Піянерам быць — весела жыць

- 10:56Навіны рэгіёнаў, Рознае

Пад адзіным слоганам “Віват, піянерыя Міншчыны!” усе юныя жыхары вобласці, якія з гонарам павязваюць свой чырвона-зялёны гальштук, святкавалі Дзень Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Больш за сто тысяч удзельнікаў мерапрыемстваў у раёнах вобласці сабралі гэтыя святочныя дні.

Старт мерапрыемствам далі ўрачыстыя зборы і лінейкі, якія прайшлі ў кожнай дружыне. Паўсюдна далучыліся піянеры да акцыі “Заспяваем гімн піянерыі разам”, з віншаваннямі да дзяцей звярнуліся ветэраны піянерскага руху і Вялікай Айчыннай вайны, ганаровыя госці. Лепшыя і самыя актыўныя атрады атрымалі ўзнагароды за сваю дзейнасць. А далей піянераў чакалі валанцёрскія акцыі, спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы, квесты, флэшмобы і многае іншае.

Асаблівым гэты дзень стаў для членаў піянерскай дружыны “Ветразь надзеі” Лешніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бярэзінскага раёна. Дзеці занялі 4-е месца ў Рэспубліканскай інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль — акцябронак: будзь гатоў” і былі запрошаны ў сталіцу на рэспубліканскую ўрачыстую лінейку “Салют, піянерыя!”. Лешніцкія піянеры атрымалі неверагодныя ўражанні ад падзей, што адбываліся на плошчы Дзяржаўнага сцяга.

Не сумавалі і тыя, хто адзначаў свята ў сваіх рэгіёнах. Так, напрыклад, у Смалявіцкім раёне для дзяцей арганізавалі квест-гульню “На піянерскай палянцы”, удзел у якой бралі 13 піянерскіх каманд. У суседнім Жодзіне піянеры правялі гульню-прэзентацыю для самых маленькіх школьнікаў “Я — піянер”, падчас якой у гульнявой форме расказалі малодшым таварышам аб арганізацыі. Ва ўсіх школах горада выступілі агітацыйныя піянерскія брыгады, адбылася віктарына “Уступаючы ў рады БРПА” і экскурсіі па экспазіцыі “Піянеры-героі” ў музеі баявой і працоўнай славы сярэдняй школы № 4 горада. За круглым сталом сучасныя піянеры разам з ветэранамі піянерскага руху абмеркавалі вынікі дзейнасці дружын горада і планы на будучыню. Маштабныя мерапрыемствы прайшлі ў рамках “Піянерскай суботы” — мерапрыемствы шостага школьнага дня былі прысвечаны Дню БРПА, пасля чаго дзяцей запрасілі ў Цэнтр творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна на агульнагарадское святочнае мерапрыемства “Піянерыя — цудоўная краіна”.

На свяце ў Салігорску працавалі пляцоўкі “Піянерская дружына прадстаўляе” і “Піянерская арганізацыя: учора, сёння, заўтра”, наведваючы якія піянеры знаёміліся з гісторыяй, традыцыямі, статутам БРПА. Прайшлі выставы піянерскіх насценгазет і фотаздымкаў, дэманстраваліся піянерскія відэаролікі. Таксама школьнікі адправіліся ў Народны музей піянерскай арганізацыі і сучаснага дзіцячага руху. Піянеры з задавальненнем бралі ўдзел у конкурсах малюнкаў, на лепшае выкананне песні аб сяброўстве, гульнявых праграмах.

Піянеры Любаншчыны ў святочны дзень зрабілі мноства добрых спраў: правялі акцыі дапамогі адзінокім састарэлым людзям і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны “Адзінокія сэрцы”, працоўную акцыю “Мы — цімураўцы”, валанцёрскую — “Спяшайся рабіць дабро”, а таксама акцыю па зборы канцтавараў для дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў.

У Маладзечанскім раёне старэйшыя таварышы з БРСМ арганізавалі для піянераў ва ўсіх школах і гімназіях актыўныя перапынкі. Дзеці ўдзельнічалі ў віктарынах на веданне гісторыі піянерыі, малявалі віншавальныя паштоўкі. Таксама для піянераў працавалі тэматычныя пляцоўкі: у “Падарожжа па астравах піянерыі” запрашала інтэлектуальная пляцоўка, паспяваць прапаноўвала караоке-пляцоўка “Спяваем разам”, стаць яркім — пляцоўка з аквагрымам.

Дар’я РЭВА.
Фота прадстаўлены ўстановай адукацыі.