Прастора адкрытых магчымасцей

- 10:50Нам пішуць

На базе Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна адбыўся вучэбны семінар-практыкум “Лідар 24/7. Прастора адкрытых магчымасцей”.

Удзельнікамі семінара сталі педагогі-арганізатары ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці і члены абласнога савета старшакласнікаў.

Адкрываючы семінар, загадчык аддзела па працы з дзіцячымі і маладёжнымі арганізацыямі, аб’яднаннямі абласнога Палаца творчасці Уладзімір Александронец адзначыў, што сёння актуальнай і перспектыўнай у працы з дзецьмі і моладдзю з’яўляецца канцэпцыя чатырох К: камунікацыя, кааперацыя, крэатыўнасць і крытычнае мысленне. Педагогам важна стварыць умовы для развіцця гэтых навыкаў, сфарміраваць адпаведныя прасторы адкрытых магчымасцей для маладых лідараў.

Прысутныя пазнаёміліся з вопытам Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці па працы з лідарамі дзіцячага і маладёжнага руху, развіцця і стымулявання маладзёжных ініцыятыў у раёне. Аб заснаванні, цікавых формах і метадах работы, дзейнасці цэнтра маладзёжных ініцыятыў расказалі дырэктар Ірына Зыблева і метадыст Ірына Камарова, члены Буда-Кашалёўскага раённага савета старшакласнікаў.

Далей удзельнікам семінара было прапанавана папрацаваць разам па тэхналогіі Open Space: кожны меў магчымасць заявіць пра цікавую для яго праблему і ідэю і абмеркаваць іх. Вынікам работы ў рамках “Адкрытай прасторы” сталі актуальныя маладзёжныя праекты і ініцыятывы.

У рамках рэалізацыі абласнога асветніцкага праекта “Беларускі рэнесанс” удзельнікам семінара была прапанавана работа на тэматычнай пляцоўцы Maker Space. Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў цэнтра дзіцячай творчасці кожны меў магчымасць папрацаваць у тэхніках выцінанкі, валення з воўны і саломапляцення і стварыць свой навагодні сувенір з нацыянальным каларытам.

Наталля ЛУТЧАНКА.