Праграмістаў, тэхнікаў па інфармацыйнай бяспецы, кузаўшчыкоў і маляроў пачынаюць рыхтаваць у віцебскіх каледжах

- 9:02Абитуриент, Образование, Приложение

Дзе рыхтуюць сучасных будаўнікоў, дрэваапрацоўшчыкаў, зваршчыкаў, ювеліраў і ткачоў, даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты». 

У Беларусі сёлета на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе адкрыта падрыхтоўка па 136 новых спецыяльнасцях. Такі крок дапаможа задаво­ліць прадпрыемствы патрэбнымі рабочымі прафесіямі.

У Індустрыяльна-педагагіч­ным каледжы (філіяле РІПА) рэалізуюцца адукацыйныя праграмы ССА на базе агульнай базавай адукацыі і агульнай сярэдняй адукацыі. Падрыхтоўка ў каледжы ажыццяўляецца як на дзённай форме атрымання адукацыі, так і завочнай. На базе як 9, так і 11 класаў ёсць бюджэтныя і платныя спецыяльнасці.

Навучанне ва ўстанове вя­дзецца па сямі спецыяльнасцях: “Тэхнічная праца і чарчэнне”, “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія зварачнай вытворчасці”, “Вытворчасць мэб­лі”, “Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў”, “Эксплуатацыя будынкаў і збудаванняў”, “Арганізацыя гасцінічных паслуг” і “Арганізацыя турыстычных паслуг”.

У гэтым годзе выпускнікоў 9-х класаў мы запрашаем на новую спецыяльнасць — “Будаўніц­тва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў і збудаванняў” з прысваеннем кваліфікацыі “спецыяліст па будаўніцтве і эксплуа­тацыі энергаэфектыўных будынкаў і збудаванняў”. Тэрмін навучання — 3 гады і 10 месяцаў. Залічваць будзем па сярэднім бале дакумента аб адукацыі, — паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі сацыяльны педагог установы Вольга Палхоўская.

Па яе словах, авалодваючы гэтай спецыяльнасцю, можна набыць яшчэ дзве прафесіі рабочых 3-га разраду: муляра, ізаліроўшчыка на тэрмаізаляцыі, мантажніка сістэм вентыляцыі, кандыцыянавання паветра, пнеўматранспарту і аспірацыі, мантажніка санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, слесара-сантэхніка.

Варта адзначыць, што ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы функцыянуе цэнтр кампетэнцый, у якім рыхтуюць рабочых і спецыялістаў па зварачных тэхналогіях. Цяжка назваць такі сегмент вытворчасці, дзе не прымянялася б праца зваршчыка. Зварачная майстэрня рэсурснага цэнтра прадстаўлена 11 зварачнымі пастамі з найноўшым абсталяваннем сусветных вытворцаў.

Да таго ж цэнтр мае і лабараторыю метадаў навучання зваркі, у якой ўсталяваны віртуальныя зварачныя трэнажоры SOLDAMATIC. Гэта паскарае працэс навучання і значна павышае яго якасць.

Усяго ж у нашай краіне працуюць 53 цэнтры кампетэнцый. Апошні з іх — цэнтр кампетэнцый “Тэхналогіі паштовай сувязі” — створаны ў лютым бягучага года ў каледжы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Каля 30 тысяч навучэнцаў штогод прахо­дзяць праз гэтыя цэнтры.

Віцебскаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму каледжу (філіялу БДТУ) у лістападзе споўніцца 40 гадоў. Сёння гэты каледж — адна з самых перадавых навучальных устаноў Віцебскай вобласці, у якой 18 спецыяльнасцямі авалодваюць больш за 1000 навучэнцаў.

Наш каледж — адзіны ў Беларусі, дзе рыхтуюць ювеліраў і ткачоў. Найбольш запатрабаванымі застаюцца прафесіі тэхніка-праграміста, тэхніка лясной гаспадаркі, сакратара-рэферэнта, юрыста, мастака-настаўніка. Аднак візітная картка ўстановы — выпускнікі і навучэнцы спецыяльнасцей “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастац­тва”. У гэтым жа годзе мы адкрываем новую спецыяль­насць, звязаную з ІТ-тэхналогіямі — “Распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў” з прысваеннем квалі­фі­кацыі “тэхніка-праграміста”. Па­добны напрамак — гэта патрабаванне рынку працы, бо пастаянна павялічваецца патрэбнасць арганізацый і ІТ-кампаній у кадрах сферы камп’ютарнага вэб-праграмавання. І спадзяёмся, набор адбудзецца, — расказала дырэктар каледжа Валянціна Юпатава.

У адпаведнасці з правіламі прыёму для атрымання ПТА на спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Мастацка-афарміцельскія работы і дызайн інтэр’ера”, “Сталярныя, паркетныя і шкляныя работы” ўступныя іспыты праводзіцца не будуць, а залічэнне адбудзецца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Каледж не стаіць на месцы, рэгулярна вядзецца работа па абнаўленні і папаўненні матэ­рыяльнай базы, а мэтанакіраваная дзейнасць педагогаў са­дзейнічае павышэнню якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыя­лістаў, актыўнаму ўдзелу вучняў у розных конкурсах і алімпіядах як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўню.

У сваю чаргу Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж сёлетніх абітурыентаў запрашае на новыя спецыяльнасці: “Тэхнічнае забеспячэнне машынабудаўнічай вытворчасці” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхніка”, “Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі” з кваліфікацыяй “тэхніка па інфармацыйнай бяспецы”, “Распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў” з кваліфіка­цыяй “тэхніка-праграміста”. А на ўзроўні ПТА пачынае набор па кваліфікацыям “кузаўшчык” і “маляр”. Усяго ж у каледжы вядзецца падрыхтоўка па 12 спецыяльнасцях ССА і 32-м ПТА. Галоўная задача педагогаў каледжа — убачыць будучага спецыяліста, сфарміраваць прафесіянала, які будзе любіць сваю прафесію.

На працягу апошніх 10 гадоў у нас ні разу не ўзнікала праблем з наборам, бо нашы прафесіі і спецыяльнасці вельмі папулярны. Мы рады, што практычна палова нашых спецыяльнасцей трапіла ў топ найбольш запатрабаваных эканомікай. Мы закрываем блок па падрыхтоўцы спецыялістаў машынабудаўнічай вытворчасці як на ўзроўні ССА, так і ПТА, — адзначыў дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін.

Нагадаем, у нашай краіне 229 каледжаў, якія ажыццяўляюць прыём як на ўзровень прафесійна-тэхнічнай, так і на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Уступная кампанія — 2023 ва ўстановы ССА і ПТА пачнецца 15 чэрвеня з прыёму дакументаў на ўзровень ПТА і працягнецца па 23 жніўня. На УССА плануюць набраць звыш 39 тысяч абітурыентаў, з іх больш за 27 тысяч — на бюджэт. На ўзровень ПТА будуць залічаны каля 26 тысяч навучэнцаў. Акцэнтуем увагу, што ў гэтым годзе выпускнікі як 9-х, так і 11-х класаў будуць залічвацца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Вольга АНТОНЕНКАВА