Піліпаўскія папрадухі

Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці займаецца вывучэннем і прапагандай традыцыйных і сучасных відаў рамёстваў. За час дзейнасці ўстановы было выяўлена 150 народных умельцаў і адроджана больш за 20 відаў рамёстваў і промыслаў, якія бытуюць на тэрыторыі Маларытчыны. Прыярытэтным напрамкам работы цэнтра з’яўляюцца захаванне і развіццё ткацтва.

Ва ўстанове склаліся і прыжыліся цікавыя традыцыі. Адна з іх — вячоркі-пасядзелкі “Піліпаўскія папрадухі”, якія праводзяцца штогод у пачатку Піліпаўскага посту для ўдзельнікаў гуртка “Саламяныя цуды” і клубаў па інтарэсах “Лянок”, “Чароўная нітачка”, “Прыродная майстэрня” і “Каляровыя пацеркі”.

— Піліпаўскія папрадухі — забытая традыцыя, пашыраная раней на Маларытчыне, — расказвае дырэктар цэнтра Валянціна Струнец. — З надыходам Піліпаўскага посту асноўным жаночым абавязкам было прадзенне. Большую частку апрацаванага лёну імкнуліся спрасці да пачатку Каляд.

Валянціна Струнец разам з калегамі Людмілай Сакалюк, Алай Назарук і Святланай Луцык імкнуцца максімальна рэканструяваць і наблізіць вячоркі-пасядзелкі да тых, што былі ў нашых продкаў. Атрымліваецца цікавае і незабыўнае дзейства.

Як і ў даўніну, падчас вячорак-пасядзелак былі жарты, загадкі, народныя гульні і песні… Завяршылася мерапрыемства салодкім сталом.

Уражанняў ад вячорак-пасядзелак хопіць не на адзін дзень. Мерна круціцца і ледзь улоўна стукае кола калаўрота. Здаецца, што ўецца доўгая нітка жывой повязі мінулага і сучаснага.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раёнай гімназіі.
Фота аўтара.