Працаваць па патрэбах часу

Галоўныя кірункі работы сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці — гэта павышэнне якасці адукацыі, удасканаленне выхаваўчай работы, аптымізацыя расходаў, умацаванне матэрыяльнай базы, — лічыць начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін.

— Навучэнцы Гродзенскай вобласці з году ў год дэманструюць высокія вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах: у гэтым годзе заваявана 94 дыпломы, і гэта другі вынік пасля Мінска. У алімпіядным руху ёсць навучальныя ўстановы-лідары, якія стабільна паказваюць высокія вынікі. У той жа час нас трывожыць тое, што некаторыя гімназіі не дэманструюць добрых вынікаў, іх навучэнцы не падымаюцца вышэй абласнога ўзроўню. І тут, безумоўна, ёсць рэзервы. Некалькі гадоў запар выпускнікі нашых школ паказвалі лепшы ў рэспубліцы паказчык па выніковай атэстацыі. Спадзяёмся, што нам удасца захаваць лідзіруючую пазіцыю, бо вынікі цяперашняй выпускной кампаніі сведчаць пра тое, што паказчык колькасці навучэнцаў, якія здалі экзамены на дастатковым і высокім узроўні, вышэйшы, чым у мінулым годзе. У новым навучальным годзе павышаная ўвага будзе ўдзяляцца пытанням супрацоўніцтва навучальных устаноў з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, у тым ліку па падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядах і навукова-даследчай дзейнасці настаўнікаў і навучэнцаў.

За апошнія гады ў дашкольных установах адукацыі Гродзенскай вобласці створана звыш тысячы дадатковых месцаў. Гэта адбылося за кошт будаўніцтва новых устаноў, а таксама дзякуючы рэканструкцыі існуючых плошчаў, вываду першых класаў, адкрыцця груп на базе іншых устаноў адукацыі. У канцы лета плануецца адкрыццё ясляў-сада на 130 месцаў з басейнам у Міры Карэліцкага раёна. Акрамя пытання крокавай даступнасці, ёсць яшчэ адзін праблемны момант, які патрабуе вырашэння: спецыялізаваную падрыхтоўку маюць 58,7 % выхавальнікаў дзіцячых устаноў. Іх адукацыйны ўзровень можна павысіць у Інстытуце развіцця адукацыі, а таксама ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ГрДУ. Адзін з крокаў на шляху вырашэння гэтага пытання ўжо зроблены: павялічана колькасць бюджэтных месцаў на педагагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэтым годзе мы падвялі вынікі выканання Комплекснай праграмы выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Гродзенскай вобласці на 2012—2015 гады. Рэалізацыя праграмы дазволіла забяспечыць сістэмнасць і пераемнасць на ўсіх узроўнях выхаваўчай работы — ад дашкольнай установы да ўстановы прафесійнай адукацыі. Найбольш выніковай прызнана выхаваўчая прастора Слонімскага, Гродзенскага, Лідскага, Навагрудскага, Дзятлаўскага, Ваўкавыскага райвыканкамаў. Зацверджана новая праграма на 2016—2020 гады.

Укаранёны новыя мадэлі арганізацыі вольнага часу навучэнцаў: 110 устаноў адукацыі працуюць па мадэлі “Школа — цэнтр вольнага часу”, 67 — па мадэлі “Грамадска актыўная школа”. Падтрымана каля 900 маладзёжных ініцыятыў.

Новаўвядзеннем гэтага года стала рэалізацыя некалькіх новых кірункаў работы, мэта якіх — ахапіць як мага большую колькасць дзяцей летнім аздараўленнем і карысна арганізаваць іх вольны час на працягу ўсяго лета. На сайце кожнай установы адукацыі размешчаны графік работы аздараўленчых комплексаў — басейнаў, стадыёнаў, трэнажорных зал, паслугі якіх могуць скарыстаць усе жадаючыя. Асаблівую ўвагу ўдзяляем сямейнаму адпачынку.

У летні перыяд 2016 года запланавана аздаравіць амаль 44 тысячы дзяцей. Профільныя лагеры адкрыліся ўпершыню на базе Лідскага і Смаргонскага пагранічных атрадаў. Павялічана да 114 колькасць лагераў працы і адпачынку, у якіх пабывалі 1900 дзяцей. Асаблівасцю гэтага сезона з’яўляецца дадатковае адкрыццё 33 лагераў на базе ўстаноў адукацыі, размешчаных у маляўнічых месцах. У такіх лагерах аздароўлена звыш 1000 дзяцей. Пуцёўкі ў гэтыя лагеры набываюцца за бацькоўскія і спонсарскія сродкі.

Вопыт арганізацыі кругласутачных лагераў у школах будзе асэнсаваны для далейшага развіцця і ўдасканалення летняга аздараўлення дзяцей, каб кожнае дзіця, незалежна ад месца пражывання і сацыяльнага становішча, магло летам адпачыць з карысцю.

Гаворачы пра летнюю кампанію, не магу не звярнуць увагу на тое, што ў гэтым сезоне сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пераарыентавана на бесперабойную работу.

З прычыны таго, што бюджэтнага фінансавання недастаткова для стапрацэнтнага задавальнення патрэб устаноў адукацыі, мы актыўна вядзём работу па прыцягненні дадатковых сродкаў з усіх магчымых крыніц. Асаблівая ўвага цяпер удзяляецца распрацоўцы праектаў, пошуку патэнцыяльных партнёраў у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна 2014—2020” і “Латвія — Літва — Беларусь 2014—2020”. У цяперашні час вызначаны патэнцыяльныя партнёры для рэалізацыі 13 праектаў. У рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі з 2016 года рэалізоўваецца праект на суму больш за 400 тысяч долараў, накіраваны на павышэнне энергаэфектыўнасці дзвюх дашкольных устаноў у Гродне і Ашмянах, які фінансуецца ЕС і рэалізоўваецца ПРААН, а таксама праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” на суму больш за 10 млн долараў, выдзеленых Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. У рамках гэтага праекта плануецца капітальна адрамантаваць установы адукацыі Воранаўскага, Ашмянскага, Астравецкага, Шчучынскага, Іўеўскага, Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, а таксама набыць сучаснае абсталяванне ў кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі і інфарматыкі.

Усе планы грунтуюцца на адказнасці іх выканаўцаў. Педагогі Гродзеншчыны ўсведамляюць адказнасць сваёй місіі — выхаваць і навучыць дастойнага грамадзяніна сваёй краіны. А працаваць мае калегі ўмеюць.

Запісала
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.