Прафесійная падрыхтоўка са старшых класаў

На базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў абласны семінар, прысвечаны шляхам і формам арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі старшакласнікаў. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім удзельнічалі метадысты гарадскіх (раённых) вучэбна-метадычных кабінетаў, выступілі Брэсцкі абласны ІРА і аддзел па адукацыі Маларыцкага райвыканкама.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з выставай “Шчодрая талентамі родная старонка”, дзе былі прадстаўлены творчыя работы вучняў і педагогаў устаноў адукацыі і народных умельцаў Маларытчыны.

Метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра развіцця агульнай сярэдняй адукацыі на ІІ і ІІІ ступенях Брэсцкага абласнога ІРА Аляксандр Чаркасевіч акрэсліў праблемнае поле мерапрыемства. Начальнік раённага аддзела па адукацыі Таццяна Лаўрэенка расказала пра адукацыйную прастору Маларытчыны і перспектывы яе развіцця. Метадыст раённага ВМК Наталля Шульжык засяродзіла ўвагу на метадычным суправаджэнні прафесійнага развіцця настаўнікаў тэхнічнай працы.

Сёння ва ўстановах адукацыі Маларытчыны выкладаюць 17 настаўнікаў тэхнічнай працы. Для арганізацыі якаснага вывучэння гэтага прадмета набываецца сучаснае абсталяванне. У 14 установах адукацыі ў рамках працоўнага навучання для 75 дзесяцікласнікаў і 82 адзінаццацікласнікаў арганізавана прафесійная падрыхтоўка па прафесіях агароднік, садоўнік, аператар электронна-вылічальных машын, швачка і рабочы зялёнага будаўніцтва. У Олтушскай і Ланской сярэдніх школах дзейнічаюць профільныя класы аграрнай накіраванасці, дзе атрымліваюць веды 15 вучняў. Установы супрацоўнічаюць з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй і Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам.

Дырэктар Маларыцкай раённай гімназіі Алена Серада вяла гаворку пра ўмовы для развіцця творчых здольнасцей вучняў і педагогаў. Удзельнікі семінара наведалі майстар-класы, праведзеныя Васілём Сцепанюком з Лукаўскай сярэдняй школы (па лозапляценні), Леанідам Лук’янчуком з Маларыцкай раённай гімназіі (па рабоце лобзікам) і Эдуардам Засухіным з Мельніцкай базавай школы (па вырабе экслібрыса). Акрамя таго, удзельнікі семінара азнаёміліся з напрацоўкамі па развіцці творчых здольнасцей вучняў праз удзел у конкурсе даследчых работ “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”, якімі падзяліліся вучні Дарапеевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы (“Адвал для міні-трактара”), Пажэжынскай базавай школы (“Флюгер са святлодыёдным індыкатарам”) і Хаціслаўскай сярэдняй школы (“Інструменты нашых продкаў”).

Падчас семінара абмяркоўваліся розныя актуальныя пытанні. Грунтоўная размова ішла пра асноўныя шляхі і формы падрыхтоўкі старшакласнікаў, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы майстэрань. Разглядаліся пытанні, звязаныя з асаблівасцямі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні тэхнічнай працы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.