Прафесійнае станаўленне дзіцяці — агульны клопат

- 10:42Навіны рэгіёнаў

Прафесійнай арыентацыі моладзі ўдзяляецца вялікая ўвага. Гэта вельмі важна. Добра, калі юнак ці дзяўчына цвёрда ведаюць, чым хочуць займацца ў жыцці. А калі не? Як вызначыцца з будучай прафесіяй? Вось тут якраз і патрэбна дапамога дарослых. І гэтую функцыю паспяхова выконваюць школы, каледжы, установы вышэйшай адукацыі. Апошнім часам да іх пачалі далучацца і ўстановы дадатковай адукацыі. Так, у Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі ўжо два гады працуе рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі, які дазваляе мэтанакіравана праводзіць прафарыентацыйную работу з выхаванцамі ўстановы.

Рэсурсны цэнтр быў створаны ў цесным супрацоўніцтве з рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафарыентацыі вучнёўскай моладзі, а сваёй мэтай арганізатары ставілі аказанне метадычнай і кансультацыйнай дапамогі па пытаннях прафарыентацыі педагагічным работнікам, навучэнцам і іх бацькам.

Аб вопыце і першых поспехах цэнтра мы гутарым з дырэктарам Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святланай ЯКІМЕНКА і начальнікам рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі Віктарам ГЛАЗУНОВЫМ.

— Святлана Віктараўна, якая роля дадатковай адукацыі ў прафесійным вызначэнні навучэнцаў?

— Дадатковая адукацыя мае вялікія магчымасці ў прафесійным самавызначэнні дзіцяці. Калі школа дае яму абавязковую базавую або агульную сярэднюю адукацыю, якую навучэнцы засвой­ваюць больш-менш аднолькава, то ва ўмовах дадатковай адукацыі раскрываецца ўнутраны патэнцыял. Дзеці могуць паспрабаваць свае сілы ў дзейнасці, якая не абавязковая, але блізкая ім, праявіць ініцыятыву, актыўнасць.

Мы часта сутыкаемся з тым, што выбар прафесіі дзіцяці вызначаюць яго акадэмічныя дасягненні. І калі яны невысокія, то ў гэтым выпадку менавіта педагог дадатковай адукацыі можа стаць важным звяном на шляху да прафесійнай кар’еры дзіцяці. Проста таму, што ён дапамагае рэалізаваць унутраныя патрэбы, прывучае да творчых рашэнняў, паказвае спосабы нестандартнага, а часам і нелагічнага выхаду. У гісторыі ёсць нямала прыкладаў таго, што неабавязкова быць круглым выдатнікам, каб стаць добрым архітэктарам, бліскучым кампазітарам або здзейсніць адкрыццё ў фізіцы. Галоўнае — выявіць схільнасці і цікавасці дзіцяці ў тым ці іншым кірунку дзейнасці. Тады мы зможам задаволіць патрэбы дзяцей у самарэалізацыі, своечасова паспрыяем развіццю матывацыі, як вынік — і прафесійнаму самавызначэнню.

— Як часта вашы навучэнцы выбіраюць прафесію ў адпаведнасці з абраным напрамкам дадатковай адукацыі?

— Выбар выхаванцамі будучай прафесіі, якая адпавядае профілю або кірунку аб’яднання па інтарэсах, — адзі­н з паказчыкаў выніковасці працы яго кіраўніка. І ў гэтым сэнсе мы можам гаварыць аб даволі высокім узроўні нашых педагогаў.

У мінулым навучальным годзе амаль 130 навучэнцаў шматпрофільных устаноў адукацыі вобласці выбралі прафесію згодна з профiлем аб’яднання па інтарэсах — гэта каля 32% ад агульнай колькасці выпускнікоў. Што тычыцца абласнога палаца творчасці, то з 78 выпускнікоў 56 паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі і каледжы па профілі або напрамку работы аб’яднання па інтарэсах. Згадзіцеся, вельмі добры вынік, улічваючы, што гэта не галоўная мэта сістэмы дадатковай адукацыі.

— Так, прафарыентацыя не галоўная мэта для ўстаноў дадатковай адукацыі, аднак у абласным палацы творчасці створаны рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі. Чаму наспела такое рашэнне?

Святлана Якіменка. Кожны дарослы разумее, што дапамагчы дзіцяці з выбарам прафесіі — значыць закласці аснову для яго паспяховай будучыні. Але ці кожны дарослы ведае, як правільна гэта зрабіць? Рэсурсны цэнтр якраз і прызваны аказваць метадычную і кансультацыйную дапамогу педагогам, навучэнцам і бацькам.

Віктар Глазуноў. Стварэнне рэсурснага цэнтра па прафарыентацыі стала ў вобласці першым крокам у фарміраванні сістэмнага падыходу па падтрымцы прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Уцягванне ў гэты працэс максімальнай колькасці зацікаўленых дазваляе значна пашырыць магчымасці дзяцей у іх прафесійным станаўленні незалежна ад таго, дзе яны вучацца і пражываюць, які сацыяльны статус маюць. Мы нацэлены на сур’ёзную працу ў гэтым кірунку. І тут варта адзначыць, што ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама разам з рэгіянальным цэнтрам тэсціравання створаны міжведамасны каардынацыйны савет па прафесійным самавызначэнні і тэсціраванні навучэнцаў Гомельскай вобласці, які з’яўляецца каардынатарам і гарантам рэалізацыі ўсіх праектаў і пра­грам па прафарыентацыі ў вобласці.

— Віктар Іванавіч, а ў якіх праф­арыентацыйных праектах ці мерапрыемствах могуць прыняць удзел навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі вобласці на працягу года?

— Сярод апошніх можна вылучыць асветніцка-адукацыйныя прафарыентацыйныя праекты “Універсітэцкія суботы” і “Прафесійныя суботы”, якія былі ініцыіраваны рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі, праект рэсурснага цэнтра “Прафесійныя канікулы”. Яны рэалізоўваюцца ўпершыню ў рэспубліцы. Іх мэты — азнаямленне школьнікаў і іх бацькоў з адукацыйнай дзейнасцю ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай адукацыі, з галінамі эканомікі абласнога цэнтра і вобласці ў цэлым, папулярызацыя навукі і навуковых даследаванняў. Зразумела, побач з імі стаіць таксама задача фарміравання ў мола­дзі ўстойлівых пераваг у выбары будучай прафесійнай дзейнасці.

“Універсітэцкія суботы” прахо­дзяць сёння ва ўсіх шасці ўніверсітэтах Гомельскай вобласці. У гэтым годзе запланавана больш за сто мерапрыемстваў, на якія зарэгістравалася амаль 4 тысячы навучэнцаў. Тэматыка лекцый, практыкумаў, лабараторных заняткаў у рамках праекта даволі шырокая — ад асноў робататэхнікі да праблем педагогікі і псіхалогіі, таму кожны знойдзе для сябе занятак па інтарэсах. Вялікую папулярнасць у юнакоў і дзяўчат атрымалі і “Прафесійныя суботы”. Яны праходзяць у каледжах і прафесійных ліцэях у форме майстар-класаў, дзелавых гульняў, азнаямленчых экскурсій, сустрэч з паспяховымі прадстаўнікамі прафесій і г.д. Такім чынам, школьнікі могуць, як кажуць, дакрануцца  рукамі да розных прафесій, атрымаць новыя навыкі і веды, сфарміраваць разам з педагогамі і бацькамі ўласныя крытэрыі выбару будучай спецыяльнасці. Асаблівасць дадзеных праектаў — у іх агульнадаступнасці.

Калі сёння размова ідзе пра дадатковую адукацыю, то хочацца адзначыць, што сярод жадаючых наведваць заняткі мы бачым усё больш і больш выхаванцаў цэнтраў творчасці. Вельмі добра, што кіраўнікі аб’яднанняў не засталіся абыякавымі да нашых праектаў.

— Мяркую, існуюць і пэўныя інфармацыйныя рэсурсы па пытаннях прафарыентацыі для школьнікаў Гомельшчыны і іх бацькоў?

— Безумоўна. Перш за ўсё гэта Гомельскі абласны прафарыентацыйны партал, які знайшоў месца на сайце рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі. Гэта першы інфармацыйны рэсурс у рэспубліцы, дзе аб’яднана і прадстаўлена ўся інфармацыя, звязаная з прафарыентацыяй. На партале, дарэчы, вялікае месца займае інфармацыя аб установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсёй вобласці, што стала магчымым толькі пасля стварэння рэсурснага цэнтра па прафарыентацыі. На інтэрнэт-рэсурсе створаны таксама абласны прафарыентацыйны форум, куды маюць доступ куратары прафарыентацыйнай работы ад устаноў дадатковай адукацыі і дзе яны могуць абмяняцца сваім вопытам, параіцца.

— Вядома, што бацькі часта прымаюць актыўны ўдзел у выбары іх дзецьмі будучай прафесіі. На вашу думку, такім чынам яны дапамагаюць сваім жыццёвым вопытам або, наадварот, навязваюць асабісты выбар?

Віктар Глазуноў. Насамрэч, бацькі нярэдка дапамагаюць свайму дзіцяці ў вызначэнні прафесійнага шляху. Разам з тым парады бацькоў часта не адпавядаюць рэальным патрэбам рынку працы. Не заўсёды бацькі ве­даюць і аб’ектыўна ацэнь­ваюць інтарэсы і здольнасці дзяцей. Пры гэтым навязваюць не толькі свае каштоўнасці, але і навучальную ўстанову. Але нельга выключаць волю дзіцяці і асаблівасці яго характару.

Святлана Якіменка. Пагаджуся з Віктарам Іванавічам, аднак падзялюся вынікамі нашых даследаванняў. Супрацоўнікі рэсурснага цэнтра правялі анкетаванне бацькоў выхаванцаў палаца творчасці. Аналіз паказаў, што ў цэлым дарослыя звяртаюць увагу на інтарэсы і перавагі сваіх дзяцей. Кожны з бацькоў змог адказаць на пытанні пра любімы школьны прадмет і педагога, пра заняткі ў вольны час і прафесію, якой, хутчэй за ўсё, аддасць перавагу яго дзіця. Цікава, што амаль усе адзначылі аўтарытэт педагогаў і высокую верагоднасць іх уплыву на прафесійнае станаўленне дзяцей, а таксама ўпэўненасць, што профіль аб’яднання па інтарэсах можа вызначаць іх далейшы прафесійны шлях.

— Святлана Віктараўна, ці мо­гуць бацькі навучэнцаў звярнуцца па кансультацыю ў рэсурсны цэнтр і як часта яны гэта робяць?

— Шчыра кажучы, прыцягнуць баць­коў ва ўстанову дадатковай адукацыі складаней, чым у школу. Чым старэйшае дзіця, тым часцей яно наведвае заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах самастойна. У асноўным мы маем больш цесныя зносіны з бацькамі навучэнцаў 1—5, ра­дзей 6—7 класаў. Але, безумоўна, кожны можа звярнуцца па кансультацыю, індывідуальна пагутарыць з псіхолагам. Па запыце мы можам арганізаваць сустрэчу з прафарыентолагам рэгіянальнага цэнтра тэсціравання. У найбліжэйшы час плануем арганізаваць на базе палаца (зноў жа сумесна з рэгіянальным цэнтрам тэсціравання) цыклы заняткаў, трэнінгаў, групавых кансультацый для ўсіх навучэнцаў, а таксама ў рамках работы творчых майстэрань і клубаў — для педагогаў, псіхолагаў і спецыялістаў у галіне прафарыентацыі.

— Напэўна, нярэдка бацькі старшакласнікаў адгаворваюць сваіх дзецей ад наведвання гурткоў, маўляў, неабходна рыхтавацца да экзаменаў…

— На мой погляд, можна і трэба знайсці баланс. Школа дае важныя і неабходныя веды, а магчымасць апраба­ваць гэтыя веды прадастаўляюць установы дадатковай адукацыі ў рамках напрамкаў сваёй працы. Сучасная сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дае дзецям магчымасць займацца мастацкай і тэхнічнай творчасцю, турысцка-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасцю, спортам, удзельнічаць у рэалізацыі і распрацоўцы маладзёжных праектаў. Дадатковая адукацыя дае навучэнцам пэўную свабоду дзеянняў у адпаведнасці з іх жаданнямі, захапленнямі і патэнцыяльнымі магчымасцямі. Творчая энергія дзіцяці павінна знаходзіць выхад. Неабходна даць яму магчымасць паўнавартасна пражыць дзяцін­ства, рэалізаваць сябе, паспрабаваць віды дзейнасці, якія адрозніваюцца ад вучобы. І тады нашы дзеці вырастуць сацыяльна адаптаванымі, здольнымі да самастойнага жыццёвага выбару.

— На дварэ — люты, але падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі ўжо ідзе поўным ходам. Якія прапановы для школьнікаў рыхтуюцца ў кірунку прафарыентацыі?

Святлана Якіменка. Як правіла, ва ўстановах адукацыі прафарыентацыя накіравана ў асноўным на дзяцей старэйшага школьнага ўзросту. Але, каб выбудаваць сістэму работы, педагогі павінны ўключыць у дзейнасць дзяцей усіх узростаў, у тым ліку і пачаткоўцаў. І як не выкарыстоўваць пры гэтым патэнцыял канікул, калі паўсюль ва ўстановах адукацыі адкрываюцца аздараўленчыя лагеры? Сёлета мы прадоўжым рэалізацыю праекта “Прафесійныя канікулы”, ініцыятарамі якога выступілі міжведамасны каардынацыйны савет па прафесійным самавызначэнні і тэсціраванні навучэнцаў Гомельскай вобласці і рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Віктар Глазуноў. “Прафесійныя канікулы” былі задуманы з мэтай стварэння ўмоў не толькі для адпачынку навучэнцаў, але і для рэалізацыі прафарыентацыйных, адукацыйных і іншых праграм, якія забяспечваюць прафесійнае самавызначэнне. У аснове канцэпцыі прафарыентацыйных лагераў ляжыць эфектыўна пабудаваная сістэма самарэалізацыі асобы дзіцяці праз уключэнне яго ў розныя віды дзейнасці, атрымання першасных практычных уменняў. У цэлым праекты “Універсітэцкія суботы”, “Прафесійныя суботы” і “Прафесійныя канікулы” — гэта звёны аднаго ланцуга, якія дазваляюць круглы год накіроўваць, падтрымліваць і су­праваджаць навучэнца ў яго прафесійным самавызначэнні.

Наталля ЛУТЧАНКА.