“Помнім, ведаем, ганарымся!” — пад такой назвай прайшла выстава, прысвечаная ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, ветэрану педагагічнай працы, былому настаўніку нашай школы Аляксандру Мікітавічу Турку.
Аляксандр Мікітавіч ласкава прадаставіў для выставы фотаздымкі, дакументы і матэрыялы з уласнага архіва. Экспазіцыя была падзелена на некалькі блокаў: “Гісторыя сям,і”, “Баявы шлях”, “Настаўніцтва”, “Дзякуй за Перамогу!” Так, у “Баявым шляху” цэнтральнае месца займаў выпуск газеты “Красная звезда” ад 10 мая 1945 года, у якім расказваецца аб перамозе савецкага народа над фашысцкай Германіяй.
Таксама рарытэтнымі экспанатамі сталі даведкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, выдадзеныя Аляксандру Мікітавічу аб тым, што ён з,яўляецца членам партызанскага атрада. Напісаны гэтыя даведкі на старонках з простых вучнёўскіх сшыткаў. З цікавасцю школьнікі і настаўнікі разглядалі фотаздымкі сям,і бацькоў ветэрана і яго партрэт амаль 70-гадовай даўнасці, чырвонаармейскую кніжку і ваенны білет, узнагародныя дакументы, а яшчэ віншавальныя паштоўкі
і лісты, выразкі з газет і часопісаў, дзе ў розныя гады пісалі пра Аляксандра Мікітавіча.
Настаўніца гісторыі Ала Ігараўна Аляшкевіч на аснове выставачных матэрыялаў падрыхтавала змястоўныя і цікавыя экскурсіі. Наведвальнікі выставы даведаліся, што Аляксандр Мікітавіч у свае 16—18 гадоў быў сувязным партызанскага атрада імя Фрунзэ. 3 сакавіка 1944 года пайшоў у партызанскі атрад. 9 верасня 1944 года быў прызваны ў Чырвоную Армію радавым. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Баявое хрышчэнне атрымаў пры фарсіраванні ракі Одэр. Дзень Перамогі сустрэў на поўначы Германіі ў горадзе-порце Ростак. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём Жукава, медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”.
Беражыце мір, любіце і шануйце нашу Радзіму. Вы пакуль яшчэ школьнікі, таму ваш асноўны доўг — добрая вучоба. Будзьце разумнымі і сумленнымі, добрымі і справядлівымі, здаровымі і шчаслівымі. Памятайце — вы будучыя абаронцы нашай Айчыны!
Пасля вайны скончыў Навагрудскае педвучылішча і быў накіраваны ў Стаўбцоўскі раён. Працаваў у Апечкаўскай, Аталезскай і Кнотаўшчынскай васьмігадовых школах. У 1968 годзе скончыў БДУ. У нашай Рубяжэвіцкай сярэдняй школе выкладаў гісторыю, 7 гадоў працаваў дырэктарам.
Выставу наведала дачка Аляксандра Мікітавіча Галіна Аляксандраўна Губанава. Яна прачытала ўласны верш, кожны радок якога напоўнены трапяткой любоўю і гордасцю за бацьку. На жаль, Аляксандр Мікітавіч па стане здароўя не змог наведаць выставу, таму звярнуўся да вучняў па відэасувязі: “Памятайце, што сённяшні мірны дзень заваяваны вялікай цаной, цаной мільёнаў людскіх жыццяў”.
Крыху пазней мы завіталі да ветэрана ў госці, паказалі фотаздымкі з выставы. Аляксандр Мікітавіч быў у захапленні, яго парадавала маляўнічасць і арыгінальнасць афармлення выставачнай экспазіцыі. Дзякуем Аляксандру Мікітавічу за высокую ацэнку нашай працы і жадаем яму моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця!
Ала ЛУКАШЭВІЧ,
педагог-арганізатар Рубяжэвіцкай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна.