Плячо сябра

- 12:27Спецыяльная адукацыя

Прайшоў год, як студэнты медыка-псіхалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта разам з калектывам педагогаў сярэдняй школы № 31 Гродна вырашылі падставіць сваё плячо вучням надомнай формы навучання. Самы час падвесці вынікі, прааналізаваць, што станоўчае атрымалася з гэтай дапамогі, а што патрабуе пэўнай карэкціроўкі.

Прыемна адзначыць, што студэнты-валанцёры і вучні-надомнікі даволі хутка знайшлі кантакт адно з адным і супрацоўнічалі вельмі ахвотна і плённа. Зразумела, што першыя крокі да ўзаемаразумення былі крыху складанымі, але папярэдні вопыт работы валанцёраў у Цэнтры рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і шчырае жаданне дапамагчы далі добры вынік. Будучыя псіхолагі прапанавалі шэраг тэстаў сваім новым сябрам з мэтай вызначэння праблемных момантаў. Пасля гэтага на кафедры педагогікі і псіхалогіі ГрДМУ былі распрацаваны трэнінгі для больш лёгкай і хуткай сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі падлеткаў у грамадстве. Часам простая размова за кубачкам гарбаты, уменне выслухаць субяседніка, даць слушную параду, часам нават і небясспрэчную, дарагога каштуе. А ў надомнікаў кола суразмоўцаў вельмі абмежаванае, таму непасрэдныя зносіны і гутаркі для іх неацэнныя. Вучняў выпускных класаў студэнты-псіхолагі інфармавалі аб асаблівасцях навучання ў медыцынскім універсітэце. Магчыма, хтосьці з гэтых выпускнікоў звяжа свой лёс з медыцынай.
Да пазітыўных момантаў можна аднесці і той факт, што надомнікі ўсё смялей раскрываюць свае таленты і імкнуцца пазнаёміць з імі тых, хто побач. Так, Уладзімір Крот і Сяргей Улановіч прынялі ўдзел у абласным літаратурным конкурсе клуба “Катарсіс” і былі адзначаны за свае творы ганаровымі дыпломамі ў галіне прозы і паэзіі адпаведна.
У рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 31 была арганізавана выстава творчых вырабаў школьнікаў і іх педагогаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і вучні надомнай формы навучання Арына Курпянкова (з работай “Запрашаем у хату, госцейкі дарагія”), Аляксей Бабек (з работай “Палёты ў сне і наяве”), Віталь Жыдок (з работай “Дрэвы шчасця”). Іх цікавае, а часам і незвычайнае майстэрства ў галіне вышывання, бісерапляцення, авіямадэлявання пакарыла ўсіх прысутных.
Добра зарэкамендавала сябе і каардынатар праекта Таццяна Кот, якая перамагла ў конкурсе эсэ “Інваліднасць і медыя”, які праводзіўся мінскай арганізацыяй “Розныя — роўныя”. Перамога дазволіла ёй на працягу двух тыдняў бясплатна навучацца журналісцкаму майстэрству ў Варшаве (Польшча).
Напярэдадні Новага года валанцёры МПФ наведалі сваіх новых сяброў, павіншавалі іх з надыходзячым святам і ўручылі падарункі, атрыманыя падчас дабрачыннай акцыі “Падорым дзецям радасць”. На сустрэчы гучалі песні, вершы, жарты.
Зараз ідзе падрыхтоўка да вечара сустрэчы з выпускнікамі, на якім убачацца тыя, хто ўжо скончыў школу і пайшоў у самастойнае жыццё, і сённяшнія навучэнцы. Запрошаны таксама і студэнты медуніверсітэта.
Рэалізацыя праекта была б немагчымай без дапамогі адміністрацыі школы ў асобе яе дырэктара Анатоля Барысавіча Кавалёва і завуча школы Ліліі Мечыславаўны Здановіч.
Канечне, не ўсё запланаванае ўдалося ажыццявіць. Аднак галоўнае дасягненне супрацоўніцтва ў тым, што і студэнты, і вучні-надомнікі адчуваюць маральную падтрымку адно аднаго, а гэта так важна, калі побач плячо сябра.

Валянціна ВАРАНЕЦ,
настаўніца сярэдняй школы № 31 Гродна,
кіраўнік праекта “Плячо сябра”.