Прачытай па-беларуску, здымі, запосці… і атрымай Apple!

- 11:24Адукацыйныя праекты

11 кастрычніка ў мінскай сярэдняй школе № 136 быў дадзены старт новаму этапу культурна-адукацыйнага праекта “Чытаем па-беларуску з Velcom”, ініцыіраванага названай кампаніяй пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Праект быў запушчаны ў 2015 годзе і на першым сваім этапе рэалізоўваўся сярод навучэнцаў малодшых класаў беларускіх школ. Ён праходзіў у выглядзе інтэрактыўных урокаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікамі на якіх выступалі вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты, акцёры, тэлевядучыя і спартсмены. Сёлета было вырашана змяніць і фармат, і аўдыторыю. Удзельнікамі новага этапу праекта стануць вучні 7—8 класаў, якім прапаноўваецца прыняць удзел у Рэспубліканскім анлайн-конкурсе “Чытаем па-беларуску з Velcom”. “Новы фармат конкурсу дыктуе сам час. Для падлеткаў цяпер штодзённая прывычная справа — карыстацца смартфонамі і кантактаваць у сацыяльных сетках, — паведаміў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom Вячаслаў Смірноў. — Наша мэта — выкарыстаць сучасныя тэхналогіі, каб звярнуць увагу школьнікаў на прыгажосць беларускага слова, велізарны і разнастайны пласт выдатных твораў нашых аўтараў”.

А ўсё насамрэч вельмі проста. Вучням 7—8 класаў прапаноўваецца запісаць відэа, на якім яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Гэта можа быць як паэзія, так і проза. Затым трэба размясціць відэа на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы (“УКантакце”, Facebook, Instagram) з хэштэгам #чытаем_з_Вэлком або #чытаем_з_Velcom, а таксама выслаць спасылку на публікацыю на афіцыйны сайт конкурсу movakonkurs@gmail.com. Відэазапісы ўдзельнікаў прымаюцца да 30 лістапада 2017 года. На першым этапе праекта будуць вызначаны па 30 лепшых канкурсантаў з кожнай вобласці і Мінска. З лютага па красавік 2018 года пройдуць рэгіянальныя фіналы, падчас якіх чытальнікі выступяць перад журы ўжывую. Пяцёра першых ад кожнага рэгіёна будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і атрымаюць магчымасць пазмагацца за перамогу ў вялікім рэспубліканскім фінале, які пройдзе ў Мінску ў маі 2018 года. Пераможцы конкурсу атрымаюць смартфоны маркі Apple — мара кожнага “мабільнага” беларускага падлетка.

11 кастрычніка на адкрыццё новага этапу праекта ў мінскую сярэднюю школу № 136 (у ёй, дарэчы, два гады назад праект і пачынаўся) завіталі галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, а таксама пастаянныя сябры журы конкурсу — пісьменніца, паэтэса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова, пісьменнік, рэдактар часопіса “Вясёлка”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Ліпскі, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт. Віншуючы школьнікаў з падзеяй, Ірына Булаўкіна адзначыла адметнасць самой ідэі спалучэння інфармацыйных тэхналогій з вывучэннем любімых прадметаў, а таксама высакароднасць мэты конкурсу — павышэння цікавасці да чытання і да роднай літаратуры. “За час правядзення праекта вучні з усіх куткоў краіны змогуць праявіць сябе, паказаць сваю вытрымку і цярпенне, уменне выразна чытаць мастацкія тэксты і гатоўнасць дасягаць пастаўленай мэты”, — выказала ўпэўненасць Ірына Уладзіміраўна. Яна таксама заклікала дзяцей удзельнічаць ва ўсіх алімпіядах, конкурсах і навукова-даследчых канферэнцыях, якія праводзіць Міністэрства адукацыі.

Раіса Баравікова заўважыла, што, праехаўшы на першым этапе праекта ўсю краіну, яна зрабіла найпершую выснову: “У нас вельмі і вельмі таленавітыя дзеці, бо ў многіх школах нас віталі другакласнікі і трэцякласнікі ўласнымі вершамі! І гэта рабілася з вялікім задавальненнем і любоўю”. Яна таксама прачытала свой пранікнёны верш для вучняў 136-й школы, сарваўшы гучныя апладысменты. А Уладзімір Ліпскі прадэманстраваў дэкламатарскія ўменні, прачытаўшы ўрывак з уласнай аповесці “Мая Беларусь” (“Каб дзеці ведалі, што члены журы таксама ўмеюць чытаць!”), і зымправізаваў нават невялікі конкурс сярод школьнікаў, якія прысутнічалі ў актавай зале, на лепшае прачытанне фразы “Мая Беларусь!”. У якасці прызоў пераможцы атрымалі новыя нумары часопіса “Вясёлка”. Юрый Жыгамонт зрабіў дзецям невялікую падказку: “Вы, канечне, можаце прачытаць верш на конкурс “Чытаем па-беларуску з Velcom”, падглядаючы ў падручнік, але лепей, паверце, будзе, калі вы прачытаеце яго на памяць і прадэманструеце сапраўдныя акцёрскія ўменні”.

Вучні 136-й школы, якая мае тэатральны ўхіл, разыгралі перад прысутнымі яскравую сцэнку, увасобіўшы ў ёй увесь працэс чытання твора на конкурс, яго запісу і размяшчэння ў адной з сацыяльных сетак.

Прыемным сюрпрызам для прысутных стала з’яўленне на сцэне напрыканцы мерапрыемства прадстаўнікоў Беларусі на дзіцячым конкурсе “Еўрабачанне” ў 2015 і 2017 гадах Руслана Асланава і Хелены Мерааі, якія разам прачыталі верш Пімена Панчанкі “Родная мова”, а потым кожны праспяваў песню па-беларуску.

“Кажуць, мова мая аджывае // Век свой ціхі: ёй знікнуць пара…” — пісаў Пімен Емяльянавіч. Не верылася.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.