Праваслаўны інтэлектуальны “Фавор”

- 12:22Нам пішуць

У Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў першы гарадскі праваслаўны турнір “Фавор” гульні “Што? Дзе? Калі?”. Ініцыятарам правядзення інтэлектуальнага спаборніцтва выступіў протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі, настаяцель мясцовага храма, кандыдат багаслоўскіх навук. Арганізаваў мерапрыемства настаўнік гімназіі Леанід Лук’янчук. Ён займаецца гульнямі “Што? Дзе? Калі?” на Маларытчыне ўжо не адзін год. Каманды юных знаўцаў, якія ён трэніруе, не раз займалі першыя прыступкі і станавіліся прызёрамі конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку і міжнародных. 

Першы інтэлектуальны турнір “Фавор” сабраў 5 каманд школьнікаў з гарадскіх устаноў адукацыі. Вучням былі прапанаваны 36 пытанняў, на абмеркаванне кожнага з якіх адводзілася адна хвіліна. Трэба адзначыць, што пытанні рознай цяжкасці праваслаўнай і агульнахрысціянскай накіраванасці для спаборніцтва прыдумаў Леанід Лук’янчук. Ён жа турнір і правёў.

Больш за ўсё балаў набрала каманда “Джэнтльмены ўдачы” з гімназіі ў складзе васьмікласнікаў Яўгена Карпука, Рамана Завадскага, Антона Надзежука, Івана Буглака і Рэната Ібрагімава, а таксама сямікласніка Уладзіслава Шульжыка. На 2-м месцы аказаліся юныя знаўцы з “Часу забаў”, якія таксама прадстаўлялі гімназію. На 3-м месцы — “Міратворцы” з сярэдняй школы № 2 Маларыты.

Усе ўдзельнікі турніру атрымалі падарункі ад протаіерэя Віктара Паляцілы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.