Піянерамі мы сталі

- 10:18Нам пішуць

Стала традыцыяй кожны год падчас свята Перамогі прымаць у піянеры акцябрат 4 класа. Не стаў выключэннем і гэты год. Адзінаццаць дзяўчынак і хлопчыкаў папоўнілі піянерскую сям’ю  Уселюбскага дзіцячага сада- сярэдняй школы.

Да гэтага святочнага мерапрыемства дзеці рыхтаваліся даўно. Яны вывучалі піянерскі статут, слухалі і вучылі піянерскія песні былых гадоў, чыталі і абмяркоўвалі аповесць Аркадзя Гайдара “Цімур і яго каманда”, цікавіліся подзвігамі піянераў-герояў, рабілі добрыя справы.

На свяце ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасці гасцей — вучняў, настаўнікаў, бацькоў, бабуль і дзядуляў — акцябратам завязалі чырвона-зялёныя гальштукі. Дзеці далі абяцанне, што будуць любіць сваю Радзіму, будуць добрымі, сумленнымі і справядлівымі, будуць захоўваць піянерскія традыцыі. На свяце піянеры атрымалі першыя заданні: аформіць атрадны куток, сабраць інфармацыю пра піянера-героя, імем якога будзе названы атрад, выступіць з пастаноўкай “Рэпка” перад выхаванцамі дзіцячага сада.

Юлія ЦІХАНОВІЧ,
старшыня піянерскай дружыны
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.