Дзяніс Аляксандравіч КАНАПАЦКІ, начальнік аддзела павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства адукацыі, сёння расказвае нашым чытачам, якія змяненні прадугледжаны ў праекце Кодэкса аб адукацыі ў раздзеле аб дадатковай адукацыі дарослых.
— У раздзеле “Дадатковая адукацыя дарослых” новай рэдакцыі кодэкса не прадугледжана якіх-небудзь глабальных змяненняў. Асобныя палажэнні раздзела выкладзены з улікам практычнай рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых. Як вядома, апошнім часам імкліва развіваецца так званая нефармальная адукацыя, і сёння многія арганізацыі прадастаўляюць паслугі па правядзенні вучэбных курсаў. Раней асаблівых патрабаванняў да гэтай дзейнасці ў нас не было, чым і карысталіся нядобрасумленныя арганізацыі. Каб выправіць сітуацыю,у праекце кодэкса ўстанаўліваюцца патрабаванні да парадку адкрыцця такога навучання. Тое ж самае тычыцца і прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых. Да нядаўняга часу гэтая дзейнасць не ліцэнзавалася і не акрэдытоўвалася. Таму такія ж патрабаванні будуць прад’яўляцца і да падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых.
У новую рэдакцыю кодэкса ўнесены некалькі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых.Так, у прыватнасці, падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі вадзіцеляў раней рэгламентавалася заканадаўствам аб дарожным руху, таму ў рамках Кодэкса аб адукацыі яна не разглядалася. Гэта выклікала двухсэнсоўнае разуменне і цяжкасці ў прымяненні тэрмінаў падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Таму ў новай рэдакцыі кодэкса гэты кірунак будзе адносіцца да дзейнасці па рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых.
У новым кодэксе будуць выкладзены палажэнні, якія накіраваны на павышэнне якасці дадатковай адукацыі дарослых, у прыватнасці прадугледжваецца развіццё сеткі вучэбна-метадычных аб’яднанняў. Сёння яны могуць стварацца толькі на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых. Новая рэдакцыя кодэкса дазваляе стварэнне вучэбна-метадычных аб’яднанняў, у тым ліку на базе устаноў вышэйшай адукацыі.
Хачу адзначыць яшчэ адзін момант, накіраваны на скарачэнне паператворчасці. Напрыклад, будзе выключана заключэнне трохбаковых дагавораў пры навучанні за кошт сродкаў бюджэту, дзе трэба было заключыць на кожнага слухача тры дагаворы. У перспектыве будзе прадугледжаны толькі адзін дагавор. Таксама мяркуецца выключыць выдачу білета слухача.
Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.