Праекты развіваюць фантазію і вучаць логіцы

- 15:18Адукацыйная прастора

Гавораць, любая прафесія — урач, шахцёр, інжынер, артыст — пачынаецца з настаўніка. Я думаю, што арыентаваць у свеце прафесій, праяўляць фантазію і індывідуальнасць, рыхтаваць да самастойнай працоўнай дзейнасці можа толькі настаўнік.

І ў большай ступені — настаўнік працоўнага навучання. За 30 гадоў работы ў школе многа было радасці, непрыемнасцей, промахаў і няўдач. Нараджаўся вопыт, удасканальвалася майстэрства.

За гэтыя гады я ўпэўніўся, якімі вялікімі магчымасцямі валодае наш прадмет для развіцця ў дзяцей творчага пачатку.

І калі ў 2003 годзе была ўведзена прадметная алімпіяда па працоўным навучанні, я вырашыў адзін з яе этапаў — прадстаўленне і абарону творчых праектаў (вырабаў, выкананых вучнямі) — прымяніць у сваёй рабоце. Па-першае, гэты праектны метад мае шырокую галіну прымянення ў арганізацыі вучэбнага працэсу. Па-другое, валоданне логікай і тэхналогіяй праектавання дазваляе больш эфектыўна ажыццяўляць аналітычныя, арганізацыйна-кіраўніцкія функцыі. Па-трэцяе, метад праектаў забяспечвае канкурэнтаздольнасць навучэнца ў адукацыйным працэсе, як вынік — будучага спецыяліста ў далейшым жыцці.

Для мяне было важна сфармуляваць канкрэтную мэту: распрацаваць сістэму работы з навучэнцамі на ўроках працоўнага навучання (тэхнічная праца 5—9 класы), накіраваную на павышэнне ў дзяцей матывацыі да навучання, цікавасць да вывучэння прадмета, фарміраванне практычных уменняў і навыкаў, развіццё тэхнічнага мыслення і прасторавага ўяўлення вучняў.

Метад праекта стаў асноўным спосабам фарміравання практычных уменняў і навыкаў. Для яго рэалізацыі я вывучаю інтарэсы навучэнцаў, выбіраю і абгрунтоўваю тэматыку праектаў і рыхтую да работы над імі. Гэта павышае ў вучняў упэўненасць у сваіх сілах, развівае мысленне і фантазію, вучыць вымяраць свае сілы і магчымасці, стымулюе волю да навучання. Стараюся падтрымліваць пастаянную цікавасць да прадмета, прапаноўваючы выканаць творчы праект (школьнікам, як правіла, цікавы такія заданні), і цікавасць да вывучэння пазапраграмнага матэрыялу, улічваючы індывідуальны падыход да кожнага вучня.

У большасці тэхнічных задач закладзена тая ці іншая супярэчнасць. Гэтым і тлумачыцца іх творчы характар. Пры рашэнні вучэбнай тэхнічнай задачы, як і вынаходніцкай, закладзеная ў задачы супярэчнасць стварае для вучня праблемную сітуацыю. Яна, у сваю чаргу, актывізуе яго пазнавальную дзейнасць, пашырае межы тэхнічнага мыслення і прасторавага ўяўлення дзяцей падчас рашэння задачы.

Асноўнае месца на ўроках працоўнага навучання (у метадзе праектаў) займае практычная дзейнасць навучэнцаў, якая асноўваецца на працоўных уменнях і навыках. Уменне — засвоены вучнем спосаб выканання дзеяння, які забяспечваецца сукупнасцю набытых ведаў і навыкаў. Фарміруецца ён шляхам практыкаванняў і стварае магчымасць выканання дзеянняў не толькі ў звычайных умовах, але і ў тых, што змяніліся. Фарміраванне ўменняў пачынаецца са стварэння так званага вобраза дзеяння. Навучэнец павінен дакладна ўяўляць, што яму рабіць і як. Такое ўяўленне ствараецца перш за ўсё на аснове тлумачэння і паказу працоўных дзеянняў настаўніка.

Чым лепш ён сам валодае працоўнымі дзеяннямі і методыкай навучання і чым глыбей усведамляе ўсе іх тонкасці, тым больш поўны вобраз дзеяння можа стварыць у навучэнцаў.

Аднак вопыт паказвае, што ў навучэнцаў на аснове толькі тлумачэння і дэманстрацыі не можа стварацца абсалютна правільны вобраз дзеяння. Гэта тлумачыцца суб’ектыўнасцю слыхавога і зрокавага ўспрымання дзяцей. Акрамя гэтага, існуюць яшчэ дзве прычыны, якія прыводзяць да таго, што паміж вобразам працоўнага дзеяння і фактычна выкананым працоўным дзеяннем у пачатку, як правіла, назіраюцца разыходжанні. Гэта абмежаваныя магчымасці навучэнцаў па каардынацыі сваіх дзеянняў. Напрыклад, як паказвае вопыт, навучэнцы, пачынаючы вывучэнне апілоўвання, не могуць утрымаць напільнік дакладна ў гарызантальнай плоскасці і дапускаюць некаторыя адхіленні, хаця вобразна гэтую плоскасць добра сабе ўяўляюць. Напрыклад, пры габляванні трэба ўлічваць супраціўленне рэзанню матэрыялу, які апрацоўваецца, інерцыю масы інструмента і г.д., але адчуць гэта вучні змогуць толькі ў практычнай дзейнасці. Уменні можна падзяліць на чатыры групы.

Вучэбна-арганізацыйныя ўменні. Многія з іх закладваюцца яшчэ на пачатковай стадыі адукацыі ў 5 класе. Гэта і ахайны выгляд у спецадзенні, і наяўнасць чарцёжных прылад, і арганізацыя свайго рабочага месца. Вучань павінен нацэліць сябе на выкананне вучэбнага задання, ажыццяўляючы пры гэтым самакантроль, супрацоўнічаць пры рашэнні вучэбных задач (уменне тлумачыць, аказваць дапамогу, прымаць дапамогу сябра і г.д.). Галоўныя і разам з тым самыя цяжкія ўменні — вучэбна-інтэлектуальныя, ці агульналагічныя, паколькі менавіта яны спрыяюць фарміраванню станоўчых якасцей розуму, такіх як глыбіня, гнуткасць, устойлівасць, самастойнасць, вельмі важных пры праектаванні і выкананні вырабаў праектаў.

Вялікае значэнне маюць вучэбна-інфармацыйныя ўменні, таму што авалоданне ведамі звязана з навыкамі карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі. Вучань павінен умець складаць тлумачальную запіску праекта, план абароны праекта, тэзісы выступлення, анатацыю праекта. Пад вучэбна-камунікатыўнымі ўменнямі разуме-юць уменні, якія фарміруюцца і выкарыстоўваюцца ў вучэбнай рабоце падчас зносін вучняў адно з адным. Галоўнае з іх — уменне слухаць, якое патрабуе вялікай засяроджанасці, бо вучні павінны чытаць тэкст, карыстацца тэхнічнай мовай, выступаць перад аўдыторыяй, літаратурнай мовай выказваць свае думкі, задаваць пытанні, аргументаваць, даказваць пры абароне творчых праектаў на алімпіядах, тэхнічных конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях.

Навучэнцы пачынаюць практыкаванні, калі ў іх ужо сфарміраваны вобраз працоўнага дзеяння. Я прапаную перш за ўсё практыкаванні вучэбныя, працягласцю 10—15 мінут, накіраваныя на авалоданне працоўнымі прыёмамі. Выканаўшы вучэбныя практыкаванні, навучэнцы пачынаюць выраб дэталей з праектаў. Пры гэтым яны фактычна працягваюць практыкавацца і набываюць навыкі, якіх можна дабіцца толькі шляхам пастаяннага прымянення пэўных ведаў на практыцы.

На занятках у майстэрні выкарыстоўваю франтальную і індывідуальную формы арганізацыі работы навучэнцаў. У пачатку вывучэння працоўных аперацый, калі мне трэба адначасова кіраваць усімі навучэнцамі, выкарыстоўваю франтальную. Тыя ж, хто па розных прычынах апярэджвае іншых ці адстае ад групы, атрымліваюць індывідуальныя заданні.

Практычная работа навучэнцаў ажыццяўляецца па вучэбна-тэхнічнай дакументацыі праектаў — эскізах, чарцяжах, тэхнічных рысунках, тэхналагічных картах, што спрыяе развіццю тэхнічнага мыслення і прасторавага ўяўлення навучэнцаў. Пры правядзенні заняткаў па інтарэсах, такіх як мастацкая апрацоўка драўніны, старшакласнікі становяцца педагогамі — кіраўнікамі творчых мерапрыемстваў у малодшых класах, архітэктарамі творчых праектаў.

У тэматыцы праектаў, выкананых маімі вучнямі, адлюстроўваецца не толькі змест матэрыялу праграмнага, ці які вывучаецца, але і індывідуальныя цікавасці і магчымасці школьнікаў. У свае работы дзеці ўкладваюць і фантазію, і густ, і ўменні. А гэта і ёсць увасабленне творчай задумы. Пры стварэнні праекта працуе ўсё — ад фантазіі да логікі.

А веды, уменні і навыкі, атрыманыя навучэнцамі пры выкананні праекта, актыўна выкарыстоўваюцца на іншых прадметах і заўсёды могуць спатрэбіцца ў жыцці.

Мае вучні пастаянна ўдзельнічаюць у школьным, раённым, абласным этапах алімпіяды па прадмеце, алімпіядзе “Крок да інавацый”, рэспубліканскіх (“Тэхнаэвалюцыя”, “ТэхнаІнтэлект”), міжнародных (“Таленты ХХІ стагоддзя” — “Мадэль карэты-купэ”), тэхнічных конкурсах. Яны перамагаюць і займаюць прызавыя месцы. Распрацаваная сістэма праектнай дзейнасці дазваляе ажыццяўляць асобасна арыентаваны падыход, таму што ўлічвае магчымасць удзелу ў алімпіядах, конкурсах усіх узроўняў навучэнцаў розных узроставых катэгорый. Яна мае цыклічны характар, таму што падрыхтоўка да рэспубліканскай алімпіяды ці конкурсу наступнага навучальнага года пачынаецца адразу пасля заканчэння папярэдняга і доўгі час функцыянуе. Прасоўванне навучэнцаў у фарміраванні практычных уменняў і навыкаў, развіцці тэхнічнага мыслення і прасторавага ўяўлення, станоўчыя вынікі ў прадметнай алімпіядзе і тэхнічных конкурсах, высокая якасць ведаў вучняў упэўнілі мяне ў правільнасці выбранага метаду. Мне прыемна, што значная частка выпускнікоў школы выбірае будучую прафесію, заснаваную на ведах па маім прадмеце.

Леанід БУДЗІЛОВІЧ,
настаўнік тэхнічнай працы і чарчэння
Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча.