“Пояс і шлях”: у БДУ прайшла маштабная беларуска-кітайская канферэнцыя

- 11:04Вышэйшая школа

Удзельнікамі канферэнцыі сталі каля 100 кіраўнікоў беларускіх і кітайскіх універсітэтаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання. Мерапрыемства накіравана на ўмацаванне беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.

— Правядзенне такога прадстаўнічага форуму дазволіць глыбока прааналізаваць наяўныя праблемы і выпрацаваць абгрунтаваныя канструктыўныя прапановы па далейшым супрацоўніцтве Беларусі і Кітая, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Прапановы, якія будуць падрыхтаваны ў рамках сённяшніх дыскусій, знойдуць рэальнае практычнае прымяненне і паслужаць фарміраванню новых напрамкаў супрацоўніцтва нашых краін.

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч, канферэнцыя прызначана вывесці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем на новы ўзровень.

— У нашых краін вялікі патэнцыял для адукацыйнага супрацоўніцтва, — заявіў Сяргей Антонавіч. — У Беларусі вучыцца шмат кітайскіх студэнтаў. Нашы студэнты актыўна выязджаюць у Кітай на ўключанае навучанне. І мы хочам гэтае супрацоўніцтва развіваць. Зараз у Белдзяржуніверсітэце паспяхова дзейнічае Інстытут Канфуцыя. Стварэнне на базе БДУ беларуска-кітайскай установы адукацыі — наступны крок да рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм. Мы бачым вялікі патэнцыял праграм 2+2, калі на працягу двух гадоў падрыхтоўка вядзецца ў Кітаі і два гады — на базе нашых універсітэтаў. Такія праграмы ўжо рэалізоўвае Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі. Стаіць мэта, каб спецыялісты ведалі не толькі кітайскую мову, але і разумелі асаблівасці культуры нашых партнёраў у Кітаі, асаблівасці эканомікі гэтай краіны, тэхналогіі. Сёння Кітай становіцца сусветным лідарам, і нам важна супрацоўнічаць эфектыўна, у розных напрамках. Задача ўніверсітэтаў — рыхтаваць выпускнікоў, якія будуць развіваць гэтую дзейнасць.

Сяргей Каспяровіч паведаміў, што ўжо распрацавана стратэгія вывучэння кітайскай мовы ў беларускіх установах адукацыі, пачынаючы школамі і заканчваючы ўніверсітэтамі. Плануецца, што яна будзе прынята ў найбліжэйшы час, хаця асобныя моманты гэтай стратэгіі ўжо ажыццяўляюцца на практыцы. У прыватнасці, вядзецца падрыхтоўка настаўнікаў кітайскай мовы, абітурыенты могуць здаваць ЦТ па кітайскай мове і паступаць па яго выніках ва ўніверсітэты.

Удзельнікаў канферэнцыі прывітаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Марзалюк.

— Беларусь і Кітай звязваюць цёплыя, узаемавыгадныя, канструктыўныя зносіны, у тым ліку ў сферы вышэйшай адукацыі, — адзначыў дэпутат. — Як археолаг скажу, што гісторыя беларуска-кітайскіх кантактаў на ўзроўні матэрыяльнай культуры бярэ пачатак з другой паловы ХVI — першай паловы ХVII стагоддзя. У Мінску былі знойдзены крэмневыя замкі з выявамі дракона, не кажучы ўжо пра выявы Буды, чай і ўсё астатняе. Вялікая кітайская філасофская традыцыя, культурная традыцыя, сучасны вопыт кітайскай сістэмы адукацыі (дарэчы, на сённяшні дзень адной з лепшых у свеце), уражальны вопыт кітайскай мадэрнізацыі — гэта каштоўна і для нас. Паказальна, што ў Беларусі існуюць і паспяхова функцыянуюць Інстытуты Канфуцыя. Канфуцыянства — гэта тая сістэма светапогляду, па-за якой немагчыма зразумець Кітай. Канфуцыянства з яго базавым фундаментальным разуменнем сяо (сыноўняй павагі) — вялікая каштоўнасць. Сваёй гісторыяй, знешняй і ўнутранай палітыкай Кітай дэманструе, што можна спалучаць вялікую традыцыю, здзяйсняць мадэрнізацыю і будаваць сацыяльна справядлівае грамадства. Думаю, што Беларусь і Кітай знойдуць шмат кропак узаемадзеяння і мы будзем упэўнена і паспяхова рухацца наперад.

Дырэктар Даследчага інстытута вышэйшай адукацыі Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта Чжан Дэсян расказаў удзельнікам канферэнцыі пра асноўныя напрамкі рэформ вышэйшай адукацыі ў Кітаі. І ён высока ацаніў работу Інстытута Канфуцыя, які дзейнічае на базе БДУ.

— Далянскі політэхнічны ўніверсітэт супрацоўнічае з БДУ больш як 10 гадоў, — сказаў Чжан Дэсян. — Адным з сумесных праектаў з’яўляецца Інстытут Канфуцыя. Хачу адзначыць, што на сённяшні дзень гэта адзін з лепшых, узорных Інстытутаў Канфуцыя з некалькіх соцень тых, што існуюць ва ўсім свеце. Ён іграе важную ролю не толькі ў распаўсюджванні кітайскай мовы, але і садзейнічае ўзаемаразуменню народаў Беларусі і Кітая.

Дырэктар Інстытута Канфуцыя БДУ Анатоль Тозік паведаміў, якія найбольш важныя тэмы вынесены на абмеркаванне канферэнцыі.

— Сёння мы хочам правесці параўнальны аналіз сістэм адукацыі Беларусі і Кітая, каб паглядзець, што ў каго лепш атрымалася і як укараніць гэты вопыт у сваіх краінах, — сказаў Анатоль Афанасьевіч. — У прыватнасці, абмяркуем узаемадзеянне ўніверсітэтаў для інфармацыйна-навуковага забеспячэння ўсяго комплексу беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Патэнцыял супрацоўніцтва назапашаны значны, агромністы, але для яго рэалізацыі неабходна якаснае навуковае забеспячэнне. І ўніверсітэты павінны актыўна ўключыцца ў гэты працэс. Яшчэ адна праблема — камерцыялізацыя вынікаў навуковых даследаванняў. Пэўны вопыт ёсць у нас, значны вопыт назапашаны ў Кітаі. Мы хочам супаставіць нашы дасягненні і паглядзець, як універсітэцкія распрацоўкі рэалізаваць у вытворчасці. Будзе абмяркоўвацца і стварэнне сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку ўстаноў адукацыі, каб рыхтаваць спецыялістаў для нацыянальнай эканомікі і сумесных беларуска-кітайскіх напрамкаў і праектаў. Разглядаецца магчымасць стварэння ў структуры БДУ сумеснай установы з Далянскім політэхнічным універсітэтам.

У рамках беларуска-кітайскага форуму ў дворыку БДУ адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста філосафа Канфуцыя. У цырымоніі прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.