Прафарыентуем асаблівых вучняў

- 13:30Навіны рэгіёнаў

Галоўная задача спецыяльнай адукацыі заключаецца ў сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі асоб з АПФР у грамадства, у тым ліку ў набыцці навыкаў самаабслугоўвання і падрыхтоўцы да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця. Асаблівая роля належыць прафарыентацыі асаблівых вучняў, найперш старшакласнікаў. Для дзяцей з абмежаваннямі здароўя і жыццядзейнасці правільнасць прафесійнага выбару прынцыпова важная. Таму ў нашай установе была распрацавана праграма сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага суправаджэння прафесійнага самавызначэння асаблівых вучняў.

Праграма змяшчае інфармацыю аб прафесіях, этапах прафарыентацыі, асобасным развіцці дзяцей з АПФР, фарміраванні ў іх здольнасці суадносіць індывідуальныя псіхалагічныя асаблівасці і магчымасці з патрабаваннямі прафесій. Мэты праграмы дасягаюцца праз вывучэнне магчымасцей школьнікаў у авалоданні пэўнымі відамі прафесійнай дзейнасці, развіццё ў выхаванцаў найбольш універсальных уменняў, навыкаў і якасцей, неабходных для прафесійнай (працоўнай) самарэалізацыі, фарміраванне такіх інтарэсаў і ўстановак, якія максімальна арыентуюць вучняў менавіта на прапанаваныя ім прафесіі.

Праграма складаецца з 3 блокаў. Мэта першага, дыягнастычнага, блока заключаецца ў тым, каб на аснове атрыманых дыягнастычных даных спланаваць прафесійныя кансультацыі, асвету і адбор. Дыягнастычная работа праводзіцца з дапамогай апрабаваных методык, апытальнікаў і анкет, адаптаваных да асаблівых вучняў. 

Мэта фарміруючага блока — арыентацыя дзяцей на паказаныя ім віды прафесійнай дзейнасці з дапамогай эфектыўных форм і метадаў работы. Блок уключае карэкцыйную дзейнасць па прафарыентацыі, накіраваную на фарміраванне сацыяльна-камунікатыўных здольнасцей і павышэнне самаацэнкі вучняў з АПФР праз трэнінгі, практычныя заняткі, прафарыентацыйныя гульні і практыкаванні, асветніцкую работу па выхаванні любові да любога віду працоўнай дзейнасці і павышэнні прэстыжу рабочых прафесій праз іх абмеркаванне, а таксама прафесійнае кансультаванне, якое дапамагае прымераць розныя прафесіі на сябе з улікам супрацьпаказанняў для выканання пэўнай работы.

Праграма прапаноўвае шэраг заняткаў. Так, на занятках “Мы разам” дзеці знаёмяцца з іх асноўнымі правіламі, мэтамі і задачамі. На першых занятках фарміруецца матывацыя да наведвання далейшых заняткаў, згуртоўваецца дзіцячы калектыў.

На занятках “Памарым пра сваю прафесію” ствараюцца спрыяльныя ўмовы для работы групы. Дзеці знаёмяцца з асноўнымі прынцыпамі заняткаў. Фарміруюцца навыкі зносін, у падлеткаў выяўляюцца прафесійныя перспектывы. 

На занятках “Таямніца ўласнага “Я” працягваецца самараскрыццё і самапазнанне вучняў, развіваюцца ўменні аналізаваць і даваць характарыстыкі сабе і іншым людзям. На занятках “Маё бачанне будучай прафесіі” пашыраюцца ўяўленні аб прафесіях, даступных для асаблівых дзяцей, развіваецца пачуццё ўпэўненасці ў сабе. На занятках “Прафесіі на мове цела, ці Ні слова аб прафесіях” развіваюцца навыкі вербальных і невербальных зносін, акцэнтуецца ўвага на ўласных адчуваннях і пачуццях, фарміруюцца групавая згуртаванасць і ўзаемны давер. На занятках “На шляху да мэты” адпрацоўваюцца навыкі пераадолення перашкод на шляху да мэт, развіваецца ўпэўненасць у сваіх сілах. На занятках “Назіральнасць у зносінах” развіваецца назіральнасць пры зносінах з іншымі людзьмі, фарміруецца групавая згуртаванасць. На занятках “Сам-насам з сабой” дзеці ўсведамляюць уласную індывідуальнасць, у іх фарміруецца ўменне супрацьстаяць націску блізкага асяроддзя, адстойваць уласныя інтарэсы. На занятках “Мой прафесійны выбар” выяўляюцца вядучыя фактары, якія ўплываюць на прафесійнае самавызначэнне падлеткаў, вызначаюцца іх узаемаадносіны з сацыяльным акружэннем. На занятках “Я магу” фарміруюцца ўяўленні пра свае магчымасці, развіваецца ўпэўненасць ва ўласных сілах. На занятках “Мае рэсурсы” фарміруецца ўменне знаходзіць у сабе асобасныя асаблівасці і актывізаваць асобасныя рэсурсы. На занятках “Хачу. Магу. Трэба” фарміруюцца станоўчыя асобасныя якасці вучняў, вызначаюцца важныя прафесійныя якасці. На занятках “Адносіны да прафесій” фарміруюцца ўяўленні пра тыпы адносін да прафесій, развіваецца пачуццё адказнасці за справу, даследуюцца інтарэсы. На занятках “Я выбіраю шлях” вырашаецца праблема самарэалізацыі праз казку, развіваецца ўменне знайсці свой шлях і месца ў жыцці, фарміруецца ўсведамленне свайго месца ў групе (я вачыма іншых). На занятках “Тыпы прафесій” развіваюцца станоўчыя асобасныя якасці, навыкі прафесійнага самавызначэння. На апошніх занятках праводзіцца прафесійная дыягностыка па пэўнай методыцы, карэкціруецца прафесійнае самавызначэнне вучняў.

Заключны блок уключае дыягностыку змен, якія адбыліся з падлеткамі пры рэалізацыі праграмы, сацыяльна-педагагічны і псіхалагічны аналіз яе выніковасці ў цэлым, выяўленне ўзроўню прафесійнага самавызначэння асаблівых вучняў. 

Набыты вопыт педагагічнай дзейнасці можа быць адрасаваны педагогам-псіхолагам, сацыяльным педагогам і настаўнікам класаў інтэграванага навучання і выхавання, якія імкнуцца дапамагчы падлеткам з АПФР падрыхтавацца да выбару будучай прафесіі.

Алена БОНДАР,
педагог-псіхолаг Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна.