Пілотны праект даў станоўчы вынік

- 11:26Суразмоўца

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 года № 1109 “Аб рэалізацыі пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі” ў 2016 годзе абласнымі выканаўчымі камітэтамі, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам сумесна з Міністэрствам адукацыі рэалізоўваўся пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Больш падрабязна аб гэтым расказвае начальнік упраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ірына Аляксандраўна БЕБЕХ.

—Рэалізацыя пілотнага праекта праходзіла на базе 8 адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак: у Баранавічах, Жодзіне, Магілёве, Наваполацку, Скідзелі, у Лідскім раёне, Савецкім раёне Гомеля і Першамайскім раёне Мінска, а таксама ў 10 асобных установах агульнай сярэдняй адукацыі. У праекце прымалі ўдзел 188 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (127,2 тысячы вучняў).

Мэта апрабацыі нарматыўнага фінансавання агульнай сярэдняй адукацыі — справядлівае, празрыстае размеркаванне бюджэтных сродкаў, накіраваных на развіццё агульнай сярэдняй адукацыі, павышэнне эфектыўнасці функцыянавання школ, павелічэнне заработнай платы педагагічных работнікаў, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу.

Педагагічным работнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, вызначаным па рашэнні гар(рай)выканкамаў і адміністрацый раёнаў у гарадах, устанаўліваліся галіновыя павышэнні тарыфных ставак (акладаў) у межах аб’ёму сродкаў па нарматыве.

У ходзе эксперымента кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі было дадзена права самастойна фарміраваць штатны расклад у межах выдзеленых сродкаў, ажыццяўляць аптымізацыю штатнай колькасці; вызваленыя сродкі ў межах сродкаў па нарматыве накіроўваць на ўстанаўленне галіновых павышэнняў, удасканаленне адукацыйнага асяроддзя.

У цэлым пілотны праект па нарматыўным фінансаванні даў станоўчы вынік.

Напаўняльнасць класаў павялічылася на 0,5 чалавека, у гарадах — на 0,6 чалавека. Педагагічным работнікам 40 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўстаноўлены галіновыя павышэнні тарыфных ставак (акладаў). Так, у прыватнасці, сярэдняя заработная плата гэтых педагагічных работнікаў за снежань 2016 года склала 686,5 рубля, што на 77,3 рубля, або на 112,7%, вышэй за сярэднюю заработную плату педагагічных работнікаў па краіне.

Палепшылася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ўдзельнікаў пілотнага праекта (аснашчэнне вучэбнай мэбляй, абсталяваннем для вучэбных кабінетаў, тэхнічнымі сродкамі навучання, спартыўным інвентаром, забеспячэнне школьных бібліятэк вучэбна-метадычнай і мастацкай літаратурай). Аб’ём сродкаў на вышэйуказаныя мэты павялічыўся ў 2016 годзе ў параўнанні з 2015 годам на 2,5 млн рублёў.

Такім чынам, рэалізацыя пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання дазваляе павысіць эфектыўнасць функцыянавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У 2017 годзе Міністэрствам адукацыі сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам будзе праводзіцца работа па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 14 адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінках (642 установы), а таксама пачнецца работа па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў дашкольнай адукацыі ў Магілёве (98 устаноў).

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.