела на сэрцы. Песня ў выкананні 9 класа “Ты толькі чакай” расказала пра тое, што, ідучы ў бой, кожны салдат ведаў, што дома маці чакаюць сваіх сыноў, дзеці — бацькоў і братоў, жонкі — мужоў. І салдаты ішлі ў бой. І перамагалі.

Верш “Б’ецца ў цеснай пячурцы агонь” так бы і застаўся часткай пісьма, калі б у лютым 1942 года ў рэдакцыю газеты “Франтавая праўда”, дзе працаваў Суркоў, не зайшоў кампазітар Канстанцін Лістоў, які шукаў тэксты для песень. Суркоў успомніў пра напісаны верш, аформіў яго і аддаў музыканту. Праз тыдзень Лістоў вярнуўся ў рэдакцыю і, узяўшы гітару, выканаў новую песню, назваўшы яе “У зямлянцы”. Дзякуючы вучням 7 класа ўся зала апынуўся на некалькі хвілін у зямлянцы, убачыла агонь у печцы, пачула гармонік (нашы вучні наведваюць філіял Воранаўскай школы мастацтваў).

Эмацыянальнасць і артыстычнасць выступоўцаў выклікалі слёзы ў гасцей.

Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.