Планета творчасці: Пружанскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — своеасаблівая візітоўка сістэмы адукацыі раёна

- 9:00Главная, Образование

Пружанскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — своеасаблівая візітоўка сістэмы адукацыі раёна. Педагогі паклапаціліся, каб летні адпачынак выхаванцаў стаў яркім і карысным. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Летам, дарэчы, як і заўсёды, мы запрашаем дзяцей не проста ў цэнтр, а на планету творчасці, дзе кожны можа ствараць сябе такім, якім яму хочацца быць, — паведаміла дырэктар цэнтра Алена Пухнарэвіч. — У нас можна рэалізаваць свой творчы патэнцыял, пашы­рыць атрыманыя веды, знайсці любімую справу. І ў нас заўсёды добрае надвор’е, як і настрой выхаванцаў, бо мы працуем для таго, каб зра­біць для іх свет больш яркім.

Як сцвярджае кіраўнік установы дадатковай адукацыі, з дзецьмі працуюць вельмі дружныя, творчыя і ініцыятыўныя педагогі, сапраўдныя прафесіяналы.

Майстры — дзецям

Летам у цэнтры не спынялася работа гурткоў, з’явілася нямала новых напрамкаў, прапаноўваліся і комплексы з розных мастацкіх тэхнік. Бязмежную фантазію вучні Святланы Яшынай і Наталлі Новік праявілі ў тэхніцы аплікацыі з паперы, а гурткоўцы Наталлі Сарокі парадавалі арыгінальнасцю вырабаў з каляровай паперы. Навучэнцы Ларысы Калмаковай захапіліся аплікацыяй з тканіны. Кіраўнік узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці Алёна Шышко дала добры стымул для развіцця дзіцячай фантазіі ў малюнку. Цікавасць выхаванцаў да практычнага боку дэкаратыўна-прыкладной творчасці падтрымаў Андрэй Кірыковіч у творчай майстэрні “Выраб бірулек”. З натхненнем выканалі яго вучні і малюнкі з дапамогай губкі, у кропкавым роспісе.

Удзель­нікі аб’яднанняў па інтарэсах пад кіраўніцтвам Аляксандра Ляшчынскага выраблялі і простыя, і складаныя мадэлі танкаў, машын, паруснікаў.

Выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Берасцейшчына: традыцыі і святы” стала прыцягальным заняткам для дзяцей і моладзі не толькі Пружаншчыны, але і гасцей горада. Да вывучэння лепшых традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва далучыліся выхаванцы нядзельнай школы храма Святога Мікалая і Пружанскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Педагогі актыўна прасоўвалі дасягненні сваіх навучэнцаў у сельскіх і гарадскіх установах культуры.

У Пружанскай гарадской бібліятэцы тройчы праводзіліся тэматычныя выставы работ навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах “Бацік” і “Мукасолька” ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Папараць-кветка” (кіраўнік А.М.Шышко).

У прыярытэце — выхаванне

У прыярытэце педагогаў дадатковай адукацыі — выхаванне інтэлектуалаў, працаўнікоў, творцаў. У кожнага ўдзельніка гульнявой праграмы “Брэнд-band”, прысвечанай Году якасці, засталіся самыя пазітыўныя ўражанні ад папулярных брэндаў эканомікі Беларусі і шырокае ўяўленне аб найбуйнейшых прадпрыемствах нашай краіны. Дзеці змаглі адчуць дотык да гістарычнай памяці праз удзел у ваенна-патрыятычным квесце “Партызанскімі сцежкамі”. Такія ж хвалю­ючыя эмоцыі напоўнілі ўдзель­нікаў квест-гульні “Па слядах Перамогі”, падчас якой навучэнцы паглыбілі веды аб гісторыі Беларусі, падзеях Вялікай Айчыннай вайны, адчулі гордасць за гераічнае мінулае Радзімы. Педагог Юрый Дронь разам з падлеткамі здзейсніў працоўныя дэсанты ў месцах ушанавання памяці абаронцаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Парасляны і Малыя Засімавічы. Вялікае значэнне педагогі надалі выхаванню маладога пакалення праз далучэнне яго да праваслаўных каштоўнасцей. Шмат кранальных пачуццяў у сэрцах дзяцей і падлеткаў пакінула гутарка з протаіерэем царквы ў гонар іконы “Неспадзяваная радасць” Сергіем Сысаляціным аб ролі праваслаўя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Асаблівая ўвага ўдзялялася прафілактыцы. Праз відэаўрокі, гульні-віктарыны дзеці паглыбіліся ў правілы бяспекі дома, на дарогах, у лесе, на вадаёмах. Педагогі не толькі гутарылі з падлеткамі, але і мэтанакіравана задзейнічалі іх у карысных і цікавых справах. Творчасць, як вядома, самы надзейны білет у паспяховую будучыню. Летам працягнуў сваю дзейнасць гурток “Клуб маладога чалавека” для навучэнцаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Падлеткі ўдзельнічалі ў трэнінгах, дзелавых гульнях і іншых мерапрыемствах творчага, пазнавальнага, культурна-забаўляльнага і спартыўнага характару.

Толькі на пазітыве

Найбольш яркай падзеяй лета ў цэнтры стала святкаванне дня піянерскага вогнішча сумесна з БРПА, якая дзейнічае на базе ўстановы. Дзеці засталіся вельмі задаволены вынікамі гісторыка-культурнага квеста “Іскры піянерскага вогнішча” і ўзялі з сабой на доўгі час іскрынкі пазітыву, сяброўства, радасці і гордасці за краіну.

Шмат новага адкрылася навучэнцам і падчас краязнаўчых велаэкскурсій і пешых вандровак па гістарычных і памятных мясцінах горада і раёна. Разам з педагогам А.С.Ляшчынскім яны наведалі ся­дзібу ў пасёлку Інтэрнацыянальны, ся­дзібна-паркавы комплекс у Каштанаўцы, лясныя масівы каля Плябанцаў, аграгарадок Шэні, пашырылі краязнаўчы вопыт у Бярозе.

Педагогі і навучэнцы сталі актыўнымі ўдзельнікамі раённага свята дзіцячай творчасці “Лесвіца поспеху — 2024”, абласной экалагічнай акцыі “За зялёную Брэстчыну” да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя, рэспубліканскага спартыўна-культурнага фестывалю “Вытокі”. Па выніках абласнога конкурсу-пленэру юных мастакоў “Брэстчына вачыма дзяцей” навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Юны мастак” Настасся Удавінец (кіраўнік А.В.Кірыковіч) узнагароджана дыпломам фіналіста.

Аднак не толькі дзеці ў цэнтры ўвагі педагогаў дадатковай адукацыі. Сямейныя майстар-класы з удзелам выхаванцаў і іх бацькоў атрымалі папулярнасць як у Пружанскім раёне, так і па-за яго межамі.

Работы гурткоўцаў

Усяго за летні перыяд Пружанскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі наведалі 1750 навучэнцаў, ва ўстанове рэалізавана каля 500 мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі.

— Уражанні і пазітыўныя эмоцыі наведвальнікаў цэнтра, пакінутыя імі водгукі — выдатны стымул працаваць плённа. Мы шчаслівыя, што робім тое, што любім, і любім тое, што робім. Менавіта яркім, неардынарным педагогам, захопленым сваёй справай, па сілах ствараць свет прыгажосці, гульні, музыкі, малюнка, фантазіі для сваіх выхаванцаў, адкрываць новыя таленты і дарыць радасць творчасці, — адзначыла Алена Міхайлаўна.

 Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара