Прафесія ў спадчыну

- 11:20Адукацыйная прастора

У іерархіі школьных прадметаў сталічнай сярэдняй школы № 26 працоўнае навучанне — далёка не на апошняй прыступцы: на базе навучальнай установы дзейнічае гарадскі рэсурсны цэнтр па працоўным навучанні, працуюць улюбёныя ў прадмет настаўнікі-наватары, а школьнікі не жадаюць пакідаць вучэбныя майстэрні. Адным з тых педагогаў, які зусім нядаўна ўліўся ў прафесійную сям’ю, але пра якога калегі ўжо зараз кажуць “вока гарыць”, з’яўляецца малады настаўнік тэхнічнай працы Васіль Георгіевіч Фурсевіч.

Выпадковасць гэта або заканамернасць, але ўсе тры сыны настаўніка працоўнага навучання Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна Георгія Кліменцьевіча Фурсевіча, бацькі нашага героя, у свой час станавіліся прызёрамі Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні і лаўрэатамі спецыяльнага фонда прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. “Першым у нашай сям’і прэзідэнцкую стыпендыю атрымаў старэйшы з братоў — Юрый. Наступным па старшынстве стыпендыятам стаў я. Апошнім пераможную эстафету перахапіў малодшы брат Аляксандр”, — расказвае малады настаўнік.

Васіль Георгіевіч пайшоў па бацькавым прафесійным шляху. Спачатку набыў у Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў рабочую прафесію — сталяр. Пасля скончыў Мазырскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. Георгій Кліменцьевіч назірае за педагагічнымі поспехамі сярэдняга сына і жартаўліва заўважае: “Было ў мяне тры сыны, дык аднаму ж настаўнічаць захацелася!”

З поглядам гаспадара

Мінская школа № 26 — першае працоўнае месца маладога настаўніка. Як прызнаюцца калегі, сюды яго запрасілі адразу пасля вучобы ва ўніверсітэце, бо добра ведалі яшчэ як неаднаразовага пераможцу прадметнай алімпіяды.

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і школьны прадмет “Тэхнічная праца” — з добра ўладкаваных майстэрань. Калега Васіля Георгіевіча Валянціна Яўстаф’еўна Шарапава прыгадвае, што малады спецыяліст упершыню зайшоў у школьныя майстэрні па-гаспадарску: адразу звярнуў увагу на тое, што трэба змяніць, падрамантаваць, параіўся са старэйшымі калегамі і хутка ўзяўся за справу. Гаспадарскі рэй малады педагог вядзе і на занятках: пачынае навучанне прадмету з арганізацыі працоўнага месца. Перакананы: калі ўсе патрэбныя прылады і абсталяванне будуць на сваіх месцах, у яго вучняў і праца будзе ладзіцца.

Васіль Георгіевіч прызнаецца: спачатку настаўнічаць было складана. “Па-першае, сталічных дзяцей цяжка адарваць ад гаджэтаў, прыручыць і заахвоціць урокамі працоўнага навучання. Па-другое, я прыйшоў навічком у зладжаны калектыў, які працуе, як адзіная сям’я, таму трэба было ўлівацца, падладжвацца пад калег, тым больш што школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па працоўным навучанні, а на спецыялістаў-прадметнікаў накладваецца яшчэ больш дадатковых абавязкаў, — дзеліцца педагог. — Але самым цяжкім аказалася знайсці падыход да вучняў. Падчас вучобы ва ўніверсітэце практыка, зразумела, была, і ўсё ж яе не хапіла, каб прызвычаіцца да педагагічных будняў. Тое, што на ўрок прыходзіць малады спецыяліст, не заўсёды на руку: з аднаго боку, ты сам толькі нядаўна ўстаў з-за парты і разумееш вучняў, як ніхто іншы, а з іншага — не ведаеш, ці ўспрымуць цябе школьнікі сур’ёзна. Але я хутка набыў вопыт — штодзённа праводжу ўрокі, зараз дадаліся яшчэ і перадалімпіядныя зборы, якія праходзяць на базе нашай школы, па суботах выкладаю ў гуртку “Юныя майстры Dremel” і школе падрыхтоўкі да алімпіяды.

На тое, каб уліцца ў калектыў і пазнаёміцца з вучнямі, хапіла і трох месяцаў. Не паспеў Васіль Георгіевіч асвоіцца ў школьных майстэрнях, як кампанія Bosh прапанавала рэсурснаму цэнтру на апрабацыю новае высокатэхнічнае абсталяванне, прызначанае для ўрокаў тэхнічнай працы. У маладога спецыяліста пачаліся адкрытыя заняткі, семінары і майстар-класы з дэманстрацыяй сучасных прылад працы калегам раёна, горада і нават рэспублікі.

Творчы падыход

Малады настаўнік жыве сваім прадметам. Прызнаецца, што і хобі, якому прысвячае вольны час, паўтарае прафесію: Васіль Георгіевіч прафесійна займаецца вырабам драўляных выразных куфэркаў. У яго калекцыі ўжо шмат экзэмпляраў, яшчэ больш падорана знаёмым і сябрам. Творчасць — ключавы момант і на занятках, якія вядзе педагог.

“Пачынаю з дробязей: прыдумайце форму ручкі для драўлянай лапаткі (выраблялі ў падарунак матулі), упрыгожце выпрацаваную дэталь і г.д. Дзякуючы такому падыходу, лёгка вучыць дзяцей аналізаваць выбраны спосаб работы, прадумваць свае дзеянні наперад і адточваць дакладнасць пры апрацоўцы дрэва або металу. Вучу іх крытычна ставіцца да выніку: ацэньваю дакладнасць і акуратнасць выканання, падказваю, напрыклад, якая такая форма ручкі хутка зламаецца, а якую немагчыма будзе выпілаваць абраным інструментам”, — расказвае педагог.

Васіль Георгіевіч прыгадвае, як паўтара года назад чакаў на ўрок сваіх першых вучняў-пяцікласнікаў: прыйшлі гарэзлівыя, мітуслівыя хлопчыкі і завялі размову пра тое, што працоўнае навучанне — несур’ёзны прадмет, маўляў, паперу будзем тут рэзаць. Пасмяяўшыся, малады педагог вымушаны быў пачаць з “цяжкай артылерыі” — паказаць ім гатовыя работы, зробленыя ўласнымі рукамі — куфэркі, драўляныя цацкі, разнастайныя кухонныя прылады. “У многіх загарэліся вочы. Хлопчыкі адразу сталі прасіць, каб дазволіў і ім зрабіць нешта падобнае. Усё ж працоўнае навучанне — той прадмет, дзе перш за ўсё павінна быць жаданне творчасці”, — перакананы настаўнік.

Васіль Георгіевіч, нягледзячы на пакуль небагаты настаўніцкі вопыт, не любіць працаваць па шаблоне. Задача, якую ён перад сабой ставіць, — штодзень здзіўляць сваіх вучняў. Праграма па прадмеце “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца” дазваляе настаўніку самастойна выбіраць аб’ект працы, чым і карыстаецца малады педагог. Вырабы, якія ён прапаноўвае хлопчыкам для практычнай адпрацоўкі тэарэтычных ведаў, часцей за ўсё прыдумляе сам або падглядвае незвычайныя ідэі ў інтэрнэце. Часам працу вучні выконваюць калектыўна: кожны стварае асобную дэталь, якія пасля злучаюцца ў адзін складаны выраб. Па меркаванні Васіля Георгіевіча, такі прыём вучыць школьнікаў яшчэ большай дакладнасці ў апрацоўцы — падводзіць клас няякасна выкананай работай нікому не хочацца.

Дарэчы, у школьныя майстэрні за хлопчыкамі цягнуцца і дзяўчынкі. У планах рэсурснага цэнтра — у наступным годзе запрасіць на дадатковыя заняткі ў шосты школьны дзень і дзяўчат.

Эксперымент для пачаткоўцаў

У школе ўжо каторы год праходзіць эксперымент: настаўнікі некалькіх пачатковых класаў аддалі свае ўрокі працоўнага навучання спецыялістам рэсурснага цэнтра. На эксперымент пайшлі, каб не толькі разгрузіць педагогаў-пачаткоўцаў і вылучыць для іх вольную гадзіну, якую можна патраціць на стымулюючыя або падтрымліваючыя заняткі, але і каб больш якасна падрыхтаваць дзяцей да будучых заняткаў працай і конкурсаў тэхнічнай творчасці. У мінулым годзе Васіль Георгіевіч выкладаў працоўнае навучанне ў чацвёртакласнікаў, сёлета яны прыйшлі займацца ў майстэрні ўжо з іншым узроўнем падрыхтоўкі.

“Ніхто не будзе спрачацца: чым раней і лепш дзіця наб’е руку ў нейкім прадмеце, тым больш удалым будзе вынік. Такая пераарганізацыя вучэбнага працэсу дае магчымасць раней пазнаёміць школьнікаў з прадметам, падрыхтаваць вучняў пачатковых класаў “пад сябе”, каб у пятым класе пачынаць не з нуля”, — лічыць настаўнік.

Нягледзячы на невялікі прафесійны ўзрост, Васіль Георгіевіч ужо гадуе сваіх алімпіяднікаў. У мінулым годзе ў шасцікласніка Максіма Ждановіча заўважыў тое, што ў школьныя часы і самога педагога адрознівала ад іншых вучняў, — цвёрдую руку (а гэта вельмі важна ў тэхнічнай працы) і захапленне прадметам. Сёлета вучнёўска-педагагічны тандэм першы раз паспрабаваў узяць алімпіядную прыступку — і адразу 1-е месца ў школе і дыплом ІІІ ступені на раённым этапе. На наступны год у планах маладога настаўніка — вывесці на алімпіядны ўзровень ужо некалькі вучняў. Нягледзячы на занятасць у майстэрнях і рэсурсным цэнтры, Васіль Георгіевіч не адстае ад вучняў: у намінацыі “Мы — маладыя!” раённага этапу конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2018” В.Фурсевіч узяў дыплом ІІІ ступені.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.