Прафілактыка насілля. Педагог падзялілася вопытам правядзення заняткаў па тэме

- 13:11Новости, Психолог в школе

Сёння тэма прафілактыкі насілля стаіць вельмі востра не толькі ў адукацыйным асяроддзі, але і перад бацькамі навучэнцаў, у соцыуме ў цэлым. Асабліва актуальная гэтая тэма для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

З прычыны той ці іншай ступені парушэння іх псіхічнага развіцця, паражэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы спецыфічнымі становяцца не толькі ўспрыманне і паводзіны навучэнцаў, але і іх здольнасць адрозніваць бяспечныя паводзіны ад небяспечных (у плане адносін з навакольнымі людзьмі), адсутнасць умення своечасова прасіць дапамогі і навыку адрозніваць свае эмоцыі.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

 У Ельскай спецыяльнай школе-інтэрнаце я працую 5 гадоў. На працягу ўсяго перыяду работы неаднаразова звяртаў на сябе ўвагу той факт, што, нягледзячы на прадуманы і старанна распрацаваны план выхаваўчай работы з навучэнцамі, як бы за дужкамі застаецца работа не па прывіцці і замацаванні ў іх сацыяльна прымальных норм паводзін і самавыяўлення, а па фарміраванні ўмення выбудоўваць асабістыя межы і авалоданні навыкамі сама­абароны. Гаворка ідзе аб тлумачэнні навучэнцам такіх паняццяў, як жарт, розыгрыш, цкаванне, няўпэўненасць у сабе, барацьба за ўвагу, страх адзіноты і непрымання, цяжкая жыццёвая сітуацыя, добры чалавек не значыць зручны і інш.

З-за гэтага асноўны ўпор у выхаваўчай рабоце (разам з усім адукацыйна-выхаваўчым працэсам) некалькі апошніх гадоў раблю на практычных занятках па пашырэнні ў навучэнцаў іх адаптыўных магчымасцей і сацыяльных навыкаў, на занятках з элементамі трэнінгу, папярэдне распрацоўваючы іх у цесным кантакце з педагогам-псіхолагам нашай школы. Гэтая работа добра зарэкамендавала сябе і стала вельмі запатрабаванай для навучэнцаў з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю, паводзінскімі парушэннямі, што і падштурхнула мяне падзяліцца сваім вопытам з вамі.

Прафілактыка насілля пачынаецца з умення любога чалавека, хоць дарослага, хоць маленькага, што з асаблівасцямі ў развіцці, што без іх, чуць (разумець) сябе і іншага.

Буду рада, калі асноўная частка прапанаваных заняткаў будзе карыснай і вартай вашай увагі.

Заняткі “Насілле ці жарт?”

Мэта: фарміраванне вобраза “Я”.

Задачы:

1) прафілактыка насілля, вядзёнасці, эмацыянальных дэструкцый;

2) зніжэнне ўзроўню трывожнасці, агрэсіўнасці, псіхалагічнай інфантыльнасці;

3) прававое выхаванне;

4) развіццё эмацыянальнага інтэлекту, сацыяльнага інтэлекту, камунікатыўных навыкаў;

5) павышэнне адаптыўных здольнасцей.

У пачатку заняткаў навучэнцам прапануецца некалькі сітуацый для вызначэння таго, чым яны з’яўляюцца на самай справе, жартам ці насіллем.

Сітуацыя № 1

 У 11 класе ёсць дзяўчынка Ліда. Некаторыя вучаніцы гэтага класа лічаць яе непрывабнай, нямоднай, ім брыдка, што яна не мае адносін з хлопцамі, не згаджаецца курыць, не распаўсюджвае ні пра каго плёткі, трымаецца заўсёды ўбаку. Ліда — пастаянны аб’ект жартаў. Сёння Вера, вучаніца гэтага ж класа, выпадкова пачула, як дзяўчынкі, якія пастаянна прыстаюць да Ліды, прыдумалі і абмяркоўвалі новы розыгрыш Ліды пасля ўрокаў. І гэта будуць не толькі словы. Вера не ведае, як ёй паступіць.

Гэтая сітуацыя прапануецца не проста для абмеркавання, а для разыгрывання. Вучні сустракаюцца са сваімі адчуваннямі ў той ці іншай ролі (Вера, Ліда, аднакласніцы, іншыя аднакласнікі), выказваюць свае пачуцці, эмоцыі, настрой, жаданне неяк адрэагаваць на тое, што адбываецца (штосьці зра­біць, ска­заць).

Тут жа выяўляецца, што, як правіла, большасць камунікацый паміж людзьмі заснавана на прыніжэнні і вербальным насіллі. Так, для ўсіх навучэнцаў прывычным лічыцца мянушка Тупы ў адносінах да іх з боку аднагодкаў. Пры абмеркаванні характарыстык, якія яны закладваюць у гэтае слова, сэнс паняцця “тупы” набывае іншае значэнне. Дзеці задумваюцца аб тым, якімі іншымі словамі можна даць чалавеку зразумець, што ён не чуе цябе, што яго паводзіны выклікаюць неўразуменне ці гнеў. З дапамогай педагога навучэнцы прыходзяць да таго, што на самай справе, пазбягаючы маральнага насілля, спосабаў камунікацый адно з адным вялікае мноства і выказваць нават самыя негатыўныя свае эмоцыі можна канструктыўным спосабам.

Сітуацыя № 2

 Пеця раздражняе сваімі паводзінамі не толькі настаўніка, але і ўвесь клас. Без яўнай на тое прычыны ён можа пачаць хадзіць па класе, смяяцца, крычаць крыўдныя словы аднакласнікам, перагаворвацца з настаўнікам. Што могуць зрабіць аднакласнікі, не прымяняючы насілля?

Разыгрываем гэтую сітуацыю. З яе дапамогай вучні маюць магчымасць выявіць не павярхоўныя рэакцыі на негатыўныя паводзіны аднагодка, а з дапамогай педагога паспрабаваць вызначыць, што рухае ім. Пакінуўшы прывычныя рэакцыі ў выглядзе смеху і агрэсіі на паводзіны Пеці, навучэнцы пачынаюць разумець, што такім чынам ён спраўляецца з тым, што яму вельмі цяжка даецца навучанне, ён робіць усё магчымае для таго, каб яго выгналі з класа, пры гэтым яму хочацца быць бачным і значным, на самай справе, ён баіцца быць непрынятым і пац­вердзіць сваю вучэбную непаспяховасць. Навучэнцы прыходзяць да трансфармацыі эмоцый: негатыўныя мяняюцца на станоўчыя. Яны перастаюць рэагаваць на дэструктыўныя паво­дзіны аднагодка і знаходзяць спосабы канструктыўнага ўзаемадзеяння з ім: абазначыць Пецю яго моцныя бакі (спорт, спевы, работа па дрэве), прапанаваць дапамогу ў асваенні вучэбнага матэрыялу і г.д.

Сітуацыя № 3

 Коля сябруе з трыма хлопчыкамі. Часам яны скардзяцца, што ў іх няма грошай, а ім вельмі хочацца прысмакаў, чыпсаў і ніхто, акрамя яго, не зможа дапамагчы ім набыць іх. Коля з радасцю бярэ грошы з кашалька маці і купляе сябрам неабходнае. Маці Колі, заўважыўшы прапажу грошай, сказала яму, што гэта не сябры, і забараніла яму мець зносіны з імі. Калі Коля растлумачыў гэта хлопцам, яны былі вельмі пак­рыўджаны тым, што ён паверыў маме і засумняваўся ў іх сяброўстве. Яны ляпалі яго па плячах, смяяліся, нагадвалі, як весела яны бавяць час, паказваючы відэа і фатаграфіі ў тэлефоне, кажучы, што, акрамя іх, з ім ніхто не мае зносіны і яны ніколі яму не здрадзяць.

Навучэнцы абыгрываюць сітуацыю, у якой выяўляюць вядзёныя паводзіны Колі і маніпуляцыі ім з боку аднагодкаў. З дапамогай педагога навучэнцы вызначаюць, якія на самай справе матывы і патрэбы ў гэтых адносінах задавальняе кожны ўдзельнік сітуацыі, што насамрэч гэта за сяброўства і ці пагражае яно Колю. Які выбар разумней за ўсё зрабіць Колю.

***

Як становіцца відавочна, на самай справе прывычныя зносіны паміж падлеткамі (у тым ліку і з АПФР) — гэта зносіны на аснове вербальнай агрэсіі. І калі насільныя зносіны — гэта прывычныя зносіны, то пазбегнуць насілля становіцца практычна немагчымай задачай. Ахвярай насілля, як вядома, становіцца часцей за ўсё той, для каго выкарыстанне і прымяненне агрэсіі (эмацыянальнае, фізічнае, дамашняе насілле) — норма.

Наша задача заключаецца ў тым, каб навучыць дзяцей прымяняць агрэсію тады, калі яна цалкам абгрунтавана (сітуацыі, якія адназначна пагражаюць жыццю і здароўю), і пазбягаць яе ва ўсіх астатніх выпадках, адрозніваць уласныя эмоцыі і эмоцыі іншых, рэалізоўваць свае натуральныя патрэбы (увага, любоў, абарона, прыняцце) канструктыўнымі спосабамі.

Ксенія МАХІЯНАВА,
выхавальніца Ельскай спецыяльнай школы-інтэрната
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту