Прафесійнае супрацьстаянне

- 11:41World Skills

Абласны этап адбораў конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus пачаўся на Міншчыне спаборніцтвам абліцоўшчыкаў. У Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі прайшоў конкурс па прафесійнай кампетэнцыі “Абліцовачныя работы”.

Удзел у ім бралі прадстаўнікі Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя, Любанскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, Салігорскага дзяржаўнага каледжа, Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя. Канкурсантам неабходна было абліцаваць адзін квадратны метр вертыкальнай паверхні керамічнай пліткай згодна з зададзеным эскізам. На гэтае заданне было адведзена чатыры гадзіны. Журы звяртала ўвагу на тэхніку рэзкі і кладкі пліткі, на ўменне рабіць разметку пакрыцця, працаваць хутка і якасна, а таксама на важныя прафесійныя дэталі. Ацэньвалі работу эксперты-практыкі — прадстаўнікі будаўнічага ўпраўлення № 153.

Найлепш з конкурсным заданнем справіўся Андрэй Марыніч, навучэнец Салігорскага дзяржаўнага каледжа. Ён і стаў пераможцам абласнога этапу. Другое месца заняў навучэнец Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Мікалай Сямёнаў, трэцяе — навучэнец Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Дзмітрый Мілеўскі.

Андрэя Марыніча чакае новае выпрабаванне — ён будзе прадстаўляць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018.