Праекты “касмічныя” і зямныя…

- 11:07Планёрка ў рэгіёне

Педагогі і школьнікі Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці праяўляюць вялікую цікавасць да касмічнай тэматыкі, займаюцца даследчай работай у гэтым кірунку, прымаюць удзел у навуковых чытаннях. Справа ў тым, што сярэднюю школу № 2 Чэрвеня скончыў касманаўт Алег Навіцкі. Знакаміты выпускнік час ад часу наведвае родную школу. У музей касманаўтыкі, які быў тут адкрыты, ён перадаў свае дзіцячыя фотаздымкі, кнігі, сапраўдную касмічную ежу, а таксама пальчатку і касцюм, якія насіў у космасе. 
Пра тое, чым жыве сістэма адукацыі Чэрвеньскага раёна сёння, і пра новыя “касмічныя” праекты расказала начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Ларыса Валянцінаўна Асановіч.

— Паспяховымі з’яўляюцца выступленні каманд нашых школьнікаў на абласных турнірах юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў. Так, у кастрычніку 2015 года каманда навучэнцаў гімназіі № 1 імя У.А.Караля і сярэдняй школы № 4 Чэрвеня заняла трэцяе месца на абласным турніры юных матэматыкаў. Сёлета на VII абласным турніры юных фізікаў навучэнцы сярэдняй школы № 1 Смілавіч і Новазелянкоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы сталі абсалютнымі пераможцамі, заваяваўшы дыплом першай ступені.
Традыцыйным з’яўляецца ўдзел настаўнікаў і вучняў раёна ў міжнародных грамадска-навуковых чытаннях, прысвечаных памяці Ю.А.Гагарына, якія праводзяцца на радзіме першага касманаўта ў Гагарыне Смаленскай вобласці. За актыўны ўдзел у рабоце секцыі “Касманаўтыка і моладзь” дыпломы атрымалі навучэнцы сярэдняй школы № 3 Чэрвеня Вераніка Канапака і Ілья Купровіч, вучаніца сярэдняй школы № 2 райцэнтра Святлана Дзяркач. У сакавіку 2016 года па выніках удзелу ў 43-х грамадска-навуковых чытаннях, прысвечаных памяці першапраходца космасу, дыпломамі адзначаны работы навучэнцаў сярэдняй школы № 3 Ільі Купровіча і Ягора Невяроўскага.
У секцыі “Фізіка” падчас XXIV Адкрытай маскоўскай прыродазнаўча-навуковай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял” вучань сярэдняй школы № 1 Смілавіч Мікалай Жыгалковіч быў узнагароджаны дыпломам другой ступені. Дарэчы, з 1 па 4 лютага гэтага года Мікалай у складзе каманды Мінскай вобласці прымаў удзел ва Усерасійскім конкурсе навуковых і інжынерных праектаў навучэнцаў старшых класаў школ, ліцэяў, гімназій і студэнтаў малодшых курсаў сярэдніх спецыяльных устаноў Расіі і СНД “XII Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс”. Мерапрыемства праводзілася ў Санкт-Пецярбургу і было арганізавана фондам “Час навукі”. За свой праект “Круцільны магнітны ківач” рашэннем навуковага журы конкурсу Мікалай Жыгалковіч быў удастоены спецыяльнай прэміі і атрымаў дыплом трэцяй ступені.
Не толькі вучні, але і педагогі дэманструюць сваё майстэрства. Яны ўдзельнічаюць у раённых конкурсах “Самы “класны” класны”, “Педагагічны дэбют”. Лаўрэатам абласнога конкурсу “Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі — 2013” стала Т.Р.Лугоўская, дырэктар Валевачэўскай сярэдняй школы. Прызёрам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2013” стаў М.М.Талкачоў, настаўнік біялогіі Раваніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Чэрвеня С.М.Няборская ў 2014 годзе атрымала дыплом 1 ступені на Рэспубліканскім конкурсе на лепшага педагагічнага работніка, які выкладае факультатыўныя заняткі “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. У 2016 годзе лаўрэатам абласнога конкурсу “Педагог дадатковай адукацыі” стала К.А.Кочава, якая працуе ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Чэрвеня.

— Ці поўнасцю забяспечаны ўстановы адукацыі раёна настаўнікамі і выхавальнікамі? Якая работа вядзецца з маладымі кадрамі?
— У цэлым установы раёна ўкамплектаваны спецыялістамі. Праўда, адчуваем патрэбу ў настаўніках-дефектолагах, выхавальніках дашкольнай адукацыі. Але праблемы вырашаем праз прыцягненне ва ўстановы дашкольнай адукацыі педагагічных работнікаў іншых спецыяльнасцей, спецыялістаў пенсійнага ўзросту. Узаемадзейнічаем у гэтым кірунку і з установамі вышэйшай адукацыі краіны.
Штогод у красавіку для навучэнцаў 11-х і 9-х класаў у рамках месяца прафарыентацыі арганізоўваюцца экскурсіі “Знаёмім з прафесіяй”, праводзяцца “Прафесійныя пробы”. І як вынік, штогод павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія выбіраюць прафесію педагога. Так, у 2013 годзе 14,5% нашых выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя педагагічныя ўстановы, у 2014-м — 17,3%, у 2015-м — 18,8%.
У раёне працуюць школа маладога педагога (для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі), школы пачынаючага педагога (для маладых выхавальнікаў і выхавальнікаў-неспецыялістаў), школы маладога кіраўніка ўстаноў адукацыі (для кіраўнікоў устаноў адукацыі са стажам работы да 2 гадоў, а таксама тых педагогаў, якія знаходзяцца ў рэзерве кіраўніцкіх кадраў). Удзяляецца ўвага і вырашэнню жыллёвых праблем педагогаў. Так, па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму пры аддзеле былі створаны ЖБК, і як вынік, завершана будаўніцтва двух ЖБК у Чэрвені і Смілавічах. 64 сям’і педагогаў раёна атрымалі ключы ад сваіх кватэр.

— Ларыса Валянцінаўна, назавіце цікавыя праекты, якія рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна сёння. Якія новыя ідэі плануеце ажыццявіць?
— У трох установах адукацыі — сярэдняй школе № 3 Чэрвеня, Запольскай сярэдняй школе, сярэдняй школе № 1 Смілавіч — рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў на этнакультурнай аснове ў кантэксце рэгіянальнага кампанента”. У 2015/2016 навучальным годзе рэалізоўваем таксама педагагічныя праекты “Патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у працэсе стварэння віртуальнага музея касманаўтыкі” (сярэдняя школа № 2 імя А.К.Флягонтава), “Фарміраванне даследчыцкіх уменняў у вучняў шляхам арганізацыі работы музея “Прастора Хаіма Суціна” (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч). На базе Раваніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы арганізавана работа лабараторыі абласнога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій Лега-канструявання. У гэтай жа ўстанове летам 2016 года плануем пачаць рэалізацыю праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
З мэтай фарміравання ў вучняў навыкаў даследчай дзейнасці, развіцця інтарэсаў вучняў і выхаванцаў да спецыяльнасцей касмічнага профілю 9 сакавіка 2016 года ў раёне стартаваў “Касмічны фестываль”. З 1 сакавіка 2016 года Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА ў сярэдняй школе № 3 Чэрвеня пачынае рэалізацыю сацыяльна-адукацыйнай праграмы “Access — магчымасці для ўсіх”.

Надзея ЦЕРАХАВА.