Працуйце, як вучыліся, — натхнёна

- 11:16Вышэйшая школа

Лепшым студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка “Приорбанк” (вядучы камерцыйны банк краіны) уручыў імянныя стыпендыі. Кіраўніцтва банка і педагагічнай УВА выказала спадзяванне, што гэта толькі пачатак плённага супрацоўніцтва.

Банкаўская стыпендыя назначаецца студэнтам апошніх курсаў дзённай формы навучання за высокую паспяховасць на працягу ўсёй вучобы ва ўніверсітэце, актыўны ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці і выдатнае веданне англійскай мовы. У розныя гады “Приорбанк” падтрымліваў студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Традыцыйна стыпендыя прызначаецца на год. На гэты раз яе штомесячны памер складзе 300 рублёў. Пры гэтым за студэнтамі захаваецца іх вучэбная стыпендыя.

— На працягу свайго існавання наш банк прадастаўляў стыпендыі студэнтам розных УВА, перш за ўсё эканамічных, юрыдычных і лінгвістычных спецыяльнасцей. Зараз мы пайшлі крыху далей. Лічым, што героем нашага часу павінен быць не банкір, журналіст ці міліцыянер, ім павінен стаць настаўнік. Прычым настаўнікі матэматыкі і фізікі ў найбольшай ступені фарміруюць будучую эліту грамадства. Менавіта гэтыя людзі здольны паказаць падрастаючаму пакаленню, што за сухімі лічбамі і формуламі стаіць сапраўднае мастацтва, — сказаў старшыня праўлення “Приорбанка” Сяргей Касцючэнка, які, дарэчы, вырас у сям’і настаўнікаў матэматыкі і біялогіі. — Стыпендыя — гэта першы крок. Мы адкрыты для супрацоўніцтва з БДПУ і яшчэ абмяркуем, як можам дапамагчы ўніверсітэту.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук у сваю чаргу адзначыў, што будучыня краіны вызначаецца чалавечым капіталам. “Не нафтай, не газам, а інтэлектам. Гэта добра ведаюць краіны, якія маюць поспехі ў эканамічным развіцці, таму ўкладаюць рэсурсы ў адукацыю. У сувязі з гэтым галоўнай фігурай становіцца настаўнік, — запэўніў Аляксандр Іванавіч. — Сёння ў Беларусі шмат робіцца для таго, каб у настаўніцкую прафесію прыходзіла не толькі падрыхтаваная, але і матываваная моладзь. У краіне ўжо два гады працуюць профільныя педагагічныя класы. Першы выпуск сёлета будзе карыстацца правам паступлення ва УВА на педагагічныя спецыяльнасці без уступных іспытаў.

Аляксандр Іванавіч Жук паведаміў таксама: нягледзячы на тое, што прафесію настаўніка традыцыйна прынята лічыць жаночай, у мінулым годзе ў БДПУ імя Максіма Танка на фізіка-матэматычны факультэт паступіла каля 40% юнакоў.

30% хлопцаў сталі студэнтамі факультэта прыродазнаўства, 40% былі залічаны на гістарычны факультэт, а ў факультэта фізвыхавання “мужчынскі” паказчык склаў наогул 60%.

Вось і з пяці ўзнагароджаных імяннымі стыпендыямі “Приорбанка” двое — мужчыны. Лепшымі студэнтамі фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ прызнаны Настасся Карніевіч, Іна Плескацэвіч, Вольга Міснік, Кірыл Сафранчук і Максім Яўланаў. Трое з іх ужо працуюць настаўнікамі. Так, Вольга Міснік выкладае матэматыку ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, Настасся Карніевіч працуе настаўніцай матэматыкі ў сталічнай сярэдняй школе № 19, а Максім Яўланаў — настаўнікам фізікі ў сярэдняй школе № 45 Мінска. У Максіма Вітальевіча, дарэчы, сярэдні бал паспяховасці ва ўніверсітэце — 9,6.

— Зараз я сумяшчаю вучобу на апошнім курсе і работу ў школе. У БДПУ паступаў свядома на настаўніка фізікі і матэматыкі, таму і працаваць падабаецца. Самае складанае — зацікавіць сваім прадметам усіх вучняў, падабраць ключ да кожнага. Для гэтага і працаваць прыходзіцца шмат і па-рознаму. Мне як маладому настаўніку вельмі хочацца, каб школа была месцам, дзе ўсе імкнуцца атрымліваць веды, дзяліцца імі, дапамагаць адно аднаму і дзе б нішто не адцягвала ўвагу настаўніка ад свайго прадмета, дзяцей і мэты даць ім як мага больш ведаў.

Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара.