Праграмнае забеспячэнне — сродак эфектыўнай падрыхтоўкі і правядзення ЦТ

Якасць тэставых заданняў, методыка апрацоўкі матэрыялу і працэс шкаліравання вынікаў тэсціравання залежыць ад узроўню камп’ютарызацыі ўсіх гэтых этапаў і забеспячэння іх адпаведным праграмным прадуктам.

Так, аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі абітурыентаў на цэнтралізаваным тэсціраванні дазволіла нам не толькі наладзіць работу ў рамках “аднаго акна”, але і ажыццяўляць кіраўніцтва пунктамі рэгістрацыі і правядзення іспытаў. Гэта значна скарачае час на рэгістрацыю аднаго абітурыента і пераводзіць усю працэдуру на новы ўзровень — надзейны і аператыўны. Шмат у чым змяніўся фармат работы як арганізацыйных камісій пунктаў тэсціравання, так і супрацоўнікаў нашага інстытута, якія ажыццяўляюць суправаджэнне ўсяго працэсу тэсціравання. Адпала неабходнасць у правядзенні рознага роду аператыўных нарад, у камандзіроўках і ва ўдакладненнях праз пісьмовыя камунікацыі. Больш за тое, назіраецца эканомія фінансавых сродкаў.
Напэўна, не ўсе абітурыенты ведаюць, што падчас тэсціравання іх размеркаванне па аўдыторыях праводзіцца таксама з дапамогай камп’ютарнай праграмы. Мы маем магчымасць штогод мяняць крытэрыі, па якіх вызначаецца аўдыторыя кожнага абітурыента. Таму забраніраваць сабе месца загадзя ў апошнім радзе канкрэтнай аўдыторыі праз знаёмага арганізатара не атрымаецца. А вось на якім месцы і ў якой аўдыторыі сядзіць кожны з 52-х тысяч абітурыентаў на тэсціраванні па матэматыцы, мы ведаем дзякуючы нашай камп’ютарнай сістэме.Амаль ва ўсіх краінах, дзе тэставыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў масавым парадку, звычайна прымяняецца прынцып уніфікацыі пры камплектаванні бланкаў адказаў і тэставых заданняў. Там загадзя фарміруюцца пакеты на аднолькавую колькасць пасадачных месцаў для ўсіх удзельнікаў іспытаў. У нас жа на ўсе экзамены пад кожную з дзвюх тысяч аўдыторый рыхтуецца асобны пакет з улікам колькасці ў ёй пасадачных месцаў.
З пункту гледжання захавання канфідэнцыяльнасці тэставых матэрыялаў наша сістэма мае значную перавагу перад аналагічнымі тэхналогіямі ў іншых краінах і, акрамя таго, дазваляе больш рацыянальна выкарыстоўваць фінансавыя сродкі.
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне захоўвае інфармацыю аб кожным бланку адказаў, які дасылаецца ў пункты тэсціравання. Таму мы маем магчымасць імгненна вызначыць месца яго знаходжання (корпус пункта тэсціравання, аўдыторыю). Гэта важна не толькі для працэсу інвентарызацыі бланкаў з асаблівымі патрабаваннямі да іх уліку. Такая тэхналогія суправаджэння бланкаў выключае магчымасць злоўжыванняў і непасрэдна пры правядзенні іспытаў.
За час існавання нашага інстытута мы стварылі ўнікальны банк тэставых заданняў. Усе заданні, якія прайшлі шматразовую экспертызу ў адпаведнасці з нашым рэгламентам, размяшчаюцца ў банку на асобнай партатыўнай рабочай станцыі, якая абаронена крыптаграфічнымі сродкамі. Заўважым, што кожнае тэставае заданне захоўваецца асобна і мае свой унікальны дванаццацізначны ідэнтыфікацыйны код. Гэты код, як асабісты нумар ў нашым пашпарце, адназначна вызначае кожнае тэставае заданне. Галоўнымі ідэнтыфікатарамі з’яўляюцца сімвалы прыналежнасці пэўнага задання да канкрэтнага раздзела вучэбнай праграмы, яго тэмы.
Акрамя таго, код інфармуе аб аўтарах заданняў, часе яго перамяшчэння ў банк. Гэта значыць, што пытанне “Хто аўтар?” заўсёды мае дакладны адказ. Мы рэальна ведаем усіх распрацоўшчыкаў кожнага з некалькіх дзясяткаў тысяч заданняў.
Кадыфікацыя тэставых заданняў дазваляе камп’ютарнай сістэме нашага інстытута ў аўтаматычным рэжыме кампанаваць раўназначныя паміж сабой блокі (батарэі) тэстаў. Іншымі словамі, выбраныя выпадкова з усёй базы тэставыя заданні настолькі ідэнтычныя (падобныя, раўназначныя) паміж сабой, што ва ўсіх дзесяці варыянтах адно і тое ж тэматычнае заданне (напрыклад, А2) будзе пачынацца аднолькавымі словамі “Знайдзіце карані квадратнага ўраўнення тыпу…”, у якім далей будуць прапанаваны аднатыпныя задачы.
На наш погляд, кадыфікатар такі ж, як і Перыядычная сістэма хімічных элементаў Мендзялеева, дзе парадкавы нумар хімічнага элемента і яго месца ў табліцы залежаць ад колькасці пратонаў і электронаў у ім. У нашым банку кожнае тэставае заданне таксама мае сваю асобную ячэйку з уласцівымі толькі яму характарыстыкамі.
Самым працяглым па часе працэсам апрацоўкі бланкаў адказаў з’яўляецца так званая верыфікацыя якасці распазнавання інфармацыі пры пераводзе яе ў электронны фармат. Менавіта на гэтым тэхналагічным участку важную ролю адыгрывае спецыяльная праграма, якую распрацавалі нашы спецыялісты. Праграма “знаходзіць” і выпраўляе ўсе тэхнічныя агрэхі, якія засталіся пасля сканіравання і распазнавання інфармацыі з бланка абітурыента.
Сістэма працуе бездакорна, значна павышае якасць і павялічвае магчымасці апрацоўкі экзаменацыйных матэрыялаў.
Важным працэсам у тэхналагічным ланцужку суправаджэння цэнтралізаванага тэсціравання з’яўляецца афармленне імянных сертыфікатаў. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню і эксклюзіўнаму праграмнаму забеспячэнню тыраж 300—400 тысяч сертыфікатаў выдаецца за некалькі дзён. Самае складанае на гэтым этапе — паставіць уручную пячаткі на кожны сертыфікат. Тэарэтычна гэты працэс таксама можна аўтаматызаваць, аднак мы свядома захоўваем яго з мэтай дадатковай абароны ад магчымых спроб падробак сертыфікатаў.
Пасля завяршэння працэсу апрацоўкі тэставых матэрыялаў вынікі цэнтралізаванага тэсціравання імгненна дастаўляюцца праз сродкі мабільнай сувязі на тэлефоны абітурыентаў, а таксама размяшчаюцца на афіцыйным сайце РІКВ.
Важным этапам у тэхналагічным суправаджэнні цэнтралізаванага тэсціравання з’яўляецца падрыхтоўка статыстычных матэрыялаў і аналіз вынікаў экзамену. Калісьці мы (у парадку ўласнай ініцыятывы) зрабілі першыя спробы аналізу статыстыкі. Сёння ён запатрабаваны як кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі, так і педагагічнымі калектывамі.
РІКВ праводзіць асобна дэталёвы статыстычны аналіз асноўных псіхаметрычных характарыстык тэставых матэрыялаў на прадмет вызначэння іх надзейнасці, валіднасці, узроўню складанасці, дыферэнцыруючай здольнасці, а таксама з мэтай ацэнкі праўдападобнасці дыстрактараў, карэляцыі заданняў, варыянтаў тэста і г.д.
Аналіз і атрыманыя па яго выніках даныя выкарыстоўваюцца намі выключна для падрыхтоўкі і апрабацыі тэставых матэрыялаў, неабходных для фарміравання банка заданняў.
Сучасныя тэхналогіі актыўна прымяняюцца з мэтай захавання адсканіраваных бланкаў адказаў на электронных носьбітах. Дарэчы, зараз у электронным варыянце захавана больш за 4 млн спраў. Там знаходзяцца поўныя звесткі і пра тых, хто падчас тэсціравання атрымаў 100-бальны вынік, і пра тых, хто па выніках іспытаў мае “нуль”. У мэтах бяспекі гэты архіў прадубліраваны на некалькіх электронных носьбітах.
Зараз спецыялістамі РІКВ распрацоўваецца праграма па аптымізацыі схемы плацяжу за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні.
Плануецца, што аплаціць паслугі можна будзе, пералічыўшы грашовыя сродкі на адзіны разліковы рахунак праз сістэму адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (па-руску — ЕРИП.Заўв.рэд.) з выкарыстаннем усіх каналаў банкаўскага абслугоўвання. Гэтае новаўвядзенне цалкам аўтаматызуе ўвесь працэс па ўліку, апрацоўцы і размеркаванні фінансавых сродкаў паміж установамі адукацыі, якія з’яўляюцца пунктамі тэсціравання. Абітурыенты-плацельшчыкі пазбавяцца ад клопату афармлення рознага роду суправаджальных папер.
Аднак трэба ўлічваць і тое, што камп’ютарызацыя ўсіх этапаў цэнтралізаванага тэсціравання непажаданая. Так, пры выкананні асобных аперацый з варыянтамі тэставых заданняў (фарматаванне, пераклад на беларускую мову і інш.) неабходна выкарыстоўваць і праграмнае суправаджэнне, і ручную працу спецыяліста. Зразумела, што зроблены толькі камп’ютарным рэдактарам канчатковы варыянт тэста можа мець шмат розных недахопаў. Ёсць небяспека атрымаць не дакладны пераклад задання з адной мовы на другую, а нешта накшталт адвольнага мастацкага перакладу. Дарэчы, нядаўна нас здзівіла заўвага-недаўменне калегі: “А мы лічылі, што ўвесь працэс падрыхтоўкі і апрацоўкі тэставых матэрыялаў запускаецца адной кнопкай”.
Трэба сказаць, што кожны год пасля тэсціравання мы дыягнастуем “вузкія” месцы нашага праграмнага забеспячэння, каб у час падрыхтоўкі да наступных іспытаў зрабіць яго больш пластычным і эфектыўным.

Мікалай ФЯСЬКОЎ,
дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *