Пра вайну трэба гаварыць з дзяцінства

- 10:30Нам пішуць

У Квасоўскай сярэдняй школе вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Мерапрыемствы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, ваеннай тэматыцы, праходзяць у нашай школе не толькі ў майскія дні. Адразу пасля навагодніх свят вучні пачатковых класаў прымаюць актыўны ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Найбольшую цікавасць у навучэнцаў выклікалі выстава партрэтаў партызан-падлеткаў, прэзентацыя, прысвечаная Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту. Асабліва навучэнцам запомніўся відэаролік аб піянерах-героях і прагляд фільма “Дзяўчынка шукае бацьку”.

Штогод напярэдадні Дня Перамогі ў школе праходзіць дэкада патрыятычнай работы. Вельмі цікавым было мерапрыемства “Памятаю і ганаруся”, дзе дзецям трэба было расказаць аб адным з герояў-сваякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Не меншую зацікаўленасць выклікала прэзентацыя аб тым, як дапамагалі Перамозе ў тыле, які ўдзел у гэтым прымалі дзеці, як у вёсках падлеткі дапамагалі дарослым вырошчваць ураджай і карміць фронт. У красавіку дзеці пачатковых класаў пазнаёміліся з музычнай прэзентацыяй “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны”. На класнай гадзіне, у якой прымалі ўдзел навучэнцы 3—4 класаў, адна з настаўніц нашай школы расказала пра свайго бацьку, які ваяваў супраць фашыстаў у атрадзе Героя Савецкага Саюза падпалкоўніка Сяргея Сямёнавіча Конюхава. Штогод у школе праходзіць конкурс малюнкаў на тэму “Вайна вачыма дзяцей”.

Напярэдадні Дня Перамогі педагогі і навучэнцы Квасоўскай школы заўсёды прымаюць удзел у мітынгу, ускладаюць кветкі на магілу Невядомага салдата, таксама традыцыйна члены БРСМ і БРПА прыносяць кветкі да помніка Герою Беларусі В.І.Крамко. А ў святочным канцэрце ў гэтым годзе, які прайшоў у школе пасля мітынгу, педагогі і навучэнцы школы выканалі песні ваенных гадоў.

Валянціна ЗІНЬКО,
настаўніца пачатковых класаў Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.