Праблемы арганізацыі вольнага часу падлеткаў вырашаем разам

- 16:34Нам пішуць

Жыццё вучняў сельскай школы праходзіць некалькі адрозна ад жыцця вучняў гарадскіх школ. У многіх выпадках школа з’яўляецца галоўным цэнтрам, дзе вядзецца мэтанакіраваная выхаваўчая работа з навучэнцамі, змястоўна праводзіцца вольны час. Але невялікая напаўняльнасць класаў, абмежаванасць сацыякультурнай інфраструктуры (адсутнасць тэатраў, музеяў, канцэртных і выставачных залаў і г.д.) не павінны стаць перашкодай для паўнацэннай арганізацыі вольнага часу сельскага школьніка. Так было вырашана на савеце Пятрэвіцкага вучэбна-педагагічнага комплекса “дзіцячы сад — сярэдняя школа”.

Вырашылі — значыць трэба зрабіць. Пра тое, што работа праводзіцца з найбліжэйшым сацыяльным акружэннем, арганізоўваюцца экскурсіі, наведванне выстаў і культурных цэнтраў па-за межамі навакольнага соцыуму, гаварыць не прыходзіцца. І настаўнікі, і дзеці, і іх бацькі зацікаўлены ў пашырэнні кругагляду, знаёмстве з будучымі прафесіямі, набыцці камунікатыўных навыкаў. Пытанне ў другім: якім чынам наладзіць баўленне вольнага часу ў сценах роднай школы больш цікава і змястоўна, калі вучняў старшых класаў усяго да 30 чалавек? Аказалася, такія ж праблемы існуюць у многіх сельскіх школах, дзе вучням цесна ў родных сценах, нават у межах раёна (міжшкольныя мерапрыемствы сталі неад’емнай часткай выхаваўчага працэсу на працягу апошніх 10 гадоў).

“Няма такой праблемы, якая пры жаданні не магла б быць вырашанай”, — так адказвалі члены актыву вучнёўскага самакіравання “Садружнасць”. Праблема ў нашай школе стала разглядацца на міжраённым узроўні. Да правядзення рэаліці-шоу “Апошні герой” былі запрошаны тры школы з суседніх раёнаў: Круцілавіцкая і Раготненская сярэднія школы Дзятлаўскага раёна, школа вёскі Лукі Карэліцкага раёна.

Эмоцыі бурлілі ўжо падчас знаёмства: 40 навучэнцаў Карэліцага і Дзятлаўскага раёна наведалі кожны куточак нашай установы адукацыі, знаёміліся з вучнямі школы-гаспадыні і расказалі аб сабе і школе, якую прадстаўлялі.

На рэаліці-шоу па выніках адборачнага этапу прайшлі 14 астравіцян (так называліся ўдзельнікі шоу), якія адправіліся на востраў Мадаскар, дзе савет старэйшын павінен быў вызначаць, якая каманда спачатку атрымае татэм (сімвал недатыкальнасці), а затым (па выніках першага этапу спаборніцтваў) — удзельнікаў гульні. Як і ў тэлевізійным праекце, на савеце ля скалы Асуджаных кожны ўдзельнік вызначаў гульца, які павінен пакінуць шоу. Факел жыцця абранага на тайным галасаванні тушылі, і гулец выбываў. Іспыты былі рознымі па складанасці і накіраванасці: правяраліся органы смаку, слыху, дотыку, ёмістасць лёгкіх, інтэлектуальная падрыхтаванасць, фізічныя здольнасці і логіка ўдзельнікаў. Спачатку барацьба ішла за выжыванне ўсёй каманды. Тут павінны былі абыграць сітуацыі так, каб быць лепшымі індывідуальна і перамагчы ў камандным заліку. Пасля сёмага выпрабавання, калі колькасць гульцоў зменшылася ўдвая, кожны змагаўся сам за сябе. Не засталіся ўбаку і гледачы: з імі праводзілася інтэлектуальная гульня, па выніках якой раздаваліся прызы ад спонсараў. Акрамя таго, гледачы двойчы маглі аказаць дапамогу ўдзелькам шоу: выкласці водаправод, адшукаць звярыную сям’ю.

У фінал выйшлі два ўдзельнікі з розных каманд: Максім Маркаран з Пятрэвіцкай школы і Дар’я Буча з Руцілавіцкай школы Дзятлаўскага раёна.

У самы напружаны, здавалася б, момант, калі змагаліся дзве школы-саперніцы, калі да перамогі заставаўся толькі адзін крок, адбылося штосьці звышрэальнае: хлопчык далікатна даў магчымасць перамагчы дзяўчыне. Гата было прыгожа, гэта было па-мужчынскі, гэта было галантна, гэта было чалавечна (гендарнае выхаванне, аб якім мы ўжо пісалі на старонках “Настаўніцкай газеты”, дало аб сабе знаць). Даша прайшла сваё выпрабаванне, а потым і выпрабаванне Максіма разам з ім. Зала апладзіравала такому фіналу стоячы.

Усе гульцы атрымалі прызы ад спонсараў, сталі ўдзельнікам салодкага стала, спецыяльна для якога Навагрудскі хлебазавод вырабіў двухкілаграмовы торт з надпісам “Апошні герой”. Пераможца рэаліці-шоу Дар’я Буча атрымала сертыфікат на аднаразовае наведванне салона прыгажосці “Лямур”, майку з надпісам “Апошні герой” ад ІП “Фоткі-плюс” з лагатыпам ААТ “Навагрудскія дары”, кепку з лагатыпам рэдакцыі газеты “Новае жыццё”. Апошні прыз дзяўчына ўручыла Максіму Маркарану.

Бліц-апытанне ўдзельнікаў, гледачоў, прадстаўнікоў адміністрацыі школ выявіла, што такія мерапрыемствы дораць толькі пазітыўныя эмоцыі, аб’ядноўваюць сельскую моладзь, даюць магчымасць самарэалізацыі вучняў, спрыяюць цеснаму супрацоўніцтву паміж сельскімі школамі раёна, з’яўляюцца не апошнімі ў цыкле сумесных мерапрыестваў, першым этапам рэалізацыі праекта “Мы разам!”.

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы

Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота Н.ЮШКЕВІЧ.