Прадставілі вопыт энергаэфектыўнага выхавання

- 11:07Дашкольная адукацыя

Дыск з інсцэніроўкай казкі “Калабок”, дзе выхаванцы ясляў-сада № 45 Гродна расказваюць пра беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў, а таксама дыдактычныя гульні, перадала ў падарунак гасцям з Узбекістана загадчык дзіцячай установы Людміла Кушнірук.

Дэлегацыя з Рэспублікі Узбекістан, у складзе якой былі прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў — фінансаў, эканомікі, сельскай гапспадаркі, Гідраметцэнтра, Узбе-кэнерга, пабывала ў Беларусі з мэтай вывучэння вопыту ўкаранення энергаэфектыўных тэхналогій.

Яслі-сад № 45 пасля ўдзелу ў праекце ПРААН “Энергаэфектыўная школа” змяніўся не толькі вонкава — тут зроблена цеплавая мадэрнізацыя сцен, заменены вокны, устаноўлены сонечныя калектары і энергазберагальнае абсталяванне ў кухні. Вялікая работа ў дашкольнай установе вядзецца па прапагандзе беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. З гэтага года працуе рэсурсны цэнтр па энергазберажэнні.

Загадчык ясляў-сада Людміла Кушнірук азнаёміла гасцей з вынікамі ўкаранення сучасных энергазберагальных тэхналогій, за кошт якіх у два разы скарацілася энергаспажыванне, а таксама з дзейнасцю рэсурснага цэнтра.

Кіраўнік праекта ПРААН ва Узбекістане “Праграма падрыхтоўкі Узбекістана да доступу да рэсурсаў Зялёнага кліматычнага фонду” Улугбек Дзедабаеў адзначыў, што беларускі вопыт вельмі цікавы, бо выхаванне беражлівага стаўлення да ўсіх відаў рэсурсаў і трэба пачынаць з дзіцячага ўзросту. Гэта ў далейшым прынясе значныя вынікі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.