Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі працуе над прапановамі ў законапраект аб процідзеянні сямейнаму насіллю. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Раман Мельнік на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да старту нацыянальнай інфармацыйнай кампаніі па фарміраванні нулявой талерантнасці грамадства да насілля ў сям’і “Не маўчы! Спыні насілле ў сям’і!”.
Цяпер у Беларусі шмат норм, якія рэгламентуюць сямейныя адносіны, знаходзяцца ў розных заканадаўчых актах. “Трэба звесці гэта ў адзін законапраект і дакладна вызначыць, які дзяржорган, якая грамадская ці іншая арганізацыя, суб’ект могуць мець месца ў законе, каб выконваць пэўную функцыю па прафілактыцы, абароне ахвяры, рабоце з агрэсарам і г.д., — сказаў Раман Мельнік. — Мы цяпер працуем над тэкстам, заканадаўчымі нормамі, якія, на нашу думку, павінны ўвайсці ў гэты закон. Запытваем у іншых суб’ектаў іх бачанне. Задумак вельмі шмат, разлічаем на дапамогу і напрацаваны вопыт. Спадзяюся, мы выйдзем на добры і, галоўнае, працуючы законапраект. Гэта адна з нашых асноўных мэт на не такую і далёкую перспектыву”. Ён упэўнены, што асаблівыя намаганні павінны быць накіраваны менавіта на ранняе выяўленне і прафілактыку, паколькі больш важна прадухіліць сямейнае насілле, чым змагацца з яго наступствамі.
Раман Мельнік падкрэсліў, што адміністратыўная і крымінальная статыстыка пацвярджаюць злабадзённасць тэмы, хоць гаварыць пра маштабы складана — ёсць яшчэ і элемент латэнтнасці. У бягучым годзе ад рук пражываючых сумесна з ахвярамі загінулі 96 чалавек. Заведзена больш як 42 тысячы адміністратыўных спраў з прыцягненнем агрэсараў да адказнасці. Але рэальных фактаў больш у разы, упэўнены прадстаўнік МУС.
Кампанія “Не маўчы! Спыні насілле ў сям’і!” рэалізуецца Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі разам з Міністэрствам унутраных спраў па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў сферы процідзеяння гендарнаму насіллю (з акцэнтам на насілле ў сям’і) у Рэспубліцы Беларусь” пры фінансавай падтрымцы ўрада Вялікабрытаніі. Перыяд правядзення кампаніі: лістапад 2017 — сакавік 2018 года.