Прафесійна — значыць паспяхова

- 14:42Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Віцебскі дзяржаўны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці вельмі выйграе ў параўнанні з іншымі ўстановамі прафесійнай адукацыі аграрнага профілю з пункту погляду лагістыкі. Размешчаны ў прыгожай, экалагічна чыстай сельскай мясцовасці, каледж уяўляе сабой кампактную, камфортную для вучобы і пражывання “навучэнскую вёску”: дагледжаная тэрыторыя і прасторны вучэбны корпус з сучаснымі кабінетамі і лабараторыямі, вялікая бібліятэка з чытальнай залай, рамонтная і слясарная вучэбна-вытворчыя майстэрні, вучэбны магазін, медпункт, спартыўная зала (а на тэрыторыі ў дадатак абсталяваны цэлы спартыўны гарадок), утульны інтэрнат на 720 месцаў, уласныя вучэбная гаспадарка і аўташкола, палігон з аўта- і трактарадромамі, аўтатрактарны парк. У вучэбным корпусе знаходзяцца сталовая і буфет, у інтэрнаце — кафетэрый. Маладыя людзі, якія імкнуцца развівацца ў творчасці, безумоўна, ацэняць наяўнасць дзвюх актавых зал. Разам з тым і абласны цэнтр параўнальна блізка, транспартнае забеспячэнне добрае, а значыць, навучэнцам і педагогам даступныя ўсе магчымасці гарадской інфраструктуры. Інтэрнат прадастаўляецца кожнаму навучэнцу, хто мае ў патрэбу ў жыллі. Вялікі плюс: усе юнакі і дзяўчаты, якія пражываюць тут, забяспечваюцца бясплатным трохразовым гарачым харчаваннем.

Шэраг педагагічных работнікаў і навучэнцаў каледжа па выніках навучальнага года адзначаны граматамі, каштоўнымі падарункамі і падзякамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў.

На працягу 40 гадоў каледж рыхтуе кадры для сельскагаспадарчых арганізацый, перапрацоўчай прамысловасці і сферы абслугоўвання насельніцтва. Зараз тут можна прайсці прафесійна-тэхнічную падрыхтоўку па шырокім спектры спецыяльнасцей і кваліфікацый: на аснове агульнай базавай адукацыі — трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый А і В, слесара па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў 3 разраду, слесара па рамонце аўтамабіляў 3 разраду, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С (міжнародныя перавозкі), рабочага зялёнага будаўніцтва 3 разраду, кухара, кулінара мучных вырабаў 4 разраду, вытворцы мясных паўфабрыкатаў і паўфабрыкатаў з мяса птушкі 4 разраду, прадаўца, кантралёра-касіра (кантралёра) 4 разраду, аператара механізаваных аўтаматызаваных складоў 3 разраду; на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — слесара па рамонце аўтамабіляў 3 разраду і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С. На дзённай форме на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі (на аснове ПТА) у каледжы займаюцца будучыя кухары і аўтамеханікі 5 разраду. З гэтага года адкрываецца спецыяль­насць “Вадзіцель пагрузчыка”. Акрамя таго, ёсць варыянт завочнага навучання (“Прадавец 6 разраду”, “Кухар 5 разраду”). Перад тымі, хто атрымаў правы трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі А, адкрываецца рэальная магчымасць стаць уладальнікамі вадзіцельскага пасведчання катэгорыі В без перанавучання ў аўташколе — неабходна толькі здаць экзамен у ДАІ. На платнай аснове ўстанова адукацыі аказвае насельніцтву транспартныя паслугі і паслугі па апрацоўцы прысядзібных участкаў.

Уладальніца дыплома 3 ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “WorldSkills Belarus — 2020” па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” навучэнка групы № 6 ОП Настасся Папкова (у цэнтры), дырэктар каледжа Аляксандр Якубаў і педагогі Наталля Голубева, Наталля Чакан, Святлана Кежа, Таццяна Клемезь.

— Мы выпускаем запатрабаваных на рынку працы рабочых і спецыялістаў, у першую чаргу для аграрнага сектара, — расказаў дырэктар каледжа Аляксандр Якубаў. — Гэта тая прагматычная і творчая, кваліфікаваная, адказная, нацэленая на поспех моладзь, якая жывіць сучасныя інтэграцыйныя структуры, працуе на інавацыйную эканоміку рэгіёна і краіны. Варта дадаць: стаўленне да сельскагаспадарчых прафесій паступова мяняецца, яны становяцца больш прывабнымі для юнакоў і дзяўчат. На гэта ўплывае комплекс фактараў, пачынаючы ад маштабнай дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца сельскім працаўнікам, і заканчваючы змяненнем да лепшага ўмоў работы на вёсцы: прагрэс не стаіць на месцы, тэхніка і тэхналогіі ў сучасных гаспадарках кардынальна адрозніваюцца ад тых, што былі нават пяць-дзесяць гадоў назад. Адпаведна да нас паступаюць больш матываваныя абітурыенты, якія мэтанакіравана ідуць у прафесію. Падчас вучобы матывацыя відавочна мацнее, бо яны бачаць прафесію, як гаворыцца, знутры, набываюць не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя ўменні і навыкі на лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна, што ўваходзяць у інтэграцыйныя структуры і вядомыя сваімі высокімі вынікамі ўсёй краіне. І між іншым на практыцы нядрэнна зарабляюць.

Эфектыўную арганізацыю адукацыйнага працэсу і побыту навучэнцаў разам з адміністрацыяй забяспечваюць вопытныя педагогі: 27 выкладчыкаў (7 з якіх маюць вышэйшую, 18 — першую і 2 — другую катэгорыю), 24 майстры вытворчага навучання (2 маюць вышэйшую, 16 — першую і 4 — другую кваліфікацыйную катэгорыю), 3 выхавальнікі, 5 педагогаў дадатковай адукацыі, метадыст, педагог-арганізатар, спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічная службы. Для занятасці навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час у каледжы і інтэрнаце працуюць спартыўныя гурткі і секцыі рознай накіраванасці, а таксама 7 аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю, у тым ліку 4 — па напрамку мастацкай самадзейнасці і 3 — дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вынікова дзейнічаюць тэхнічныя гурткі (на валанцёрскай аснове) “Рацыяналізатары” і “Тэхнічная творчасць”.

Выступае харэаграфічны калектыў каледжа “Экспрэсія”.

— Мы заўсёды цікавімся новымі ідэямі, справамі, праектамі, ахвотна да іх далучаемся, — адзначыла намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Вольга Крыўда. — У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2016—2020 гады мы дастойна выступілі на Усебеларускай акцыі БРСМ “За любімую Беларусь”, сталі пераможцамі і прызёрамі ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства аратых, на абласным этапе маладзёжнай акцыі “Дыялог культур — 2019”, абласных конкурсах фотаздымкаў “Якая цудоўная Радзіма мая!” і медыяпраектаў “Віцебшчына. Гісторыя і сучаснасць”, міжрэгіянальным творчым конкурсе праектаў “Твая ідэя”, рэспубліканскім конкурсе фотаработ “Мой край родны”, рэгіянальным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”, абласным конкурсе агітбрыгад навучэнскай і студэнцкай моладзі “Будучыня — гэта моладзь. Будучыня — гэта прафесіяналы!”. Неаднаразова нашы навучэнцы і педагогі ўваходзілі ў лік лепшых на абласных аглядах інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі. Тут поле інтарэсаў і навуковых пошукаў велізарнае — ад дызайнерскіх інтэр’ерных рашэнняў да распрацоўкі і вырабу дыскавай уніфікаванай касілкі ці рэечнага рулявога механізма з гідраўзмацняльнікам ў разрэзе. Настойліва рухаецца ў лідары наша футбольная каманда: пакуль у абласным першынстве па міні-футболе лепшы вынік — ІІ месца, але мы многа працуем, каб яго павысіць.

Штогод у сценах каледжа ладзяцца традыцыйныя конкурсы ў рамках дэкады прафесійнага майстэрства на званне “Лепшы па прафесіі”. Вось і ў лютым 2020 года было арганізавана спаборніцтва па прафесійным май­стэрстве сярод будучых вытворцаў мясных паўфабрыкатаў, прадаўцоў і кандытараў. Каледж на некаторы час ператварыўся ў поле гарачай бітвы за перамогу. Як і ў спорце, імкнуўся да яе кожны — толькі, на думку ўдзельнікаў і журы, алімпійскі дэвіз “Хутчэй, вышэй, мацней” у дадзеным выпадку трэба замяніць на “Дакладней, правільней, бяспечней”. Менавіта гэтыя крытэрыі традыцыйна ключавыя пры вызначэнні лепшага ў сваёй справе. З 10 сакавіка па 23 сакавіка на базе ўстановы адукацыі прайшла прафесійная дэкада па спецыяльнасцях “Аўтасэрвіс”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Садова-паркавае будаўніцтва”. Дзень быў сонечны, настрой — баявы і святочны. Як вынік — навучэнцы паспяхова справіліся з сур’ёзнымі выпрабаваннямі па праверцы іх тэарэтычных і практычных ведаў і прадэманстравалі высокія вынікі. Педагогі кале­джа перакананы: падобныя конкурсы — добрая і карысная традыцыя, таму што набыты вопыт дапамагае потым маладым спецыяльстам знаходзіць аптымальныя рашэнні працоўных задач. У заданнях для канкурсантаў няма нічога надзвычайнага: трэба максімальна сабрацца, праявіць усе свае веды і волю да перамогі. Толькі той, хто падыходзіць да навучання адказна, творча і з душой, можа стаць лепшым па прафесіі.

Асобна хочацца расказаць пра дні адкрытых дзвярэй. Яны карыстаюцца неверагодным поспехам сярод школьнікаў, і гэта ня­дзіўна: да іх падрыхтоўкі прыкладае руку ці не кожны навучэнец і педагог, штораз распрацоўваецца новая яркая і змястоўная праграма. Іскрынкай дзён акрытых дзвярэй, як правіла, становяцца захапляючыя прафарыентацыйныя квесты, майстар-класы і прафесійныя пробы.

Зусім нядаўна адбылася, напэўна, самая значная і хвалюючая для каледжа ўрачыстасць: выпуск­нікам уручылі дыпломы. Цёплыя словы і добрыя пажаданні героям свята выказалі шматлікія ганаровыя госці: прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама — намеснік начальніка Марына Бабашынская і начальнік аддзела прафесійнай адукацыі Сяргей Каваленка, прадстаўнікі абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі, кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства “Віцебская бройлерная птушкафабрыка “Ганна” і ўнітарнага прадпрыемства “Рудакова”, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага райвыканкама Пётр Каранковіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алег Малашкевіч, першы сакратар райкама БРСМ Канстанцін Шавякоў, дырэктар прадстаўніцтва асацыяцыі БАМАП у Віцебску Дзмітрый Рашатнёў, дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Ліпаўцы” Алег Станкевіч. Шэраг педагагічных работнікаў за вялікі асабісты ўклад у выхаванне, навучанне і прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў адзначаны граматамі, каштоўнымі падарункамі і падзякамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, райвыканкама і прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў. Падзякі раённага выканаўчага камітэта і базавых прадпрыемстваў за дасягненне высокіх вынікаў у час праходжання вытворчай практыкі атрымалі лепшыя выпускнікі. Яны ў сваю чаргу здолелі ўразіць гасцей як яркай канцэртнай праграмай, выставай арт-аб’ектаў з керамікі і кампазіцый з агародніны, так і прафесійным майстэрствам на дэманстрацыйнай пляцоўцы, дзе яны паказалі выдатны майстар-клас.

— Многія з нашых выпускнікоў вырашаюць працягнуць вучобу па спецыяльнасці ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі — і ўпэўнены, што для гэтага створаны спрыяльныя ўмовы, — падкрэсліў дырэктар каледжа. — Перад моладдзю адкрыты ўсе дарогі ў прывабнае і перспектыўнае заўтра. У каледжы кожны мае магчымасць атрымаць усё неабходнае, каб першыя кіламетры па іх былі пройдзены прафесійна, а значыць паспяхова.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам сельскагаспадарчай вытворчасці.