Практыка-арыентаваная геаграфія

- 15:55Рознае, Якасць адукацыі

Як зматываваць калег-настаўнікаў на плённую творчую працу? Як натхніць іх на новыя здзяйсненні? Гэтымі пытаннямі, думаю, задаецца кіраўніцтва кожнай навучальнай установы. “Толькі ўласным паспяховым прыкладам”, — адкажуць вам у сярэдняй школе № 73 Мінска, дзе і дырэктар, і яго намеснікі вынікова рыхтуюць вучняў да алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, прымаюць удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, атрымліваюць прэміі і гранты Мінгарвыканкама.

Навучэнцы намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніцы геаграфіі Вольгі Мікалаеўны Гузавай на алімпіядах рознага ўзроўню займаюць прызавыя месцы. Толькі за тры апошнія гады яна падрыхтавала 10 пераможцаў раённага, 7 гарадскога і 8 заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, 10 пераможцаў вочнага этапу інтэрнэт-алімпіяды. Сёлета ўладальнікамі дыпломаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды сталі адзінаццацікласнікі Ілья і Аляксандр Свірыдавы.

Псіхолаг, прадметнік і … чараўнік

Педагагічны стаж В.М.Гузавай складае 16 гадоў, з іх 8 гадоў — на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. “У прафесію прыйшла ўсвядомлена, але ніколі не думала, што буду выкладаць геаграфію, — прызнаецца Вольга Мікалаеўна. — Марыла стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры па прыкладзе свайго класнага кіраўніка Раісы Рыгораўны Семянюк, цудоўнага педагога, які па-майстэрску знаходзіў падыход да дзяцей і іх бацькоў, урокі якога заўсёды былі цікавымі і запамінальнымі, і рыхтавалася да паступлення на філалагічны факультэт БДУ. Але ўсё у маім жыцці змяніла алімпіяда па геаграфіі, на якую прапанавала пайсці ў 11 класе настаўніца Тамара Іванаўна Смаршчок, якая і заклала трывалы фундамент ведаў па прадмеце. Я заняла 1-е месца на раёне, а потым стала прызёрам на вобласці і рэспубліцы. Старэйшая знаёмая з маёй школы, якая вучылася на геафаку, пераканала мяне ў тым, што вучыцца там вельмі цікава. І я падумала, што заўсёды ў жыцці ўсё можна змяніць, нават калі штосьці не падабаецца. У выніку без экзаменаў паступіла на геаграфічны факультэт, і ніколькі не расчаравалася. Зараз студэнцкія гады ўспамінаю як самыя лепшыя. Вучыцца мне было лёгка і цікава”.

Свае першыя настаўніцкія крокі В.М.Гузава добра памятае. Было вельмі страшна, як, мабыць, любому пачынаючаму педагогу: новая школа, незнаёмы калектыў, гарэзлівыя дзеці. Не адразу ўсё атрымлівалася, былі моманты, калі было складана знайсці агульную мову з некаторымі навучэнцамі.

Але плячо маладому спецыялісту заўсёды падстаўляла і дапамагала ў рабоце Ірына Яўгенаўна Родзік, дырэктар школы — таленавіты педагог. Яна падтрымлівала, падказвала, накіроўвала. Дзякуючы ёй Вольга Мікалаеўна зараз разумее, што адбылася ў прафесіі.

“Настаўнік — гэта чараўнік, які можа рабіць цуды і ствараць свет, у якім хочацца проста быць, а значыць, працаваць, пазнаваць… пакуль яшчэ не позна, — гаворыць В.М.Гузава. — Лічу, што настаўніку варта быць добрым псіхолагам, бо калі ён не валодае ўзроставай дзіцячай псіхалогіяй, то наўрад ці знойдзе кантакт з дзецьмі. Усе ведаюць пра тое, што на ўроку я ўсміхаюся, бо, калі чалавек усміхаецца, да яго цягнуцца ўсе астатнія людзі, ствараецца тая спрыяльная атмасфера, у якой лёгка працаваць. Заў-сёды называю сваіх навучэнцаў па імёнах, бо, як даказана псіхолагамі, уласнае імя для чалавека — самае салодкае слова, якое ён можа чуць. Заўсёды выслухоўваю сваіх вучняў, ніколі не перапыняю, нават калі ў іх не зусім правільны адказ, — дзіця абавязкова павінна выказаць сваю думку. Імкнуся падтрымаць значнасць кожнага навучэнца. Гэта таксама немалаважна, бо ў дзяцей розная самаацэнка, часта паспяховасць залежыць ад таго, наколькі настаўнік падтрымае вучня. Некаторым дастаткова аднаго слова пахвалы, а некаторых трэба хваліць перыядычна для таго, каб дапамагчы раскрыцца, зматываваць на поспех, на вывучэнне прадмета і зрабіць сваімі саюзнікамі”.
У сваёй дзейнасці Вольга Мікалаеўна выкарыстоўвае праблемнае навучанне, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, элементы квест-тэхналогіі (настаўнік дае дакладныя ўказанні, і вучні павінны прыйсці да пэўнага выніку), праектна-даследчую дзейнасць.

Настаўніца падбірае для сваіх заняткаў цікавы, часам займальны матэрыял. Прычым падае яго на дастаткова высокім узроўні, а вось пытае ў дзяцей у залежнасці ад іх здольнасцей. Педагог імкнецца як мага больш развіваць мысліцельную дзейнасць навучэнцаў. “Гатовая інфармацыя, якая даецца дзецям, — гэта ўсяго толькі 20% запамінання, — заўважае настаўніца. — А калі дзіця, паразважаўшы, прыйшло да пэўнай высновы само, то гэта застанецца ў яго памяці”.

Неад’емны атрыбут урока В.М.Гузавай — нагляднасць. Як можна вывучаць геаграфію, абмяжоўваючыся толькі карцінкамі падручніка? Сёння магчымасці інфармацыйнай прасторы настолькі шырокія, хапае рознага матэрыялу, каб паказаць вучням тыя ці іншыя аб’екты. Так, напрыклад, гаворачы пра вадаспады, настаўніца дэманструе дзецям Анхель, Вікторыю, Ніагарскі вадаспад і інш. Вольга Мікалаеўна лічыць, што вучэбны матэрыял павінен быць даступны дзецям, а таму часам пэўныя тэмы настаўніца тлумачыць літаральна на пальцах. Як паказвае практыка, вучні іх запамінаюць лепш. Так, у 5 класе на прадмеце “Чалавек і свет” на ўрок прыносіць надзьмуты паветраны шарык, з дапамогай якога тлумачыць з’явы атмасфернага ціску і ветру.

Абавязковым у сваёй рабоце настаўніца лічыць прынцып трываласці засваення ведаў: важна, каб вучні памяталі матэрыял не толькі тут і цяпер, а ўзялі для сябе штосьці і ў далейшае жыццё. Урокі педагога заўсёды практыка-арыентаваныя. На кожных вучэбных занятках падбіраецца праблемнае пытанне ці прыклад, які дэманструе значнасць геаграфіі ў сучасным свеце. Напрыклад, у 5 класе па тэме “Уласцівасці паветра” вучні адказваюць на пытанне “Якія аконныя рамы — з двайным ці трайным шкленнем — варта выбіраць?”. Пры кожнай зручнай магчымасці педагог імкнецца выкарыстоўваць прафесійную арыентацыю. Напрыклад, праходзячы тэму “Атмасфера”, на апошнім уроку акцэнт робіцца на прафесіях і спецыялістах, якія займаюцца пытаннямі вывучэння атмасферы (метэаролагі, кліматолагі і інш.).

Для матывацыі — мультымедыятэст

Адным з прыёмаў фарміравання ў школьнікаў матывацыі да вывучэння геаграфіі, цікавасці да прадмета з’яўляецца выкарыстанне педагогам мультымедыйных тэстаў. Іх прымяненне не толькі аблягчае засваенне матэрыялу, але і прадстаўляе новыя магчымасці для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. У гэтым годзе за праект “Фарміраванне станоўчай матывацыі навучэнцаў да геаграфіі праз сістэму выкарыстання мультымедыйных тэстаў” настаўніца адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.

“Алімпіядны рух заўсёды выклікаў у мяне пэўны інтарэс, паколькі я сама з’яўляюся пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Аднак не заўсёды выступленні маіх навучэнцаў былі выніковымі. І цяжкасці ў дзяцей выклікаў перш за ўсё мультымедыйны тур. Мультымедыйны тэст спалучае ў сабе, з аднаго боку, звычайны тэст — кантрольнае заданне, накіраванае на выяўленне факту засваення дзейнасці пэўнага ўзроўню, з другога — матэрыял, здольны вызначыць кругагляд навучэнца. На экране дэманструюцца слайды, а вучні павінны вызначыць, што на іх прадстаўлена. І ўжо на працягу 4 гадоў мае вучні паспяхова выступаюць на алімпіядах”, — гаворыць Вольга Мікалаеўна.

Мультымедыятэсты выконваюць шэраг розных функцый: матывуючую (настаўнік гуляе на полі дзяцей, для якіх камп’ютар і ўсё, што з ім звязана, з’яўляецца жаданым і запатрабаваным), інфармацыйную (кожны слайд тэста нясе інфармацыю, якую вучню неабходна запомніць), ілюстратыўную, арыентуючую (навучэнцы выкарыстоўваюць канкрэтную галіну ведаў). Мультымедыйныя тэсты адрозніваюцца па мэтах, змесце, праяўленні зваротнай сувязі. Яны выкарыстоўваюцца В.М.Гузавай на розных этапах і відах заняткаў. У залежнасці ад мэты заняткаў могуць быць уводна-матывуючыя тэсты, інфармацыйнай, практычнай накіраванасці, абагульняльныя і кантрольныя. З дапамогай створаных прадуктаў навучэнцы ажыццяўляюць віртуальныя падарожжы і экскурсіі.

“Урок у 9 класе па тэме “Японія” можна пачаць словамі: “Тэма нашых заняткаў — “Японія”, і далей па плане, — каменціруе Вольга Мікалаеўна. — А можна паказаць слайд мультымедыйнага тэста, дзе навучэнцам прапанаваць выступіць у ролі аўтамабільных экспертаў і суаднесці аўтамабільныя маркі з краінамі-вытворцамі. А наступным можа быць слайд, дзе прадстаўлены такія аўтамабілі, як Toyota, Nissan, Honda, Lexus, а за ім будзе пытанне “Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя аўтамабілі?”. Безумоўна, такі пачатак урока выкліча большую цікавасць у навучэнцаў, настроіць на станоўчае ўспрыманне матэрыялу.

Пры вывучэнні ў 10 класе тэмы “Вытворчасць харчовых прадуктаў” тлумачэнне новага матэрыялу настаўніца суправаджае дэманстрацыяй брэндавых лагатыпаў. Напрыканцы заняткаў з дапамогай абагульняльнага мультымедыйнага тэста праводзіцца замацаванне вывучанага.

Сёння Вольга Мікалаеўна выкарыстоўвае мультымедыйныя тэсты не толькі на вучэбных занятках па геаграфіі, а і ў пазаўрочнай дзейнасці. Яны пакладзены ў аснову турніраў, гульняў, конкурсаў. Прыкладам такіх мерапрыемстваў з’яўляюцца “Геаграфічны аўкцыён”, “Свая гульня” і інш.

В.М.Гузавай сабраны банк даных матэрыялаў, мультымедыйных тэстаў па розных раздзелах геаграфіі: “Геалогія і рэльеф Зямлі”, “Раслінны свет Зямлі”, “Вобласці і гарады Беларусі”, “Віды эканамічнай дзейнасці” і інш. Банк мультымедыйных тэстаў пастаянна папаўняецца. Часта да работы падключаюцца і самі школьнікі.

Вучням вельмі падабаецца выконваць мультымедыятэсты. Напрыканцы года настаўніца звычайна праводзіць апытанне, каб даведацца, якія формы і метады работы даспадобы дзецям і што ўзяць на ўзбраенне на наступны год. Каля 80% дзяцей адказваюць, што на ўроках трэба больш выкарыстоўваць мультымедыйных тэстаў. А калі гэта падабаецца вучням, прыносіць вынік, то трэба далей працаваць у гэтым напрамку, — лічыць педагог.

У алімпіядным руху

Работу па падрыхтоўцы навучэнцаў да прадметнай алімпіяды В.М.Гузава пачынае з 5—6 класа. У ёй можна выдзеліць некалькі этапаў. На пачатковым этапе адбываецца адбор здольных школьнікаў па выніках актыўнасці іх удзелу ў вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці па прадмеце, шляхам індывідуальных гутарак, падчас якіх настаўніца звяртае ўвагу дзяцей на сучасны характар геаграфічнай адукацыі, яе запатрабаванасць, малюе перспектывы ўдзелу ў алімпіядным руху і г.д. Крытэрыямі адбору з’яўляюцца высокая матывацыя, разумовыя здольнасці (добрая памяць, уменне лагічна мысліць), высокая працаздольнасць, імкненне да самаадукацыі.

На другім этапе адбываецца фарміраванне рознаўзроставай групы па падрыхтоўцы да алімпіяды, арганізацыя і правядзенне стымулюючых заняткаў з улікам трываласці тэарэтычнай базы, накіраваных на яе паглыбленне і ўдасканаленне. Заняткі праходзяць заўсёды за круглым сталом, што, па перакананні Вольгі Мікалаеўны, з’яўляецца найбольш эфектыўнай формай заняткаў, бо адбываецца інфармацыйны і энергетычны абмен удзельнікаў групы, што дае станоўчы вынік. Работа пачынаецца з засваення пэўнай базавай інфармацыі па прадмеце. Тэматыка заняткаў прадстаўляецца адразу адзіным лагічным блокам, які потым прапрацоўваецца на асобных занятках: адбываецца так званае пагружэнне ў тэму. Прычым тэма не падзяляецца на ўзроўні малодшых і старэйшых, а тлумачыцца ў поўным аб’ёме на паглыбленым узроўні. Гэта дазваляе, на думку В.М.Гузавай, фарміраваць адразу добрую базу ведаў для дзяцей 6—8 класаў, а старшакласнікам стварае ўмовы паўтарэння і замацавання матэрыялу, што ўплывае на якасць тэарэтычных ведаў.

— У залежнасці ад таго, які ўзровень дзяцей і наколькі вялікая ў іх унутраная матывацыя, будуецца работа, — заўважае педагог. — Калі ўнутраная матывацыя невысокая і пераважае знешняя, то тут вялікая роля належыць настаўніку. Неабходна пастаянна выдаваць порцыямі матэрыял і мэтанакіравана “карміць” ім вучня.

Важным складнікам кожных заняткаў з’яўляецца выкананне мультымедыйнага тэста. Менавіта на гэтым этапе могуць быць паспяховымі ўсе вучні, паколькі зрокавая памяць і кругагляд розныя.

Настаўніца прапаноўвае дзецям заданні на лета. З верасня заняткі праводзяцца два разы на тыдзень па дзве гадзіны. Некалькі тыдняў непасрэдна перад алімпіядай яны працягваюцца 3—4 гадзіны ў дзень. Апошні тыдзень перад трэцім і заключным этапам рэспубліканскай алімпіяды школьнікі займаюцца па 6 гадзін у дзень.

На завяршальным этапе асаблівая ўвага ўдзяляецца псіхалагічнай падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядным руху. Настаўніца імкнецца сфарміраваць псіхалогію пераможцы, усяляе ўпэўненасць, дае парады па выкананні алімпіядных заданняў. Выхаванцы В.М.Гузавай, пераможцы рэспубліканскай алімпіяды гэтага года, ужо сталі студэнтамі геафака БДУ, але ім падрастае дастойная змена. Сённяшнія шасцікласнікі пачалі ўдзельнічаць у інтэрнэт-алімпіядах па геаграфіі. Можна не сумнявацца, што паспяховасці навучэнцаў будзе садзейнічаць і адкрыццё профільнага 10 класа, дзе адным з прадметаў, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, стане геаграфія.

***

Гавораць, што чым больш чалавек аддае, тым яго жыццё становіцца ярчэйшым і багацейшым. Гэтае меркаванне ў поўнай ступені адлюстроўвае жыццёвую ўстаноўку В.М.Гузавай, таму жыццё яе насычанае і цікавае і па-за межамі школы. Сямейнае хобі настаўніцы — падарожжы. Па магчымасці кожны год Вольга Мікалаеўна падарожнічае. Летась яна пабывала ў Грэцыі, раскрыла прыгажосць гэтай краіны. Вялікае задавальненне педагогу прыносіць чытанне літаратуры і кулінарыя. Любімыя заняткі і сям’я даюць новыя сілы і энергію для работы з дзецьмі, з бацькамі, з калегамі, для творчасці і натхнення.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.