Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі сёння займае выключную ролю ў рэгіянальнай адукацыйнай галіне. Гэта своеасаблівы вядучы вучэбна-метадычны цэнтр, дзе захоўваюць і прымнажаюць лепшыя нацыянальныя педагагічныя традыцыі.
З першых дзён існавання інстытут выконваў каардынуючую ролю ў пытаннях методык і тэхналогій выкладання, арганізацыі дзейнасці навучальных устаноў, падрыхтоўкі настаўнікаў да ўкаранення новых вучэбных праграм. Супрацоўнікі інстытута заўсёды былі ў першых радах па выкананні задач, якія спрыяюць развіццю сістэмы адукацыі вобласці. Сучасны МДАІРА не толькі не страціў тых традыцый, але і прымнажае іх новымі дасягненнямі.
— Сёння інстытут не проста вядучы рэгіянальны цэнтр павышэння кваліфікацыі педагогаў. Мы дынамічна развіваемся ў розных напрамках. У нашай структуры — шматлікія цэнтры, кафедры і аддзелы, функцыянаванне якіх скіравана на ўсебаковае павышэнне якасці і забеспячэнне даступнасці адукацыі. Нашы спецыялісты паспяхова ажыццяўляюць інфармацыйна-аналітычную, вучэбна-метадычную, навуковую, рэдакцыйна-выдавецкую дзейнасць. Шырокая практычная, інавацыйная накіраванасць, сучасныя тэхналогіі дазваляюць нам цалкам забяспечваць сферу адукацыі Магілёўшчыны прафесійнымі кадрамі патрэбнага кваліфікацыйнага ўзроўню, — паведаміў рэктар МДАІРА М.М.Жудро.
Паводле яго слоў, у інстытуце штогод павышаюць свой прафесійны ўзровень звыш 11 тысяч педагогаў. Толькі летась было праведзена 497 розных вучэбных мерапрыемстваў, што ў поўнай меры задавальняе патрэбы настаўнікаў у прафесійным удасканаленні.
— Асаблівы ўпор мы робім на прафесійную падрыхтоўку педагогаў, якія працуюць у профільных класах. З гэтай мэтай упершыню ў краіне ў МДАІРА была распрацавана вучэбная праграма павышэння кваліфікацыі педагогаў, што выкладаюць у класах аграрнай накіраванасці. Навучанне арганізуецца сумесна з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Акрамя таго, мы праводзім тэматычныя семінары-практыкумы ў гэтым кірунку. Прычым не толькі для магілёўскіх настаўнікаў, а і для прадстаўнікоў устаноў адукацыі з іншых рэгіёнаў, — расказаў М.М.Жудро.
Належная ўвага ў інстытуце ўдзяляецца падтрымцы маладых спецыялістаў. Усюды прымаецца шэраг пэўных мер, каб пачынаючыя педагогі заставаліся ў прафесіі. Каб матываваць іх на прафесійны рост, супрацоўнікі інстытута рэгулярна арганізуюць адпаведныя фестывалі, конкурсы. На працягу некалькіх апошніх гадоў МДАІРА праводзіць абласны фестываль для маладых настаўнікаў “Прызванне — педагог”. Напрыканцы мінулага года ён аб’яднаў 75 маладых настаўнікаў.
Каб пачынаючыя педагогі маглі сустрэцца ў нефармальнай атмасферы, улетку для іх арганізуецца абласны фестываль на базе аздараўленчага летніка “Ольса” Клічаўскага раёна.
— Важна таксама, што сістэма адукацыі дарослых у нас сфарміравана на аснове міжнародных стандартаў. МДАІРА вядзе актыўнае супрацоўніцтва з разнастайнымі замежнымі ўстановамі адукацыі. Штогод на нашай базе арганізуюцца дзве міжнародныя канферэнцыі. Летась прайшоў I Форум кіраўнікоў гімназій з міжнародным удзелам “Гімназічная адукацыя: гісторыя, сучаснасць, тэндэнцыі развіцця”. Форум аб’яднаў кіраўнікоў сістэмы гімназічнай адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі і гасцей з Расіі. Упор мы робім таксама на ўсталяванне партнёрскіх узаемаадносін паміж установамі адукацыі. Сучасная адукацыя не павінна абмяжоўвацца толькі сценамі навучальных устаноў, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч. — Упершыню спецыялістамі інстытута была праведзена міжнародная стажыроўка для педагогаў устаноў адукацыі Арлоўскай вобласці Расіі, а настаўнікі Магілёўшчыны прайшлі стажыроўку ў Інстытуце развіцця адукацыі гэтага расійскага рэгіёна. У студзені дэлегацыя кіраўнікоў магілёўскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прыняла ўдзел у міжнародным семінары ў венгерскім горадзе Фельшожольца. У ходзе сустрэчы было падпісана некалькі дамоў аб супрацоўніцтве.
Стараннямі калектыву МДАІРА ў рэгіёне многае зроблена для арганізацыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У рамках дзейнасці адпаведнага рэгіянальнага кластара падпісаны план сумесных тэматычных мерапрыемстваў з МДУ імя А.А.Куляшова на бягучы навучальны год. Для павышэння эфектыўнасці арганізацыі алімпіяднага руху і даследчай дзейнасці навучэнцаў ажыццяўляецца мэтанакіраванае ўзаемадзеянне з Беларуска-Расійскім універсітэтам. Інстытутам падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам імя Максіма Танка і Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам.
Яшчэ адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці інстытута — комплексная падтрымка адукацыйных практык, заснаваных на рэалізацыі новых педагагічных і кіраўніцкіх ініцыятыў. Гэта спрыяе росту колькасці ўстаноў адукацыі, якія маюць статус рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных пляцовак.
— За апошнія гады ў Магілёўскай вобласці вызначылася тэндэнцыя ўстойлівага росту колькасці рэалізаваных рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Зараз актыўная інавацыйная дзейнасць ажыццяўляецца на базе 121 установы дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі рэгіёна. Усе пачынанні асобных настаўнікаў і педагагічных калектываў метадычна падтрымліваюць супрацоўнікі інстытута. Акрамя гэтага, толькі ў мінулым годзе па ініцыятыве МДАІРА было створана 14 рэсурсных інавацыйных цэнтраў, якія дапамагаюць забяспечваць адзінства рэгіянальнай навукова-педагагічнай прасторы і распаўсюджанне эфектыўнага інавацыйнага вопыту, — падкрэсліў рэктар.
Па словах Міхаіла Міхайлавіча, значным з’яўляецца і тое, што МДАІРА прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці.
— Стратэгію ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці плануецца распрацаваць да канца бягучага года. Але пераход да ўстойлівага развіцця немагчымы без станаўлення адукацыі. Таму ўжо сёння неабходна забяспечыць прафесійнае павышэнне кваліфікацыі ўдзельнікаў практык устойлівага развіцця, ствараць адпаведныя адукацыйныя рэсурсы, падтрымліваць дзіцячыя і маладзёжныя ініцыятывы, выкарыстоўваць розныя механізмы па ўключэнні навучальных устаноў у рэалізацыю прынцыпаў устойлівага развіцця праз даследчую, праектную, сацыяльна значную дзейнасць. Гэтым мэтанакіравана займаюцца нашы супрацоўнікі, — адзначыў М.М.Жудро.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.